Шосты школьны дзень. Шосты конкурс. Шэсць намінацый. Толькі-толькі адгучалі фанфары ў гонар пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, які на працягу двух дзён праходзіў на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У творчую барацьбу за тытул пераможцы ўступіла 21 каманда — пераможцы рэгіянальных і мінскага гарадскога тураў. Лепшымі сталі 9 з іх.
Свае творчыя праекты фіналісты прадставілі на суд журы і гледачоў у шасці намінацыях: “Здароўе — гэта здорава!”, “Лепшая ідэя школьнай бізнес-кампаніі”, “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення”, “Гадуем патрыётаў Беларусі”, “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня”, “Лепшы інавацыйны праект”.
У намінацыі “Здароўе — гэта здорава!” пераможцай стала Ірына Анатольеўна Мазанік, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 121 Мінска, з праектам “Укараненне мадэлі самаахоўных паводзін для фарміравання здароўезберагальных каштоўнасных арыентацый сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Першамайскага раёна з дапамогай валанцёрскай дзейнасці ў шосты школьны дзень”.
У намінацыі “Лепшая ідэя школьнай бізнес-кампаніі” перамогу атрымаў аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Алены Эдвардаўны Варанішча, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, за праект “Выберы будучыню сёння”.
Ала Міхайлаўна Мільман, настаўнік-метадыст гімназіі № 8 Віцебска, перамагла ў намінацыі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення” са сваім праектам “Крок у навуку — крок у прафесію”.
У намінацыі “Гадуем патрыётаў” лепшай была прызнана Ганна Сяргееўна Нікалайчык, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 14 Мазыра Гомельскай вобласці, з праектам “Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму ў межах дзейнасці міні-музея дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь”.
У намінацыі “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня” перамаглі адразу два праекты: сацыяльна-педагагічны праект “Горад — дарог” (аўтар Таццяна Мікалаеўна Тукай, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 19 Баранавіч Брэсцкай вобласці) і праект “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі” (аўтар Уладлена Сцяпанаўна Ярмольчык, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 9 Бабруйска Магілёўскай вобласці).
У намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” таксама два пераможцы: Эдуард Міхайлавіч Санкевіч, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 217 Мінска, з праектам “Фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін вучняў праз дзейнасць клуба “Сямейная акадэмія дарожнай бяспекі” ў рамках адукацыйнага працэсу ў шосты школьны дзень” і аўтарскі калектыў сярэдняй школы № 33 Магілёва ў асобах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяны Васільеўны Каштанавай і настаўніцы Алены Пятроўны Маркавай з праектам “Субота — творчая майстэрня сямейнага вольнага часу”.
Гран-пры атрымаў аўтарскі калектыў дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы Гродзенскай вобласці за праект “Цыкл аўтарскіх субот “Спадчына” ў намінацыі “Гадуем патрыётаў Беларусі”.
Віншуем пераможцаў! А падрабязней пра іх творчыя знаходкі чытайце ў дадатку “Шосты дзень”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.