Школа ў сельскай глыбінцы не горш за сталічную

- 11:36Адукацыйная прастора, Рознае

Вучні і педагогі сярэдняй школы № 1 Дуброўна ў хуткім часе змогуць гаварыць пра сваю ўстанову адукацыі як пра адну з лепшых у вобласці па абсталяванні і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.

— Адпаведна з праектам “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, што ажыццяўляецца на сродкі Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця, з 2016 па 2020 год дзесяць школ у нашым рэгіёне па сутнасці атрымаюць другое нараджэнне, — паведаміла начальнік аддзела тэхнічнага нагляду ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Наталля Васілевіч. — У прыватнасці, праект прадугледжвае ўмацаванне інфраструктуры — у тым ліку капітальны рамонт і рэканструкцыю — устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх вучацца або ў найбліжэйшы час будуць вучыцца дзеці з закрытых і (або) рэарганізаваных школ, а таксама пашырэнне доступу да лабараторнага абсталявання, інфармацыйных тэхналогій і магчымасцей іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе за кошт забеспячэння кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі вучэбным абсталяваннем і адпаведнай падрыхтоўкі настаўнікаў.

Кожны з бацькоў жадае бачыць сваё дзіця здаровым і шчаслівым, запатрабаваным, паспяховым і ўпэўненым у заўтрашнім дні. Педагогі сярэдняй школы № 1 Дуброўна прыкладаюць усе намаганні, каб гэтыя спадзяванні спраўдзіліся.

— Мы стараемся дапамагчы дзіцяці самарэалізавацца, паверыць у сябе, адчуць радасць пазнання. Прымаць навучэнца такім, які ён ёсць, і матываваць, падтрымліваць у імкненні станавіцца яшчэ лепшым — для маіх калег гэта не проста прыгожыя словы, а прафесійнае крэда, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Калеснікава. — Вучнёўскі калектыў школы складае амаль 600 чалавек, з 57 нашых настаўнікаў на сёння 85% маюць вышэйшую і першую катэгорыю. Гонар школы — нашы музеі: гісторыка-краязнаўчы, экалагічны, гісторыі школы і музейны пакой кнігі. Першыя працоўныя навыкі дзеці атрымліваюць у вучэбных майстэрнях. Навучэнцы 10—11 класаў маюць магчымасць вывучаць на павышаным узроўні матэматыку, фізіку, хімію, біялогію, гісторыю Беларусі, грамадазнаўства, рускую, а з верасня і беларускую мову. Мы вынікова ўдзельнічаем у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах: штогод становімся пераможцамі і прызёрамі яе трэцяга этапу. Думаю, што і наступную вяршыню — перамогу ў заключным этапе — неўзабаве возьмем. Сёлета ўпершыню ў гісторыі раёна па выніках цэнтралізаванага тэсціравання атрымалі 100-бальны сертыфікат па грамадазнаўстве. Выпускнікі школы паспяхова паступаюць і вучацца ў прэстыжных установах вышэйшай адукацыі, сярод якіх — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, рэгіянальныя ўніверсітэты Віцебшчыны.

Па традыцыі 1 верасня навучэнцы разам з настаўнікамі, бацькамі і ганаровымі гасцямі сустрэліся ў двары роднай школы. Зайсці ў знаёмыя класы пакуль не выпадае: тут поўным ходам ідзе рамонт, літаральна на вачах мяняюцца дзверы, вокны, падлога, сцены… Дзякуючы скаардынаваным намаганням упраўлення адукацыі, кіраўніцтва школы, раённых улад і будаўнікоў (асабліва хочацца адзначыць работу Круглянскай ПМК-266 Магілёўскай вобласці), разлічаныя на 10 месяцаў работы пры захаванні ўсіх патрабаванняў да якасці іх правядзення будуць завершаны ў максімальна кароткія тэрміны.

— Чакаем, што ўжо ў кастрычніку практычна ўся школа будзе займацца ў рабочым рэжыме і ў шыкоўных, у параўнанні з ранейшымі, умовах, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дубровенскага райвыканкама Ірына Кантроўская. — Новы выгляд, а ў асобных выпадках і сучаснае абсталяванне набудуць вучэбныя кабінеты, у тым ліку мабільны кабінет інфармацыйных тэхналогій, лінгафонны, фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі. Будуць адрамантаваны і пераабсталяваны дзве вялікія спартыўныя залы і выдатная актавая зала. Па харчаблоку гэтыя работы ўжо завершаны: з 1 верасня працуе адноўленая сталовая, у якую часова адкрыты асобны ўваход. Напярэдадні навучальнага года нашай галоўнай задачай было забяспечыць якасны адукацыйны працэс. Усе дзеці зараз займаюцца ў першую змену. Урокі праводзяцца ў спецыялізаваных вучэбных кабінетах, размешчаных у старым школьным корпусе і ў зоне крокавай даступнасці ад установы адукацыі. Для гэтага мы падключылі рэсурсы дзіцячай школы мастацтваў і дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці. А праз месяц мы атрымаем новую школу. Безумоўна, гэта каласальны ўклад у развіццё ўстановы і сістэмы адукацыі раёна ў цэлым.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.