У Белдзяржфілармоніі прайшло гарадское святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У сістэме адукацыі Мінска працуе каля 50 тыс. чалавек, з іх больш за 31 тыс. педагогаў. Гэта творчыя, адданыя сваёй справе людзі. Яны віртуозна праводзяць вучэбныя заняткі, паспяхова рыхтуюць пераможцаў разнастайных алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў. Займаюцца пазакласнай работай, арганізуюць пошукавую і даследчую дзейнасць, валанцёрскі рух. Дзякуючы ім сталічная сістэма адукацыі займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне.
Па словах старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэя Стрыгельскага, педагог — прафесія далёкага дзеяння. Штодзённай працай настаўнікі фарміруюць будучыню Беларусі.
Узнагароды да прафесійнага свята атрымалі 25 лепшых педагогаў Мінска.
— Роля школы важная. Настаўнік — гэта чалавек, які шмат чаго робіць для малышоў, якія прыйшлі ў 1-ы клас, каб яны, пасталеўшы, атрымалі веды, сталі разбірацца ў жыцці, былі патрыётамі і сталі апорай для сваёй Радзімы, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Вашы дабрыня, уменні, навыкі, чалавечнасць перадаюцца вучням. Паглыбляючыся ў прадмет, вашы выхаванцы выбіраюць і сваё прафесійнае прызванне.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец уручыў 5 педагогам нагрудны знак ведамства «Выдатнік адукацыі». Ён паабяцаў сталічным педагогам рабіць усё магчымае, каб праца настаўніка была па-сапраўднаму каштоўнай у нашым грамадстве, а прэстыж прафесіі толькі ўзрастаў.
— Сёння значнасць ролі педагога істотна ўзрастае. Мы бачым, наколькі зараз неспакойны свет, наколькі сур’ёзныя выклікі паўстаюць перад нашай краінай і наколькі гэта павышае нашу адказнасць у місіі выхавання падрастаючага пакалення і будучых грамадзян нашай краіны. Напярэдадні свята кажу шчырыя словы падзякі, простае дзякуй кожнаму з вас, хто ўносіць уклад у моладзь, — звярнуўся да педагогаў А. Іванец.
У ліку ўзнагароджаных нагрудным знакам — дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа сэрвісу і тэхналогій Ілона Чак. 35 гадоў яна працуе ў сістэме прафесійнай адукацыі.
— Наша моладзь павінна мець магчымасць атрымліваць адукацыю ў роднай краіне, працаваць на яе карысць, рэалізоўваць сябе ў выбранай прафесіі. Для гэтага патрэбны мы, педагогі, якія дапамогуць, падштурхнуць, настрояць навучэнцаў, — мяркуе педагог.
Святочным падарункам для настаўнікаў стаў канцэрт з удзелам заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Жанет, Аляксандра Саладухі і лепшых творчых калектываў устаноў адукацыі Мінска.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена Мінскай гарадской арганізацыяй прафсаюза





