Да пачатку навучальнага года засталося літаральна некалькі дзён. Дзеці вярнуліся з вёсак і дзіцячых аздараўленчых лагераў, а ў бацькоў скончыліся адпачынкі. Менавіта гэта самая актыўная пара падрыхтоўкі да школы, бо за невялікі час неабходна паспець многае: купіць адзенне і абутак, пісьмовыя прылады, рукзакі і г.д. У дапамогу ім — школьныя базары і спецыяльныя аддзелы магазінаў.
Як адзначылі ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама, гандлёвыя аб’екты рэгіёна прапануюць пакупнікам шырокі асартымент школьных тавараў. Пакупнікі маюць магчымасць выбару па мадэлях і відах, афарбоўцы выкарыстаных матэрыялаў. У асноўным гэта прадукцыя беларускай вытворчасці. Асобныя віды канцылярскіх тавараў завозяць з-за мяжы.
Сабраць дзіця ў школу дапамогуць 820 гандлёвых арганізацый, больш як 200 з якіх рэалізуюць адзенне і абутак. Патрэбныя тавары да школы можна таксама набыць на спецыялізаваных выставах-продажах і пашыраных распродажах, якіх у гэтым годзе запланавана больш за 230.
Акрамя таго, у рэгіёне працуе 71 школьны базар: 21 дзейнічае пастаянна, 50 — толькі ў выхадныя дні. Раней за ўсіх да навучальнага года маглі падрыхтавацца бабруйскія навучэнцы і іх бацькі. Так, штодзённы школьны базар у горадзе на Бярэзіне пачаў дзейнічаць з 15 ліпеня. У ім прымаюць удзел 27 суб’ектаў гаспадарання. Набыць тавары школьнага асартыменту можна і на прылеглай да бабруйскага ўнівермага тэрыторыі. Побач з вопраткай і канцылярскімі таварамі прапануюцца трыкатажныя і панчошна-шкарпэтачныя вырабы.
У Магілёве школьныя базары два: у самым цэнтры горада, на тэрыторыі парка атракцыёнаў і на перыферыі, у маладым мікрараёне Казіміраўка насупраць буйнога гандлёвага цэнтра. Яны працуюць увесь жнівень з 11 да 19 гадзін без выхадных. У раённых цэнтрах запланавана правесці 19 пастаянна дзеючых школьных базараў, арганізаваных сіламі раённых спажывецкіх таварыстваў або прыватнымі арганізацыямі.
У стандартны спажывецкі набор для школьнікаў уваходзяць адзенне і абутак, пісьмовыя і канцылярскія прылады, камплект бялізны, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. У гандлёвых арганізацыях вобласці для навучэнца пачатковай школы ён будзе каштаваць ад 247 да 557 беларускіх рублёў, для старшакласнікаў — ад 303 да 583 рублёў.
Таксама ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама ўдакладнілі, што пытанні пастаўкі і наяўнасці тавараў школьнага асартыменту знаходзяцца на пастаянным кантролі. У сваю чаргу, неабгрунтаванае павышэнне коштаў на школьную групу тавараў маніторыць абласное аб’яднанне прафсаюзаў.
Юлія БАЧКАРОВА.