Дырэктар Валавельскай школы Драгічынскага раёна Святлана Юрашэвіч і настаўніца Іна Якоўчык з дзяцінства — у сяброўстве з веласіпедамі, і абедзве ўлюбёныя ў родныя палескія мясціны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
…Як прыгожа ў гэтым кутку Заходняга Палесся! Крыху наўзбоч ад ажыўленых шляхоў, на стыку вёсак Валавель і Закозель, жыве ўжо больш за 150 гадоў — розныя былі будынкі — Валавельская школа. Сцяна лесу падступае да яе, і на перапынках у адкрытыя вокны класаў залятаюць водары вясны, галасы птушак. Дарэчы, у двары школы веснавы каларыт: шмат рознакаляровых веласіпедаў — без аніякіх прывязак і замкоў.
Што да Святланы Леанідаўны, то ў Валаўлі, за 22 км ад райцэнтра, яна кіруе першы год. Раней была дырэктарам Завершскай базавай школы. “З 1 верасня 2022 года ў раёне праведзена аптымізацыя дзвюх базавых школ” — за радком з даведкі, якую пазней пабачыў, старонка яе лёсу. І яшчэ: “Больш за 930 дзяцей падвозяцца 17 аўтобусамі ў школы і дзіцячыя сады”. Відавочна, становіцца менш у раёне школ, але Валавельскай сярэдняй закрыццё не пагражае: 75 вучняў пра тое сведчаць.
Іна Мікалаеўна тут і пачынала працаваць — настаўніцай рускай мовы і літаратуры, яшчэ калі вучылася завочна ў Брэсцкім педуніверсітэце імя А.С.Пушкіна. Двойчы брала на сябе і абавязкі дырэктара. Той каштоўны досвед не прапаў, мае суразмоўніцы працуюць у творчым тандэме. Напрыканцы цікавай гутаркі пра свой педагагічны лёс, краязнаўчую і нават прадпрымальніцкую дзейнасць Іна Якоўчык сказала: “У нас і карцінная галерэя ў школе ёсць — хочаце паглядзець?”
Вядома ж!
Прафесійна выпісаныя мастацкія палотны — прама ў калідоры школы! На карцінах вучні і настаўнікі штодня бачаць храмы, краявіды, знакавыя месцы ў ваколіцах вёсак Валавель, Закозель і ўсяго Драгічынскага раёна. Не ў кожнай вясковай, ды і гарадской школе такое сустрэнеш. Ідзём у калідор, знаёмімся з мастацкімі экспанатамі. Тым часам Іна Мікалаеўна расказвае кароткую гісторыю. Яе бацька Мікалай Сцяпанавіч Якоўчык у 1996-м запрасіў да сябе брэсцкіх мастакоў на пленэр, каб яны намалявалі краявіды, куточкі мясцовага сядзібна-паркавага комплексу ў Закозелі, праваслаўныя храмы раёна. Некалькі тыдняў жылі мастакі ў гасцініцы племзавода, малявалі на пленэрах — і ўрэшце атрымалася звыш 20 карцін.
“Большасць твораў племзавод “Закозельскі” набыў за свае сродкі, потым іх перадалі школе — у якасці спонсарскай дапамогі, а мы аформілі галерэю, — рухаемся з Інай Якоўчык уздоўж экспазіцыі. — Не проста ўпрыгожылі сцены — мы з карцінамі працуем, праводзім экскурсіі. Рыхтуем экскурсаводаў, якіх змянілася за гэтыя гады, можа, з пяць груп. У нас цяпер ёсць тры тэматычныя раздзелы: “Праваслаўнае храмавае дойлідства Драгічынскага раёна”, “Гістарычнае мінулае Закозеля” і “Любімыя куткі Закозеля”. Вучні расказваюць пра гісторыю стварэння галерэі, мастакоў, чые работы тут прадстаўлены, пра гісторыю храмаў, адлюстраваных на карцінах. Чаму, напрыклад, адну царкву назвалі Юр’еўскай, а другую — Свята-Троіцкай? Юныя экскурсаводы, каб даведацца аб гэтым, паглыбляюцца ў евангельскія сюжэты, гісторыі, паданні, збіраюць матэрыялы пра традыцыі ўзвядзення і асвячэння храмаў на нашых землях у гонар святых ці ў гонар памятных момантаў хрысціянскай гісторыі”.
Маючы мастацкія творы штодня перад вачыма, юныя палешукі вучацца глядзець на свет, на людзей, на працу іх рук як на прыгожыя праяўленні нечага пазачасавага, высокага — таго, што называюць словам “Усявышні”.
Дапоўнім аповед Іны Мікалаеўны згадкай пра тое, хто ж той мецэнат, які падарыў карціны школе. Мікалай Сцяпанавіч — знакаміты кіраўнік племзавода “Закозельскі”. У 2005 годзе Закозель, цэнтральная сядзіба гаспадаркі, атрымала статус першага ў Беларусі аграгарадка, стала прыкладам для пераймання, калі ствараліся іншыя. І тут жа быў дадзены старт рэалізацыі Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці вёскі на 2005—2010 гады. А для Валавельскай школы такі дар — карцінную галерэю! — пакінуў Мікалай Якоўчык. Ён цяпер доктар сельскагаспадарчых і эканамічных навук, прафесар, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Напрыканцы 2022 года ў цёплай, даверлівай размове з маім калегам Уладзімірам Субатам ён шчыра казаў: “Зямля для нашай сям’і — аснова ўсяго”. Працуючы ў Мінску (12-ы год узначальвае Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК), Мікалай Сцяпанавіч кожныя выхадныя ездзіць на Палессе, у родную вёску Дубраўкі: папрацаваць (тры гектары зямлі, пчолы…) і душою адпачыць.
Паглыбляючыся ў “галерэйную тэму”, хацеў бы дапоўніць словы Іны Мікалаеўны пра тое, што “з карцінамі ў школе працуюць”: і карціны “працуюць” з усімі, хто ўступае з імі ў візуальны кантакт. Неўпрыкмет вучні ўбіраюць у сябе іх прыгажосць. Маючы мастацкія творы штодня перад вачыма, юныя палешукі вучацца глядзець на свет, на людзей, на працу іх рук, як на прыгожыя праяўленні нечага пазачасавага, высокага — таго, што называюць словам “Усявышні”. Дарэчы, ёсць сярод карцін і выява Зёлаўскай царквы, у якой пазней здарыўся пажар, і яна цалкам згарэла. Цяпер у Зёлаве (Імянінскі сельсавет) узвялі новую царкву: “старое цела” царквы сышло ў нябыт, а мастацкі вобраз ранейшага храма застаўся.
Калі рыхтаваўся тэкст да друку, Іна Мікалаеўна даслала мне цікавую даследчую працу, зробленую ў Валавельскай школе. У ёй сцвярджаецца: праз краязнаўства і далучэнне да звычаяў, традыцый, культуры папярэднікаў, родных па духу і крыві людзей хутчэй “выспяваюць душы” юных грамадзян, ідзе працэс іх сталення, разумення свайго месца ў жывым арганізме роду, народа, краіны і свету. Прыводзяцца і словы Васілія Сухамлінскага: “Радзіма для чалавека — і самая дарагая, і самая святая. Без Радзімы чалавек перастае быць асобай, губляе сябе”. А ў канцы робіцца выснова: “Матэрыялы, сабраныя ў галерэі, спрыяюць развіццю грамадзянска-патрыятычных пачуццяў школьнікаў, любові да малой радзімы, павагі да папярэдніх пакаленняў”. Да таго ж карцінная галерэя, нібыта чароўны магніт, уцягвае дзяцей і падлеткаў у цікавую краязнаўчую, пошукавую дзейнасць.
Куды можна далей скіраваць моцную выхаваўчую, прыцягальную сілу мастацтва? На мой погляд, варта пашырыць “фармат” галерэі: зрабіць яе і віртуальнай, для вучняў гэта каштоўны вопыт работы з ІТ-тэхналогіямі, практычнае прымяненне ведаў. І больш сабраць звестак пра аўтараў карцін, пра тое, як іх стваралі, чаму выбралі тыя ці іншыя сюжэты. Не будзе лішнім, паглыбляючы змест галерэі, аддаць даніну павагі “вясковаму мецэнату” Мікалаю Якоўчыку. Хоць і не Сава Марозаў ці Павел Траццякоў, але столькі зрабіў для Закозеля! Дзякуючы яму развіваецца першы ў Беларусі аграгарадок.
***
Дарэчы, якраз 18 красавіка, як выйшла газета са здымкам на першай старонцы настаўніц Валавельскай школы з веласіпедамі, адна з іх, Іна Якоўчык, паведаміла ў рэдакцыю: муж Веньямін Іванавіч у той жа дзень, так супала, падарыў ёй новы веласіпед. Відаць, палічылі мы, само жыццё падказвае Іне Мікалаеўне, што гэты від транспарту ў гэтым сезоне ёй варта часцей выкарыстоўваць.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара