Выхавальніца Жанна Арцюх з дзіцячага сада № 4 Пінскага раёна ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” адзначыла, што праектная дзейнасць — адзін з эфектыўных метадаў развіццёвага навучання і самаадукацыі.

— Ён дазваляе авалодаць многімі карыснымі навыкамі: арганізоўваць уласную работу, знаходзіць і апрацоўваць неабходную інфармацыю, вызначаць праблему, праводзіць эксперымент, аналізаваць атрыманыя вынікі, — гаворыць выхавальніца. — Работа над праектам аб’ядноўвае педагогаў, дзяцей і бацькоў, вучыць працаваць у камандзе, развівае крэатыўнасць і лагічнае мысленне.
За некалькі апошніх гадоў Жанна Арцюх з колішняй калегай Настассяй Тарэлка рэалізавала праекты “Другое жыццё пластыку” і “Чароўныя абрэзкі”. Самае складанае — выбраць цікавую тэму і падрыхтавацца да работы. Збіраць арыгінальныя ідэі педагогам дапамагае шкатулка чамучкі, усталяваная ў групе.
Пасля выбару тэмы прадумваецца структура праекта, вызначаюцца яго мэты, крыніцы інфармацыі і метады работы, абгрунтоўваецца актуальнасць даследавання.
— Эфектыўнасць рэалізацыі праектнай дзейнасці і пастаўленых задач залежыць ад зместу развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя, — працягвае педагог. — Без дапамогі бацькоў у гэтым не абысціся. Актыўна далучаем іх да сумеснай работы.
На тэматычных занятках “У свеце пластмасы”, “Кінем разумны позірк на смецце”, “Свет тканіны” і “У госці да швачкі Лісічкі” Жанна Арцюх фарміруе ўяўленні аб прадметах, вырабленых рукамі з розных відаў тканін, і іх уласцівасцях, аб пластмасе. Педагог знаёміць выхаванцаў з гісторыяй з’яўлення пластыкавага посуду і экалагічнымі праблемамі, якія ўзнікаюць пры яго выкарыстанні. Дзеці даведваюцца, з чаго пашыта адзенне, разважаюць над тым, як вырашаць экалагічныя праблемы, вывучаюць прафесіі, звязаныя з вытворчасцю адзення і пластмасавых вырабаў. Акрамя адпаведных ведаў, гэта дапамагае ім навучыцца слухаць, разважаць, дзяліцца ўласным вопытам.
Асабліва падабаецца дашкольнікам доследна-эксперыментальная дзейнасць (“Лёгкі — цяжкі, цвёрды — мяккі”, “Патанае — не патанае”, “Мяккае — цвёрдае”, “Што атрымаецца, калі накласці два розныя колеры тканіны”, “Што лепш — папера ці тканіна?”). Дзеці разглядваюць і вывучаюць калекцыі тканін, з якіх шыецца адзенне.
— Падчас доследаў і эксперыментаў выхаванцы лічаць і параўноўваюць, вызначаюць форму і памер, — расказвае Жанна Арцюх. — Гэта дазваляе задаволіць іх цікаўнасць. Малышы самі ці з дапамогай педагогаў шукаюць адказы на пытанні “Чаму?” і “Што будзе, калі…”.
Дзецям запомніліся тэматычная прагулка да месца сарціроўкі смецця і экскурсія ў пральню, дзе яны не толькі азнаёміліся з правіламі раздзельнага збору адходаў і спосабамі догляду вырабаў з тканіны, але і паразважалі над тым, ад чаго залежыць стан навакольнага асяроддзя, як доўга праслужаць рэчы і як на гэта можна паўплываць.
— Дзіцячае эксперыментаванне цесна звязана з мастацкай творчасцю, — заўважае Жанна Арцюх. — Чым глыбей дзеці вывучаюць уласцівасці пластыку і тканін, тым ім прасцей і цікавей займацца выяўленчай дзейнасцю. Выхаванцы вучацца маляваць на тканіне, упрыгожваць сілуэты адзення абрэзкамі, ствараюць узоры ў самастойнай мастацкай рабоце з кніжкамі-размалёўкамі “Адзенне” і “Чысты горад, сяло”, канструююць з пластыкавых накрывак (“Выкладзі ўзор па схеме”), разам з выхавальнікамі ўпрыгожваюць альтанкі незвычайнымі кветкамі.
Арганізоўваючы гульні, педагогі не толькі знаёмяць дашкольнікаў з уласцівасцямі пластмасы і тканіны, але і замацоўваюць у іх элементарныя ўяўленні пра форму, велічыню і колер, развіваюць дробную маторыку. Дзеці любяць дыдактычныя гульні “Чым падобны гэтыя прадметы”, “Дакраніся да…”, “Здагадайся”, “Знайдзі латку” і “Тканінныя пазлы”, гульню-эстафету “Сарціроўшчыкі” і сюжэтна-ролевыя гульні “Атэлье” і “Паказ мод”.
Работа з бацькамі будуецца праз анкетаванне “Пластык у нашым жыцці” і кансультацыі “Сарціроўка смецця. Навошта гэта трэба?”, “Падзяліся сваім меркаваннем”, “Знаёмства са сваімі дзіцячымі рэчамі”, “Беражлівыя адносіны да…”.
— Працуючы над праектам, прадметна-развіццёвае асяроддзе групы папаўняецца новымі матэрыяламі, што падтрымлівае даследчую цікавасць у дзяцей і дазваляе ім зноў праводзіць доследы, пераконвацца ў сваіх уяўленнях, — гаворыць педагог. — Вынікам праектнай дзейнасці сталі выставы “Другое жыццё пластыку” і “Умелыя ручкі”. Такая работа карысная і для дзяцей, і для бацькоў, і для педагогаў, якія становяцца партнёрамі ў вырашэнні агульных задач. А спазнанне свету малымі чамучкамі становіцца нясумным і ненавязлівым.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі





