У Вішнявецкай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна пачаў працаваць паліграфічны цэнтр «Якуб», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Сёння ў ім творчыя ідэі рэалізуюць 13 навучэнцаў. Школьнікі разам з педагогамі выпусцілі больш як 30 відаў прадукцыі, прычым яна ўся на беларускай мове.
Ініцыятыва стварэння цэнтра належыць настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыі Сцяпанаўне Бараноўскай і намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіне Іванаўне Любавецкай.
— У верасні бягучага года калегі прапанавалі арганізаваць школьную бізнес-кампанію, — расказвае дырэктар Вішнявецкай сярэдняй школы Таццяна Сасноўская. — Асноўная мэта, якую акрэслілі педагогі, —расказаць падлеткам пра тое, як кіраваць бізнесам, як яго развіваць.
Акрамя таго, што дзеці вывучаць асноўныя правілы вядзення бізнесу, яны змогуць у будучыні правільна кіраваць фінансамі, а гэта важны і неабходны навык не толькі для школьнікаў.
— Мы чыталі шмат літаратуры, вывучалі вопыт іншых устаноў, каб зразумець, ці ў правільным кірунку рухаемся, — працягвае дырэктар школы. — Галоўным праектам бізнес-кампаніі стала стварэнне паліграфічнага цэнтра «Якуб».
Сёння тут педагогі могуць друкаваць дапаможнікі для ўрокаў, а таксама прадукцыю, неабходную для арганізацыі і правядзення як класных, так і школьных мерапрыемстваў.
— Пакуль што паліграфічны цэнтр працуе не на поўную моц, але гэта справа часу, — адзначае М. Бараноўская. — Нашы вучні вырабляюць календары, брашуры, флікеры для іншых устаноў адукацыі, якія знаходзяцца паблізу. Калі настаўнікам па тым ці іншым прадмеце неабходны дадатковы матэрыял, цэнтр стварае тэматычныя лэпбукі. Навучэнцы самастойна распрацоўваюць дызайн, падбіраюць інфармацыю і такім чынам рыхтуюць праект.
Паштоўкі на святы, сувеніры, наглядныя матэрыялы і выпуск школьнай газеты «Лістапад» — над усім гэтым працуюць удзельнікі бізнес-кампаніі.
Кіраўніком паліграфічнага цэнтра ад вучнёўскага камітэта стаў навучэнец 9 класа Стэфан Бараноўскі. Дарэчы, менавіта ён прыдумаў для праекта трапную назву, з сэнсам.
— «Якуб» не проста імя і не выпадковае для мяне слова, — тлумачыць С. Бараноўскі. — Першы элемент назвы — літара «Я», што сімвалізуе маю асобу як вучня, які нясе адказнасць за рэалізацыю праекта. Другі элемент — «куб» — трохмерная фігура, якая ўвасабляе нашы розныя творчыя памкненні, маштаб агульнай задумы, яе трываласць, устойлівасць і рацыянальнасць. Таксама на выбар назвы праекта паўплываў наш славуты зямляк Якуб Колас, чыё імя выразна гучыць у назве творчай ініцыятывы.
Ствараць якасныя дапаможнікі і буклеты навучэнцам дазваляе сучаснае абсталяванне, такое як ламінатар, брашуратар, каляровы прынтар. Дарэчы, пасля таго, як у школе пачаў працаваць цэнтр паліграфіі, школьная газета «Лістапад» стала больш якаснай, каляровай.
— Наша прадукцыя вырабляецца для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, — падагульняе М. Бараноўская. — Для навучэнцаў пачатковых класаў юныя друкары выдаюць дапаможнікі, якія дазваляюць у гульнявой форме вывучаць беларускую мову. Увогуле, роля паліграфічнага цэнтра ў папулярызацыі роднай мовы вельмі важная. Што тычыцца планаў на будучыню, то збіраемся пашыраць спектр сваіх паслуг і выходзіць на новы ўзровень развіцця, працаваць, як сапраўдная бізнес-кампанія, здольная зарабляць.
Наталля САХНО
Фота прадастаўлена школай