Школьны аўтаград

- 10:40Выхаванне

Цэнтр бяспекі дарожнага руху створаны ў сярэдняй школе № 12 Гродна.

Прышкольная тэрыторыя ператварылася ў пляцоўку з разметкай руху, прыпынкамі грамадскага транспарту, веладарожкамі, святлафорамі і знакамі дарожнага руху, дзе можна адпрацоўваць розныя сітуацыі на дарогах. Тут размешчаны і інфармацыйныя стэнды па бяспецы руху “Я пасажыр”, “Я веласіпедыст”, “Я пешаход”. У спецыяльным кабінеце школьнікі будуць удасканальваць тэарэтычныя веды.

— Да адкрыцця такога цэнтра мы ішлі не адзін год, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 12 Ала Галавенка. — У школе 12 гадоў дзейнічае атрад юных інспектараў дарожнага руху “Бяспечны вектар”, які дзевяць разоў станавіўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў. Мы актыўна супрацоўнічаем з Дзяржаўтаінспекцыяй, сумесна праводзім шмат акцый з удзелам вучняў і іх бацькоў. Распрацоўкай цэнтра займалася не толькі школа. Нам дапамагалі аддзелы адукацыі, супрацоўнікі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, Дзяржаўтаінспекцыі, ААТ “Гроднажылбуд”, ДТСААФ, грамадскае аб’яднанне “ВелаГродна”. Наша мэта — навучыць дзяцей быць адказнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, каб яны добра ведалі правілы і прымянялі іх у жыцці.

Гэтыя мэты ажыццяўляюцца ў сярэдняй школе № 12 і ў межах рэалізацыі міжнароднага праекта “Школа — тэрыторыя бяспекі і здароўя”, які падтрымліваецца ЮНІСЕФ.

На ўрачыстасць з нагоды адкрыцця першага ў вобласці школьнага цэнтра бяспекі дарожнага руху прыйшлі госці — выконваючы абавязкі начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Віталь Стасюкевіч, начальнік Гродзенскай Дзяржаўтаінспекцыі Уладзімір Назарка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык, намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Жанна Грыцкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Адамовіч, дырэктар ААТ “Гроднажылбуд” Алег Ушкевіч, кіраўнік праектаў Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Алена Карнеева.

Гасцей віталі члены атрада “Бяспечны вектар”. Пасля ўручэння дырэктару школы сімвалічнага ключа і падарункаў — відэапраектара і аргтэхнікі для новага цэнтра — усіх запрасілі на экскурсію.

Кабінет бяспекі руху абсталяваны камп’ютарамі і мультымедыйным праектарам, тут ёсць навучальныя стэнды “Дарожныя знакі”, размешчаны дыдактычныя матэрыялы, развіццёвыя гульні для малодшых школьнікаў. Устаноўленыя вучэбныя праграмы дазваляюць з дапамогай 3D-выявы мадэляваць любыя дарожныя сітуацыі і глядзець на іх як з боку пешахода ці веласіпедыста, так і з боку вадзіцеля аўтамабіля. Педагог са свайго камп’ютара можа назіраць, як навучэнец спраўляецца з заданнем, фіксаваць яго памылкі і карэкціраваць дзеянні.

Веды па бяспецы дарожнага руху вучні атрымаюць і на прышкольным аўтадроме, дзе таксама будуць мадэлявацца сітуацыі, з якімі дзеці могуць сутыкнуцца на вуліцах Гродна. Тут створаны і кальцавыя развязкі і скрыжаванні, падобныя да тых, што існуюць у горадзе, веласіпедныя і пешаходныя дарожкі, прыпынак грамадскага транспарту. На веласіпедах дзеці ездзяць па аўтадроме ўжо сёння, у перспектыве будуць ездзіць на электрамабілях.

— Цэнтр бяспекі дарожнага руху стане вучэбнай пляцоўкай для навучэнцаў усіх гродзенскіх школ, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Адамовіч. — У рамках шостага школьнага дня тут будуць арганізоўвацца заняткі для навучэнцаў з 1 па 11 клас, якія будуць праводзіць супрацоўнікі ДАІ.

А ў планах Дзяржаўтаінспекцыі — стварыць на базе сярэдняй школы № 12 профільны клас, выпускнікі якога маглі б стаць у будучыні супрацоўнікамі гэтага ведамства.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.