— Сёння вельмі актуальнай з’яўляецца праблема арганізацыі вольнага часу малодшых школьнікаў у час летніх канікул, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Пінска С.І.Мацукевіч. — Стварэнне летніх аздараўленчых лагераў на базе ўстаноў адукацыі — адно з эфектыўных рашэнняў гэтай праблемы. Праўда, вынік ад дзейнасці такіх лагераў залежыць найперш ад правільна спланаванай работы, уменняў цікава арганізаваць адпачынак дзяцей, выверанага спалучэння метадаў і прыёмаў, разумнага размеркавання даручэнняў і г.д. На базе нашай гімназіі ўжо не адзін год паспяхова функцыянуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Дамавік”.
Па словах педагога-арганізатара лагера Т.У.Клімовіч, у ім створаны належныя ўмовы для ўмацавання фізічнага і псіхічнага здароўя дзяцей, развіцця іх творчых і інтэлектуальных здольнасцей, патрыятычнага, маральнага і экалагічнага выхавання, фарміравання здаровага ладу жыцця, прафілактыкі шкодных звычак і негатыўных з’яў сярод вучняў.
— Эфектыўная работа школьнага лагера залежыць ад плана, у якім правільна і аптымальна выбраны і структураваны розныя справы і мерапрыемствы (напрыклад, па тэматычных днях), — адзначае Т.У.Клімовіч. — Гэта дазваляе педагогам сістэмна вырашаць пастаўленыя задачы, а дзецям больш эфектыўна ўспрымаць сацыяльна значныя нормы і каштоўнасці. Самае важнае пры складанні тэматычных дзён — заўсёды ўлічваць пажаданні дзяцей. Для гэтага выкарыстоўваецца гульнявое практыкаванне “Паляна пажаданняў”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі размяшчаюць свае пажаданні для цікавай арганізацыі наступнага дня. Вельмі добра сябе зарэкамендавалі дні “Мой лагер” і “Казачны пярэпалах”, а таксама дні здароўя, кветак, даследчыка, талентаў, беражлівасці, прафарыентацыі, рэкордаў Гінэса ў лагеры, вясёлых майстроў, музеяў, роднага горада, кемлівых, бяспекі, сюрпрызаў, памяці, чысцёхі і развітання. У рамках гэтых дзён праходзяць тэматычныя лінейкі, экскурсіі, гульні, турніры, рэйды, практычныя заняткі, спартыўныя мерапрыемствы, дыскусіі, брэйн-рынгі, конкурсы, творчыя праекты і лабараторыі, віктарыны, дыскатэкі, даследчыя і бібліяграфічныя паядынкі, завочныя падарожжы, акцыі, майстар-класы, творчыя майстэрні і круглыя сталы. Вельмі важна, што ўсе яны маюць выхаваўчы характар. Так, тэматычныя лінейкі ў гульнявой форме “АБВГДэйкі” нагадваюць дзецям аб правілах бяспечных паводзін на дарозе, у вадзе і пры пажары, правілах этыкету, здаровага ладу жыцця і іншых, прычым цікава і ненадакучліва. Вучням вельмі падабаецца такі адпачынак, таму ў школьны лагер яны ідуць з вялікім задавальненнем.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.