Школа міру ў Наваполацку носіць імя сваёй настаўніцы. Яўгенія Трапезнікава змяніла жыцці многіх вучняў

- 8:56Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Сярэдняя школа № 2 Наваполацка з’яўляецца ў горадзе цэнтрам захавання памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут знаходзіцца Народны музей баявой славы, вядомы не толькі на Віцебшчыне, але і далёка за межамі Беларусі. Пуцяводнай зоркай для пошукавікаў на працягу дзесяцігоддзяў застаецца настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Анатольеўна Трапезнікава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

У 2019 годзе ўстанова адукацыі трэцяй у паўночным рэгіёне далучылася да суполкі Школ міру. Дружная каманда педагогаў і навучэнцаў пад кіраўніцтвам дырэктара Святланы Федзюковай нястомна развівае ўсе напрамкі праекта Беларускага фонду міру, які рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Разам з тым у рашэнні аб прысваенні ганаровага статусу асобна была адзначана шматгадовая плённая праца калектыву па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны. Сёлета ў канцы студзеня школе было прысвоена імя Я.А. Трапезнікавай.

Яўгенія Трапезнікава нарадзілася ва ўкраінскім Херсоне, там прайшло яе дзяцінства, — знаёміць са сваёй папярэдніцай галоўная захавальніца фондаў музея настаўніца гісторыі Ксенія Антонава. — Хаця Яўгенія Анатольеўна пра сябе неаднойчы гаварыла: «Я не з дзяцінства — з вайны». Успамінала, як летам 1941 года з групай аднагодкаў вярталася з піянерскага лагера на трох вялікіх параходах пад сцягамі Чырвонага Крыжа. Наляцелі нямецкія бамбардзіроўшчыкі і скінулі на людзей дзясяткі бомб. Вакол крыкі раненых і тых, хто тоне, грукат металу, выбухі, агонь. Да берага прычаліў толькі адзін параход… Эвакуіравалася дзяўчынка Жэня з маці і бабуляй у расійскую Балахну, што ў Горкаўскай вобласці. Там скончыла школу, потым Кастрамскі педагагічны інстытут. Працавала на Наўгародчыне. У галодным 1955-м бегала па дварах і выпрошвала прадукты, каб пакарміць сваіх васьмікласнікаў: вучні з навакольных вёсак нярэдка страчвалі на ўроках прытомнасць ад недаядання…

Яна шчыра любіла дзяцей, і тыя адказвалі ўзаемнасцю. Калі актыўнага педагога выбралі сакратаром райкама камсамола, не хацелі адпускаць. Сама Яўгенія Трапезнікава нядоўга вытрымала без школы: пакінула перспектыўную пасаду і вярнулася настаўнічаць. Выкладала рускую мову і літаратуру, кіравала камсамольскай пярвічкай. Сумесна з навучэнцамі наладзіла догляд воінскіх пахаванняў, магілы Цімура Фрунзэ. Намаганнямі настаўніцы і яе каманды ва ўстанове адукацыі адкрыўся музей У.І. Леніна, што неўзабаве ўвайшоў у трыццатку лепшых школьных музеяў Савецкага Саюза. А ў 1963 годзе сям’я Трапезнікавых пераехала ў малады беларускі горад нафтавікоў.

Так Яўгенія Анатольеўна пачала работу ў нашай школе. Зноў прыняла 8 клас. З 34 навучэнцаў — 24 хлопцы. Шукала карысны занятак, які зможа зацікавіць і з’яднаць калектыў, — адзначае К. Антонава. — Ідэю падказалі напрацаваная практыка і кніга Міхаіла Пруднікава «Няўлоўныя дзейнічаюць». Разам са школьнікамі пачала сустракацца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, запісваць іх успаміны, хадзіць у паходы па мясцінах баёў…

Дзмітрый Хома, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама: «Мы ў вобласці вядзём маштабную работу па прысваенні школам імён абаронцаў Айчыны, знакамітых землякоў і выпускнікоў. Найчасцей гэта героі мінулага. Яўгенія Трапезнікава — чалавек нашага часу, яе ў Наваполацку добра ведаюць, памятаюць і шануюць. Настаўніца выхавала некалькі пакаленняў вучняў, хто і ў дарослым жыцці працягвае яе справу».

Ведаеце, многія вучні Яўгеніі Трапезнікавай былі з тых, каго называюць цяжкімі падлеткамі, мелі за плячыма правапарушэнні, — далучаецца да размовы начальнік аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама Пётр Апановіч. — Яна ўвесь час думала, чым бы іх захапіць сапраўдным, каб выцесніць негатыў. І знайшла — пошукавую дзейнасць. З Яўгеніяй Анатольеўнай мне пашчасціла пазнаёміцца ў перыяд работы ў Полацку на пасадзе дырэктара сярэдняй школы № 2. Упершыню нашы жыццёвыя сцежкі перакрыжаваліся каля дота паблізу вёскі Гомель на лініі Сталіна, далей мы падтрымлівалі зносіны. Незвычайна моцная асоба, вельмі таленавіты педагог. Арганізатарскія здольнасці гэтай настаўніцы — пра іх па сённяшні дзень легенды з вуснаў у вусны перадаюць! Калі штосьці вырашыла — напрыклад, помнік устанавіць ці з пэўнымі дакументамі папрацаваць, дакладна вызначыла людзей, з кім неабходна далей узаемадзейнічаць у дасягненні пастаўленай мэты, то ёй проста не маглі адмовіць у дапамозе. Упарта рабіла сваю справу і не старалася быць зручнай, па характары баец. Здаралася, што па інструкцыі не дазволена, аднак яна ўмела пераканаць людзей: па праўдзе, па сумленні — трэба. Таму ўдавалася на першы погляд немагчымае. Такімі ж неабыякавымі, рашучымі і настойлівымі вырасталі яе вучні.

У 2013 годзе я скончыла ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, — расказвае К. Антонава. — Вучылася на ўмовах аплаты, таму месца работы шукала самастойна. Настаўнікі гісторыі не патрабаваліся ні ў Полацку, ні ў Наваполацку, а хацелася застацца працаваць на радзіме. Нарэшце ў канцы жніўня ў аддзеле па адукацыі мне падказалі: ёсць у сярэдняй школе № 2 пасада галоўнага захавальніка фондаў музея — ці рызыкну пайсці? Пагадзілася. Да гэтага, зразумела, ведала пра музей і яго кіраўніка, школьніцай прыходзіла сюды на экскурсіі. Асабіста з Яўгеніяй Анатольеўнай мы не былі раней знаёмы. Для мяне ўсё было новае: малады спецыяліст, з пошукавым рухам не звязана, тэма маёй дыпломнай работы далёкая ад Вялікай Айчыннай вайны, бо даследавала культурныя традыцыі Полацка і Візантыйскай імперыі ў ХІ—ХІІ стагоддзях. Першы год было даволі складана. Былі і слёзы, і роспачныя думкі: «Не па сілах мне гэта!». Але падтрымлівалі калегі, кіраўніцтва школы. Вельмі дапамагала Яўгенія Анатольеўна. Яна да апошніх дзён (на жаль, чатыры гады назад таленавітага педагога не стала) трымала руку на пульсе: гэты паабяцаў тое, тут план дзеянняў, тут варта сустрэцца… Дзякуючы ёй, мяне добра прынялі пошукавікі, мы сталі разам працаваць, і я многаму ў іх навучылася. Пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі, хто па праве лічыцца карыфеямі музейнай педагогікі і пошукавай дзейнасці, такімі як Ларыса Навумаўна Бруева, Людміла Канстанцінаўна Нікіціна.

Педагогі, навучэнцы і выпускнікі школы падтрымліваюць кантакты з пошукавікамі Беларусі, блізкага і далёкага замежжа: удзельнічаюць у міжнародных вахтах Памяці, навукова-практычных канферэнцыях. Дарослыя вучні Яўгеніі Анатольеўны Максім Папоў і Андрэй Маёраў пастаянна прымаюць удзел у найбуйнейшай міжнароднай ваенна-гістарычнай экспедыцыі «Волхаўскі фронт». К. Антонава штогод прадстаўляе Беларусь на міжнароднай канферэнцыі «Лёс салдата: тэорыя і практыка архіўных даследаванняў» у Грамадскай палаце Расійскай Федэрацыі (Масква), што аб’ядноўвае даследчыкаў з 12 краін. У сакавіку 2021 года Народны музей баявой славы пад яе кіраўніцтвам першым у нашай краіне далучыўся да міжнароднага праекта Музея Перамогі на Паклоннай гары «Школьны музей Перамогі». Працягваецца работа па ўсіх напрамках, закладзеных Яўгеніяй Трапезнікавай. А вестка аб прысваенні школе яе імя хутка распаўсюдзілася і літаральна ўскалыхнула ўдзельнікаў пошукавага руху на прасторы СНД і далей. Па словах Л. Бруевай, сярод іх даўно ўжо не было такога радаснага ўздыму. На ўрачыстасць прыехалі госці з Масквы і нават з Архангельска.

Пошукавікі пад кіраўніцтвам Яўгеніі Трапезнікавай дапамаглі вярнуць імёны тысячам салдат, хто прапаў без вестак у баях за Беларусь, знайсці месцы гібелі двух экіпажаў самалётаў, устанавіць каля 20 мемарыяльных дошак, знакаў і помнікаў. 

Музей баявой славы ў сярэдняй школе № 2 быў адкрыты ў кастрычніку 1970 года. У яго стварэнні прымалі ўдзел старшакласнікі поруч з ветэранамі, якія вызвалялі Полаччыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першапачаткова гэта быў музей партызанскай брыгады «Няўлоўныя», што дзейнічала на тэрыторыі раёна, а першымі яго экскурсаводамі — камандзіры партызанскіх атрадаў Пётр Цішчанка і Міхаіл Чавярыкін. Далейшая пошукавая работа дазволіла пашырыць экспазіцыі матэрыяламі, звязанымі з вызваленнем Полацкай зямлі. З 1994 года музей носіць званне “народны”. Зараз тут сабрана каля 5 тысяч экспанатаў, з іх больш за 3 тысячы — у асноўным фондзе: прадметы партызанскага і салдацкага побыту, дакументы аб узнагароджанні за баявыя заслугі, газеты і лістоўкі ваеннага часу, пісьмы, фотаздымкі. Асаблівая каштоўнасць — каля тысячы анкет, фота і пісем з успамінамі ветэранаў, сабраных навучэнцамі з пошукавай групы «Чырвоныя следапыты». Той самай, якая неўзабаве вырасла ў атрад. У сваю чаргу, ён быў рэарганізаваны ў ваенна-патрыятычны клуб і даў пачатак сённяшнім, добра вядомым у нашай краіне і замежжы «Разведчыкам воінскай славы». 

Даведка

Яўгенія Трапезнікава — ганаровы грамадзянін Наваполацка. Настаўніца таксама ярка праявіла сябе ў літаратурнай творчасці: яна аўтар кніг «Партызанскімі сцежкамі», «Мы шукаем на зямлі аднагодкаў сляды…», «Калі б камяні маглі гаварыць».

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы № 2 Наваполацка