Школа пешаходных навук, экалагічная кругасветка: яркія праекты раённай акцыі «Лета ў Светлым»

- 11:29Лето-2023, Новости, Проекты

Дзеці вучацца ў школе пешаходных навук, удзельнічаюць у геалагічным маршруце, становяцца пераможцамі катэгарыйнага паходу на байдарках — педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, як зрабіць канікулы яркімі і эмацыянальнымі. 

Раённая акцыя “Лета ў Светлым” рэалізуецца Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска на працягу пяці гадоў. Мерапрыемствы ў рамках гэтага праекта накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для аздараўлення і арганізацыі карыснага вольнага часу навучэнцаў на летніх канікулах.

— Кожны год мы стараемся ўключыць у праграму свежыя ідэі і напоўніць яе арыгінальным зместам, — расказала дырэктар цэнтра Таццяна Шамелава.

У акцыі “Лета ў Светлым” актыўна ўдзель­нічаюць вучні ўсіх устаноў адукацыі, у тым ліку і выхаванцы аздараўленчых лагераў. Дзеці маюць магчымасць прайсці тэматычныя станцыі, якія падрыхтавалі для іх педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі. Таццяна Леанідаўна адзначыла самыя яркія з іх.

— Напрыклад, на станцыях “Прафілактычная” і “Лета бяспечнасці” школьнікі ўдзель­нічаюць у гульнявых квестах “Здорава быць здаровым”, “Бяспечны інтэрнэт”, інфармацыйна-пазнавальнай акцыі “Важна быць здаровым” і конкурсе відэаролікаў “Мая бяспека — у маіх руках”. А ў школе пешаходных навук навучэнцы замацоўваюць веды па правілах бяспекі на дарогах. Таксама яны ўжо паўдзельнічалі ў конкурсе казак па гэтай жа тэме “Добрая дарога ў казку”. На станцыі “Экалагічная” былі арганізаваны конкурсы “Навуковыя нясумныя канікулы”, “Юны натураліст”, гульня “Экалагічная кругасветка”, наведалі “Заалагічны экс­прэс” — пабывалі на экскурсіі ў жывым кутку. Дзецям, якія захапляюцца робататэхнікай і тэхнічнай творчасцю, цікава наведваць станцыі “ТэхнаБум” і “МОТАрух”. Па-сапраўднаму відовішчным стала спаборніцтва па матацыклетным спорце “МотаЦУНАМІ”. На станцыі “Турыстычная” выхаванцы трапляюць у атмасферу рамантыкі паходаў. Тут іх вучаць распаль­ваць вогнішча, ставіць палатку і збіраць рукзак. Дарэчы, цэнтрам творчасці для юных турыстаў у рамках Рэспубліканскай спартакіяды быў арганізаваны катэгарыйны водны паход на байдарках. Дзеці атрымалі шмат станоўчых эмоцый. І гэта далёка не ўсе станцыі, якія дзейнічаюць у праекце “Лета ў Светлым, — падзялілася Таццяна Леанідаўна.

Гэтым летам выхаванка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Аліна Мітраховіч паўдзельнічала ў VIII Міжнародным культурна-адукацыйным форуме дзяржаў — удзельніц СНД “Дзеці Садружнасці” ў Рэспубліцы Узбекістан.

Яшчэ адзін адметны факт — выхаванцы “Ювенты” запрошаны на XIV Усерасійскую адкрытую палявую алімпіяду юных геолагаў, якая пройдзе ў Татарстане. Пра сваё хобі расказаў удзельнік каманды Уладзімір Дземішкан:

Мы займаемся ў аб’яднанні па інтарэсах геалагічнага профілю пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Зінаіды Мікалаеўны Давідоўскай. Хачу сказаць, што наша аб’яднанне ўнікальнае, бо адзі­нае ў вобласці спецыялізуецца на вывучэнні геалагічнага мінулага рэгіёна. Мне вельмі падабаецца вывучаць камяні, бо кожны з іх па-свойму асаблівы. Яны могуць адрознівацца тэкстурай, структурай і многімі іншымі фактарамі. У будучыні я мару стаць геолагам.

— Усё, сказанае вышэй, — толькі маленькая частка таго, што мы рэалізуем. Для нас важна не падмануць чаканні дзяцей, стварыўшы ўмовы для паўнавартаснага летняга адпачынку, каб кожнае дзіця адчула, што яму рады, — рэзюмавала Таццяна Шамелава.

 Настасся ЧАРКАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА