Школа добрых спраў

- 10:09Дадатковая адукацыя

Школа валанцёраў адкрылася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Яна заклікана аб’яднаць дзяцей, якія гатовы жыць не толькі для сябе і рабіць добрыя справы.

У дзень адкрыцця школы валанцёра ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прыехалі навучэнцы з усіх школ Салігорскага раёна. Арганізатары пастараліся, каб кожны змог зразумець, што такое валанцёрства і якое значэнне мае гэтая з’ява. У цэнтры працавалі разнастайныя тэматычныя пляцоўкі. На адной з іх дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне, падчас якой знаёміліся з гісторыяй валанцёрства, на другой маглі пагутарыць з педагогам-псіхолагам, на трэцяй — стаць удзельнікамі акцыі “Чай-чай, сагравай”. Былі арганізаваны і забаўляльныя пляцоўкі — з гульнямі і ўрокамі макіяжу.

“Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў” дазволіў усвядоміць, як многа кірункаў валанцёрскай дзейнасці існуе. Удзельнікам прэзентавалі сацыяльнае патранаванне дзіцячых прытулкаў і пажылых людзей, экалагічную абарону наваколля, творчыя і забаўляльныя кірункі, экскурсійную і рамесніцкую дзейнасць, медыяваланцёрства. Кожны мог выбраць справу па душы.

Моладзь Салігорска актыўна ўключаецца ў добрыя валанцёрскія справы. Сваю работу на мерапрыемстве прэзентавалі валанцёрскія атрады гарадскіх школ і гімназій. Так, валанцёры гімназіі № 1 працуюць з дзецьмі-інвалідамі ў сумесным тэатральным праекце, навучэнцы гімназіі № 2 сталі валанцёрамі атрада Чырвонага Крыжа па аказанні першай дапамогі, у школе № 5 найбольш актыўна развіваюцца цімураўскія атрады, у сярэдняй школе № 10 працуе раённы кабінет па прафілактыцы ВІЧ.

Школа валанцёраў будзе раз на месяц збіраць усіх жадаючых, а таксама актыўных валанцёраў горада на базе адной з устаноў адукацыі раёна, дзе навучэнцы будуць абменьвацца вопытам. У далейшым да гэтых заняткаў плануецца далучаць спецыялістаў рознага кшталту, каб дзеці засвойвалі новыя сучасныя формы і метады работы.

— Валанцёр — гэта чалавек, які аддае свой час, сілы і дабрыню, хто мае патрэбу ў гэтым. У многіх краінах свету валанцёрскую работу лічаць неад’емнай часткай жыцця любога грамадзяніна. Калі маеш сілы — ты дапамагаеш грамадству. Гэта канцэпцыя сацыяльнай адказнасці кожнага чалавека, — расказвае Яўген Рыгоравіч Рэўт, загадчык аддзялення дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. — Мы спадзяёмся, што дзеці, якія сёння да нас прыйшлі, выберуць для сябе адзін з мноства кірункаў валанцёрскай дзейнасці, каб далей, дапамагаючы людзям, удзельнічаючы ў сацыяльных праектах, рабіць свет навокал хоць крыху, але лепшым.

На адной з пляцовак у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі падчас мерапрыемства, прысвечанага адкрыццю школы валанцёрства, дзецям прапанавалі на рознакаляровых папяровых далоньках напісаць тыя добрыя справы, якія ім хацелася б ажыццявіць. Далонькі прыклейваліся і станавіліся лісточкамі на вялікім агульным дрэве. І, мяркуючы па гушчыні кроны гэтага дрэва, недахопу навучэнцаў школа валанцёраў не адчуе.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ЦТДіМ Салігорскага раёна.