Школа будуецца кругласутачна

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Кожны дзень на пляцоўцы ў мікрараёне Хутар, дзе ў Гомелі будуецца новая школа, растуць паверхі, адначасова ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей трымае гэтую будоўлю пад сваім пільным кантролем. Прынамсі, менавіта тут ён правёў планёрку.

Генеральны дырэктар падраднай арганізацыі — будаўнічага трэста № 14 — Станіслаў Сільчанка гаворыць, што ёсць упэўненасць у фінансаванні аб’екта. Калі і далей праца ўсіх суб’ектаў бу­дзе зладжанай і адказнай, у верасні першы званок пакліча сотні хлопчыкаў і дзяўчынак на ўрокі. На ўсе работы засталося два з паловай летнія месяцы. Гэта па-сапраўднаму гарачы час для будаўнікоў і ўсіх, хто мае дачыненне да своечасовага ўзвядзення важнага сацыяльнага аб’екта. Самым складаным Станіслаў Сільчанка называе будаўніцтва блока № 4 новай школы:

— Гэты блок ва ўдзельнай вазе вартасці аб’екта займае амаль 40%. Ён уключае дзве чашы басейна, абсталяванне для водападрыхтоўкі, сталовую, спартыўную і актавую залы. Мы да яго прыступілі крыху пазней, бо забівалі палі пад басейн. Сёння ўся ўвага — яму.

Дзякуючы выкарыстанню
сучасных тэхналогій, школу атрым­ліваецца ўзводзіць хуткімі тэмпамі. Увогуле, на аб’екце ў кругласутачным рэжыме працуюць больш як 420 чалавек. Да таго ж цяпер у работы актыўна ўключылася моладзь.

На будаўніцтве школы ў 96-м мікрараёне Гомеля пачаў працаваць студэнцкі будаўнічы атрад. Да канца чэрвеня работы будуць выконваць навучэнцы дарожна-будаўнічага каледжа, потым іх зменіць атрад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Інструктаж па тэхніцы бяспекі і выдача касак — абавязковы і нефармальны рытуал. Пасля яго можна прыступаць да працы. Для некаторых байцоў, як для камандзіра студэнцкага атрада “Будаўнік” імя Героя Савецкага Саюза К.Мазурава Максіма Сцепаненкі, на гэтым аб’екце ўжо многае знаёма. Напярэдадні ён з сябрамі праходзіў тут вытворчую практыку:

— Я тут многаму навучыўся, дадаткова многа розных спецыяльнасцей асвоіў. У тым ліку навучыўся выконваць работы цяслярныя, мантажныя, бетонныя…

Зараз на будаўніцтве школы ў 96-м мікрараёне Гомеля завяршаюцца асноўныя вонкавыя работы, ідзе падрыхтоўка да ўзвя­дзення даху з адначасовым уцяпленнем сцен. Дзе ўжо магчыма — вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі і будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.