Школа — тэрыторыя здароўя

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Мажэйкаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Лідскага раёна на працягу 2017—2020 гадоў удзельнічала ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”. Аб выніках работы гутарым з дырэктарам школы Н.М.Новікавай.

— Наталля Мечыславаўна, што стала перадумовай уступлення школы ў праект “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”. Чаму вырашылі стаць удзельнікамі праекта.                

— Разуменне здароўя як шматкампанентнай з’явы залежыць ад агульнай культуры і ведаў чалавека. У многіх маладых людзей не сфарміравана ўсвядомленае імкненне да захавання і ўмацавання здароўя. Значная частка людзей у першай палове свайго жыцця не клапоціцца пра здароўе і толькі потым, страціўшы яго, пачынае адчуваць патрэбу ў яго захаванні. Кожны чалавек, пачынаючы ўжо са школьнага ўзросту, павінен мець уяўленне пра свой арганізм, яго будову і функцыі розных органаў і сістэм, пра свае індывідуальныя псіхалагічныя асаблівасці, пра спосабы і метады карэкцыі свайго стану, сваёй фізічнай і разумовай працаздольнасці. 

Уступленню ў праект паслужылі наступныя праблемныя пазіцыі: адхіленне ў стане здароўя навучэнцаў, зніжэнне іх рухальнай актыўнасці, неадэкватнасць фізічнай нагрузкі ў перыяд адукацыйнага працэсу, няўменне дзяцей арганізаваць рэжым дня з улікам рухальнай актыўнасці, адсутнасць культуры здаровага ладу жыцця ў сям’і.

Вызначэнне праблем, тых пытанняў, якія ляглі ў аснову інавацыйнага праекта, ажыццяўлялася на падставе аналізу дзейнасці ўстановы адукацыі, бачанні перспектыў яе развіцця, суаднясенні сваіх магчымасцей з устаноўкамі дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, запатрабаваннямі грамадства, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Прааналізаваўшы ўсе праблемныя моманты сельскай школы, педагагічны калектыў Мажэйкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы ў 2017/2018 навучальным го­дзе ўступіў у інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”.

— Хто з настаўнікаў, баць­коў, грамадскасці, сацыяльных партнёраў актыўна ў ім удзельнічаў?

— Педагогі школы з радасцю падхапілі ідэю і падтрымалі мяне і адміністрацыю школы ў гэтым пачынанні. Актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта прынялі настаўнік вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” Іосіф Аркадзьевіч Лісоўскі, класныя кіраўнікі Алена Аляксандраўна Каласоўская, Валянціна Станіславаўна Ярмантовіч і навучэнцы тады яшчэ 6—7 класаў. У рэалізацыі інавацыйнага праекта прымалі актыўны ўдзел бацькі нашых навучэнцаў і іх найбліжайшае акружэнне, супрацоўнікі ўрачэбнай амбулаторыі аграгарадка Мажэйкава.

— Якімі былі першыя мерапрыемствы праекта. І што цікавага было ў завяршэнні праекта ў гэтым годзе?

— Першыя крокі вельмі цяжкія. Паступова крок за крокам мы спасцігалі асновы: як распрацаваць дыягнастычны інструментарый для вывучэння фізічнага стану, ладу жыцця, рухальнай актыўнасці, як выявіць асаблі­васці жыццядзейнасці суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы; вызначыць тэмы даследавання педагогаў для арганізацыі сістэмнай работы па распрацоўцы методыкі індывідуалізацыі рухальных рэжымаў навучэнцаў сельскай мясцовасці і прадстаўнікоў іх найбліжайшага асяроддзя.

У верасні 2017 года была сфарміравана сетка дадатковай адукацыі, створаны дзіцяча-бацькоўскі клуб “Клуб+ОК”, група “ПА+званкі”, арганізавана работа пастаянна дзеючага семінара па пытаннях праекта “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”. Год праляцеў імгненна. Вельмі запамінальнымі сталі сустрэчы, арганізаваныя з удзельніцай Алімпійскіх гульняў у Лондане Наталляй Карэйва і чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў у Сеуле Гена­дзем Аўдзеенка.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаліся падчас рэалізацыі праекта, які вопыт з’явіўся?

— Падчас рэалізацыі праекта калектыў сутыкнуўся з цяжкасцямі: як па выніках дыягностыкі скласці макеты індывідуальнага рухальнага рэжыму,  вызначыць індэкс Руф’е, як на аснове выкарыстання сучасных камп’ютарных камунікатыўных прылад забяспечыць агульны доступ да “тэхналагічнай карты індывідуалізацыі рухальных рэжымаў”, распрацаванай у праграме Microsoft Excel.

— Як праходзіла навучанне па рэалізацыі праекта — у якіх семінарах, майстар-класах удзельнічалі? Як сваім вопытам дзяліліся?

— Па ўсіх пытаннях мы атрымлівалі кампетэнтную дапамогу ад каардынатара праекта метадыста метадычнага аддзела маніторынгу і кіравання якасцю адукацыі Цэнтра метадыч­най і інфармацыйна-аналітычнай работы ГрАІРА Марыны Іванаўны Кійко і выкладчыка кафедры фізвыхавання і спорту Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта кансультанта інавацыйнага праекта Паўла Уладзіміравіча Сняжыцкага. Вельмі інфарматыўнымі былі кансультацыі, сустрэчы з педагогамі-інавата­рамі ўстаноў адукацыі раёна, вобласці, краіны, семінары, якія праводзяцца на базе ГрАІРА. У рамках праве­дзеных мерапрыемстваў педагогі дзяліліся вопытам работы, абмяркоўвалі праблемныя пытанні і знаходзілі рашэнне.

— Як змянілася стаў­ленне вучняў, іх баць­коў, настаўнікаў да здаровага ладу жыцця?

— Змяненню стаўлення навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў да здаровага ладу жыцця спрыяла правядзенне розных мерапрыемстваў: тыдняў прафілактыкі шкодных звычак “Усё, што цябе тычыцца…”, “Мы — за здаровы лад жыцця”; класных га­дзін у 1—4 класах “Урокі Мыйдадзіра”, гульні-прэзентацыі “Компас у краіну Здароўя”, у 5—11 класах самапрэзентацыі “Я здароўе зберагу, сам сабе дапамагу”, квест-гульні “Здароўе беражы замалада”. Правя­дзенне спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў стымулявала навучэнцаў і іх бацькоў да сістэматычных заняткаў фізічнай культурай і спортам. І ўжо 92 працэнты навучэнцаў і іх бацькоў сталі актыўнымі ўдзельнікамі праекта.

— Якія мерапрыемствы былі больш запамінальнымі? Што падабаецца дзецям?

— Заўсёды вабіць штосьці новае, цікавае, займальнае. Надоўга запомнілася дзецям спартыўнае мерапрыемства ў рамках праекта “Да суседзяў”, калі ў ім удзельнічалі навучэнцы са Шчучынскага раёна. Сумесныя сустрэчы з бацькамі, работнікамі РАНС, ДАІ, Дэпартамента аховы, ІДН. Гэтыя формы супрацоўніцтва спрыялі павышэнню цікавасці да заняткаў спортам. А колькі эмоцый пакінула сустрэча з майстрам спорту СССР, сяміразовым чэмпіёнам СССР сярод студэнтаў, прызёрам спартакіяды народаў СССР, пераможцам турніру імя А.Мядзведзя Пятром Мікалаевічам Фіясем.

— Раскажыце пра работу фітнес-клуба “ПА+званкі”, дзіцяча-бацькоўскага клуба “Клуб+ОК”, правядзенне рухавых перапынкаў.

— Заняткі фітнес-клуба “ПА+званкі” праходзілі пад маім кіраўніцтвам. Лічу, што кіраўніку вельмі важна быць прыкладам ва ўсіх справах. У нашым клубе з задавальненнем займаюцца не толькі педагогі, але бацькі і бабулі нашых навучэнцаў.

На працягу ўсяго перыяду праекта арганізоўваліся сустрэчы дзіцяча-бацькоўскага клуба “Клуб+ОК”. Кіраўнік клуба Алена Аляксандраўна Каласоўская змагла зацікавіць, захапіць усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. У рамках правя­дзення семінара “Фізічныя заняткі — гэта дзей­насць, якая фарміруе і ўмацоўвае не толькі цела, але і самаацэнку” ўсе аднагалосна прыйшлі да высновы, што фарміраванне здаровага ладу жыцця сродкамі фізічнай культуры вельмі карысна не толькі для агульнага ўмацавання здароўя чалавека. Фізічная актыўнасць — гэта крыніца пазітыўнага эмацыянальна-псіхалагічнага стану і добрага настрою, гэта і своеасаблівы сродак павышэння сваёй самаацэнкі. Шмат цікавага і карыснага далі сустрэчы ў сямейным кафэ “Астравок радасці” з прэзентацыяй вопыту па арганізацыі актыўнага адпачынку ў сем’ях нашых навучэнцаў. А колькі эмоцый ад правя­дзення рухавых перапынкаў, флэш-мобаў, танцавальных перапынкаў!

— Праект завяршыўся ў маі гэтага года. Што лічыце галоўнымі яго вынікамі? Што новага будзе ўведзена ў вучэбны працэс?

— Шмат зроблена, шмат атрымана новых ведаў і яркіх эмоцый. Але самае галоўнае і асноўнае, што ўдзел у інавацыйным праекце дазволіў яго ўдзельнікам зразумець, што праз выкарыстанне методыкі індывідуалізацыі рухальных рэжымаў мы можам стварыць такія ўмовы, якія спрыяюць рэалізацыі патэнцыялу і матывацыі да заняткаў спортам як навучэнца, так і яго асяроддзя, дазволяць павялічыць аздараўленчую эфектыўнасць арганізаваных форм рухальнай актыўнасці суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы. 

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.