Школьны радавод

- 14:55Выхаваўчая прастора

Сёння ўвечары ў кожнай установе адукацыі будуць панаваць святочная атмасфера, добры настрой, усмешкі, успаміны, настальгія — у краіне пройдуць традыцыйныя вечары сустрэчы выпускнікоў. У Жалудоцкай сярэдняй школе імя В.Урублеўскага Шчучынскага раёна месцам сустрэчы былых вучняў і настаўнікаў стануць не толькі вучэбныя кабінеты і актавая зала, але і незвычайны разгалісты дуб.

Кожнаму выпускніку Жалудоцкай школы прыемна пастаяць пад яго магутнай кронай, узгадаць школьнае жыццё, разгледзець фотаздымкі выпускных класаў розных гадоў, убачыць сябе, юнага, летуценнага, перад якім былі ўсе жыццёвыя дарогі. Магутным дрэва стала не адразу. Спачатку дырэктар школы Уладзімір Анатольевіч Васількевіч разам з калегамі правёў вялікую пошукавую работу, знайшоў некалькі дзясяткаў выпускных фотаздымкаў. Потым пачаўся адказны працэс афармлення школьнага радаводу. І ў 2014 годзе ў новым корпусе школы, насупраць актавай залы, з’явілася арыгінальнае дрэва.

Пад намаляваным дубам мнагалюдна не толькі ў першую суботу лютага, але і ў жніўні, калі ў Жалудку праходзіць фестываль кветак, на які з’язджаюцца ўраджэнцы былога мястэчка. Люты, жнівень… У Жалудоцкай школе сваім выпускнікам заўсёды рады. Вялізнае дрэва школьнага радаводу ў любы час ласкава сустрэне выпускнікоў і падорыць ім чароўны, ледзь чутны пошум сваёй лістоты.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.