“Школьнае перамір’е” атрымала падтрымку “нармандскай чацвёркі”

- 12:06Інфармацыйная гадзіна

З 25 жніўня, згодна з дасягнутым кантактнай групай па Украіне пагадненнем, пачалося “школьнае перамір’е”. Аб выніках перагавораў кантактнай групы паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік.

“Трохбаковая кантактная група пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей у святле падтрымкі лідараў “нармандскай чацвёркі”, якія правялі перагаворы 22 жніўня, пацвярджае сваю поўную прыхільнасць да бестэрміновага спынення агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года з 00.00 25 жніўня. Бакі абавязваюцца прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння ўстойлівага рэжыму спынення агню. У мэтах маніторынгу бакі таксама абавязваюцца забяспечыць надзейны і бяспечны доступ СММ АБСЕ, у адпаведнасці з яе мандатам, па ўсёй тэрыторыі Украіны”, — праінфармаваў Марцін Сайдзік. Спецпрадстаўнік дадаў, што рабочая група па бяспецы абмеркавала дэталі рэалізацыі гэтага рашэння.

Ён таксама адзначыў, што асабіста горача вітае падтрымку лідараў “нармандскай чацвёркі”. “Гэта сапраўды якасна новы момант — тое, што мы атрымалі падтрымку ад лідараў “нармандскага фармату” да прыняцця нашага рашэння. Такога яшчэ не было”, — падкрэсліў спецпрадстаўнік АБСЕ.