Школьнікаў падчас факультатыву навучаць рабіць «бярозку», «мосцік», танцаваць «Лявоніху»

- 11:27Образование

Пастановай Міністэрства адукацыі ад 18 кастрычніка 2024 г. № 128 зацверджана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Аэробіка спартыўная» для 2—9-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Аб гэтым інфармуе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Мэта факультатыву — фарміраванне рознабакова фізічна і эстэтычна развітой асобы навучэнца сродкамі спартыўнай аэробікі. Сярод задач — развіццё асноўных фізічных якасцей школьнікаў, фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін і здаровага ладу жыцця, садзейнічанне ўмацаванню здароўя, выхаванне волі, дысцыплінаванасці, сацыяльнай актыўнасці і адказнасці, маральна-этычных і эстэтычных якасцей.

Праграма разлічана на 68 вучэбных гадзін у 2-х і 9-х класах і на 70 — у 3—8-х (2 гадзіны на тыдзень). У яе ўключаны элементы спартыўнай аэробікі, спартыўнай і мастацкай гімнастыкі, харэаграфіі (класічнага і народнага танца), акрабатыкі, практыкаванні агульнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі.

Як расказалі ў Акадэміі адукацыі, колькасць вучэбных гадзін у праграме, адведзеная на практычную частку і вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу, з’яўляецца прыкладнай і залежыць ад магчымасцей навучэнцаў і відаў дзейнасці, якія арганізуюцца педагогам на занятках, — дапускаецца пераразмеркаванне колькасці гадзін. Педагагічны работнік можа таксама самастойна размяркоўваць гадзіны на асваенне матэрыялу ўнутры тэмы. Рэкамендуецца выкарыстоўваць франтальны, групавы, індывідуальны метады.

На факультатыве школьнікі навучацца выконваць асноўныя рухі класічнага, народнага і сучаснага танца, асобныя акрабатычныя элементы і камбінацыі з іх, агульнаразвіццёвыя, лёгкаатлетычныя практыкаванні, практыкаванні і кампазіцыі спартыўнай аэробікі. У ліку элементаў, якія асвояць школьнікі, — дэмі пліе, батманы, харэаграфічныя скачкі. Праграма па акрабатыцы ўключае вывучэнне такіх рухаў, як кувырок наперад-назад, паўшпагат і шпагат, а таксама «мосцікі», перакаты, «бярозка», «кола», стойка на галаве і руках. Напрыклад, у 2-м класе дзеці змогуць выконваць такія элементы класічнага танца, як батман тандэм, батман тандэм жэтэ, ронд дэ жамб партэр, гранд батман жэтэ. У 6-м класе — танцаваць польку, «Лявоніху», «Крыжачок», «Крутуху» і «Купалінку» і рабіць акрабатычны элемент «кола».

У выніку асваення зместу праграмы школьнікі павінны ведаць правілы бяспечных паводзін падчас заняткаў аэробікай, асаблівасці ўплыву заняткаў спортам на ўмацаванне здароўя, асноўныя правілы спартыўнай аэробікі, паказваць правільную тэхніку ўсіх рухаў, перадаваць іх тэмпавую паслядоўнасць, слухаць, успрымаць, ацэньваць музыку і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі