Школьная субота — крок у дзіцячы свет

- 11:14Выхаванне

Сёння школьнікі могуць самі вырашаць, уключаць школьную суботу ў свой тыднёвы расклад ці не. Але, безумоўна, іх выбар залежыць ад таго, як будзе арганізавана субота. Паглядзець, што ж выбіраюць дзеці і ці ёсць у іх гэты выбар, стала мэтай маніторынгу арганізацыі шостага школьнага дня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, які праводзіўся ў краіне на працягу двух апошніх месяцаў.

Падчас маніторынгу супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, падведамасных устаноў і ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінска наведвалі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, вывучалі іх суботні расклад і тое, наколькі ён адпавядае запытам навучэнцаў і іх бацькоў, глядзелі, ці ёсць магчымасці праявіць сябе ў розных кірунках. Асаблівую ўвагу яны ўдзялілі таму, наколькі сучасныя падыходы выкарыстоўваюцца педагогамі — ад анансавання суботніх мерапрыемстваў да іх рэалізацыі.
Так, апошнім часам прывычныя аб’явы ў дзённіках і на стэндах дубліруюцца інфармаваннем на сайтах устаноў адукацыі, затым у стужках навін з’яўляюцца фотасправаздачы. Набіраюць папулярнасць і суботнія відэасправаздачы. Напрыклад, у гімназіі № 2 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” дзейнічае гімназічная група “Гімназічнае аб’яднанне навучэнцаў “Maximum, ці 100%”, а на відэахостынгу YouTube размешчаны канал “Гімназія.TV”.Што тычыцца кірункаў аб’яднанняў па інтарэсах, то пераважае спартыўны і мастацкі. Спартландыі і спаборніцтвы, конкурсы і марафоны, матчавыя сустрэчы, спартыўныя і народныя гульні для ўсёй сям’і, заняткі ў трэнажорных залах і спартыўных секцыях — тут у навучэнцаў самы шырокі выбар. Не менш магчымасцей для рэалізацыі і ў творча адораных дзяцей: па суботах з імі працуюць харэографы, педагогі па вакале, рэжысёры, мастакі і інш. Насычаныя суботнія дні ў аматараў аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага, эколага-біялагічнага профілю. Актуальная для навучэнцаў прававая, фінансавая, камп’ютарная дасведчанасць.
Многія выбіраюць аб’яднанні па інтарэсах працоўнай накіраванасці па стварэнні рэчаў сваімі рукамі, прычым часам мяняюцца формы такіх заняткаў. Напрыклад, у гімназіі № 3 Магілёва ў рамках інтэрактыўнай гульнявой праграмы працуе аб’яднанне па інтарэсах для навучэнцаў 7—8 класаў “Умелыя ручкі”. Юнакі свае ўменні дэманструюць часцей у вытворчых майстэрнях, напрыклад, у сярэдняй школе № 3 Пінска Брэсцкай вобласці — па дэкаратыўнай апрацоўцы драўніны. Актыўна працуюць “Экалагічныя майстэрні”, выхаванцы якіх ператвараюць адходы ў творы мастацтва — ад арт-аб’ектаў да калекцый адзення. Актыўна працуюць валанцёрскія клубы. У школах Калінкавіч Гомельскай вобласці актуальныя аб’яднанні па інтарэсах “Асновы сямейнага выхавання”, “Школа абаронцы Айчыны”, “Сучасная рыторыка: аснова моўных зносін”, “Школьная геаметрыя: разнастайнасць ідэй і метадаў”, “Асновы эканамічных ведаў: праблемы сучаснай эканомікі”, “Тэхнічная графіка”.
Больш цесным стала супрацоўніцтва школ з установамі дадатковай адукацыі. Напрыклад, у Асіповічах і Асіповіцкім раёне школы актыўна супрацоўнічаюць з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установамі культуры. Рэгіянальнай асаблівасцю з’яўляецца наяўнасць у падпарадкаванні аддзела адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага раённага выканкама Асіповіцкага раённага цэнтра фізічнай падрыхтоўкі з басейнам. Навучэнцы школ горада і раёна займаюцца плаваннем у 20 аб’яднаннях па інтарэсах.У многіх установах адукацыі праводзіцца прафарыентацыйная работа, устаноўлены кантакты з прадпрыемствамі, цэнтрамі занятасці, з установамі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі. Там для старшакласнікаў праводзяцца тэматычныя экскурсіі і дні адкрытых дзвярэй. У гімназіі № 15 Мінска наладжана цеснае ўзаемадзеянне з БДТУ, БДЭУ, БДУ, Акадэміяй МУС Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу гэтых устаноў праводзяць суботнія прафарыентацыйныя сустрэчы як на базе гімназіі, так і на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі. У сярэдняй школе № 5 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці традыцыйна праводзяцца тыдні працоўнага навучання, сустрэчы з бацькамі навучэнцаў розных прафесій, прафарыентацыйныя экскурсіі на прадпрыемствы горада, для бацькоў у школе працуе факультэт “Прафарыенцір”, на прадпрыемстве “ВаўМет”, дзе працуюць бацькі навучэнцаў школы (прадпрыемства з’яўляецца шэфам школы), штогод праводзіцца дзень школы. У сярэдняй школе № 3 Пінска арганізаваны факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня”, дзе навучэнцы знаёмяцца з прафесіямі, віртуальна наведваючы навучальныя ўстановы Беларусі. Жамчужненская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, якая стала ўладальніцай гран-пры на Рэспубліканскім конкурсе па арганізацыі шостага школьнага дня, не толькі наладзіла цеснае супрацоўніцтва з прафесійнымі навучальнымі ўстановамі, цэнтрамі прафарыентацыі моладзі, сельскагаспадарчымі мерапрыемствамі мікрараёна, але і праводзіць сумесныя творчыя праекты — шоу-конкурсы “Сям’я рабочых — гэта гучыць горда!” і “Тэатр прафесій”.
У ходзе маніторынгу таксама было выяўлена, што шосты школьны дзень у многіх установах адукацыі ва ўсіх рэгіёнах шырока выкарыстоўваецца для правядзення масавых мерапрыемстваў, конкурсаў, выстаў, збораў, злётаў, акцый выхаваўчай накіраванасці, фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў, канферэнцый, экскурсій, свят і г.д. Рэгіянальнай асаблівасцю Докшыц і Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці стала актыўнае ўзаемадзеянне з установамі культуры (сельскімі бібліятэкамі, сельскімі клубамі, дамамі культуры), якія арганізоўваюць для навучэнцаў, што пражываюць у зоне падвозу да школ, культурныя, пазнавальныя забаўляльныя мерапрыемствы ў суботу па месцы жыхарства. Такі падыход часткова вырашае праблему арганізацыі падвозу вучняў у школы на мерапрыемствы шостага школьнага дня. Увогуле, гэтая праблема сёння застаецца адной з самых актуальных ва ўсіх рэгіёнах, але прыклады яе вырашэння ёсць. Так, у ходзе маніторынгу адзначаны эфектыўны вопыт арганізацыі “Выязных субот” на Гомельшчыне. Напрыклад, паміж установамі адукацыі Калінкавіцкага раёна праводзяцца мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы, на другім этапе акцыі арганізоўваюцца выезды навучэнцаў гарадскіх устаноў адукацыі ў сельскую мясцовасць з мэтай правядзення сумесных тэматычных дыскатэк, круглых сталоў, дыскусій па пытаннях, якія хвалююць дзяцей.
Але пры ўсім станоўчым вопыце навучальных устаноў спецыялісты, якія праводзілі маніторынг, адзначаюць, што сістэма арганізацыі шостага школьнага дня яшчэ далёкая ад дасканаласці, і заклікаюць педагогаў больш актыўна працаваць у гэтым кірунку. У прыватнасці, рэкамендуецца забяспечыць максімальна поўны спектр факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах, арганізаваць на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі занальныя цэнтры арганізацыі шостага школьнага дня, усклаўшы на іх паўнамоцтвы па яе каардынацыі ў раёне. У кожным раёне, дзе слаба развіта інфраструктура для вольнага часу, неабходна вырашыць пытанне падвозу навучэнцаў у шосты школьны дзень ва ўстановы адукацыі ці наладзіць правядзенне “выязных субот” па месцы жыхарства навучэнцаў.
Што тычыцца правядзення ўсіх масавых мерапрыемстваў — фінальных этапаў спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў, выстаў, канферэнцый, свят, то іх лепш перанесці на шосты школьны дзень. А пры арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы ўвогуле па магчымасці выкарыстоўваць такія формы, як майстар-класы па відах спорту, марафоны спартыўных танцаў, аэробікі, чырлідынгу, маладзёжных субкультур, праводзіць паказальныя выступленні навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, “урокі чэмпіёнаў” з запрашэннем на іх пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў, пераможцаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы, першынстваў Рэспублікі Беларусь. Рэкамендуецца ладзіць конкурсы “Лепшы трэнер”, віктарыны, конкурсы па прапагандзе алімпійскага руху, маладзёжныя ток-шоу, брэйн-рынгі “Фізкультура — спорт — здароўе!”, “Беларусь алімпійская” і інш.
У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь усім установам агульнай сярэдняй адукацыі рэкамендуюць усталяваць кантакты з установамі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і запрашаць на прафарыентацыйныя мерапрыемствы выкладчыкаў і навучэнцаў, праводзіць тэматычныя экскурсіі і дні адкрытых дзвярэй. Педагогам будзе карысна ўзяць пад увагу і вопыт развіцця прадпрымальніцтва ў маладзёжным асяроддзі. У цяперашні час невялікія вучэбныя бізнес-кампаніі з’явіліся ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Святлана НІКІФАРАВА.