Школьны савет міністраў

- 11:41Выхаванне

Галоўнай мэтай сваёй дзейнасці калектыў сярэдняй школы № 3 Ашмян вызначыў рознабаковае развіццё інтэлектуальнай, творчай, маральна сталай і фізічна здаровай асобы сваіх навучэнцаў. І гэтую мэту рэалізуюць праз фарміраванне ў іх патрэбы ў навучанні і самаразвіцці, грамадзянскай адказнасці.

Уладзімір ВОЙНЮШ, дырэктар сярэдняй школы № 3 Ашмян:

— Школа для дзіцяці — гэта тое месца, дзе яно асвойвае сацыяльныя ролі, рыхтуе сябе да дарослага жыцця. У пэўнай ступені поспех, пачуццё задаволенасці сваім жыццём будзе вызначацца ў будучыні тым, як дзіця прайшло працэс выхавання і сацыялізацыі ў школе, якія веды набыло. Дзейнасць дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў нашай школы накіравана на фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі вучняў, праяўленне ініцыятывы кожнага дзіцяці, фарміраванне лідарскіх якасцей у развіцці школьнага самакіравання.

У нашай школе першая ступень самакіравання пачынаецца ў класным калектыве. Органы самакіравання ў класе выбіраюцца пад кожны від дзейнасці так, каб усе навучэнцы ўваходзілі ў той ці іншы орган міністэрства. Кожны сектар выбірае са свайго складу міністра. З міністраў складаецца савет міністраў класа. У кожнага члена класных органаў самакіравання ёсць свае абавязкі. Савет класа рыхтуе інфармацыю і прапановы ў прэзідэнцкі савет і вучнёўскі сход.

Другая ступень — прэзідэнцкі савет, у які выбіраюцца найбольш актыўныя навучэнцы 9—11 класаў, якія карыстаюцца аўтарытэтам у сваіх таварышаў і здольны павесці за сабой. Вучнёўскі сход разглядае кандыдатуры і выбірае прэзідэнта. Так, у верасні 2017 года прайшлі выбары прэзідэнта школы. На гэтую пасаду была выбрана навучэнка 10 класа Наталля Пазняк. Наталля з’яўляецца дэпутатам раённага маладзёжнага парламента, актыўна ўдзельнічае ў жыцці школы і раёна. У 2017 годзе яна заняла 1-е месца ў Рэспубліканскім грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” ў намінацыі “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца”, 2-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу юных журналістаў “Ты ў эфіры!”, 2-е месца ў абласным этапе конкурсу фотаработ “Мая чароўная Беларусь” у рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Яна фіналіст рэгіянальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, прыняла ўдзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крышталёвая Альфа”.

Адна з форм школьнага самакіравання — гэта школьнае тэлебачанне. Відэаролікі, створаныя ўдзельнікамі школьнай студыі, штогод займаюць прызавыя месцы як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні.

Піянерская дружына імя Аўдзеева прызнана лепшай у раёне. Піянеры школы ў раённым конкурсе “Раўненне на сцяг” занялі 1-е месца ў намінацыі “Лепшае сцяг-шоу”.

90% вучняў 9—11 класаў з’яўляюцца членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У снежні 2017 года яшчэ 59 юнакоў і дзяўчат уступілі ў рады маладзёжнай арганізацыі. Навучэнцы 10 класа былі адзначаны дыпломам раённай арганізацыі БРСМ “За актыўны ўдзел у жыцці Ашмянскага раёна”.

Данута ЯНЦЭВІЧ, намеснік дырэктара по выхаваўчай рабоце:

— З лістапада 2016 года ў школе працуе бізнес-кампанія “Ачумелыя ручкі”. Удзельнікі — навучэнцы 8—11 класаў, іх бацькі, педагогі, прадстаўнікі бізнесу і грамадскасці. Работы, створаныя ўдзельнікамі школьнай бізнес-кампаніі, упрыгожваюць фае і кабінеты школы. Выкананы заказ на пашыў сцэнічных касцюмаў танцавальных калектываў школы, рэалізаваны велікодныя і калядныя сувеніры на дабрачынных кірмашах. Заробленыя грошы накіраваны на аказанне фінансавай дапамогі ў лячэнні дзяцей, хворых на анкалогію, арганізацыю і правядзенне экскурсій па Рэспубліцы Беларусь.

З восені 2011 года наша школа ўдзельнічае ў рэалізацыі міжнароднага праекта “Зялёная школа”. Навучэнцы школы пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка 7 “Г” класа Кацярыны Талочка распрацавалі сеткавы экалагічны праект на аснове методык адукацыйных праграм Intel “Навучанне для будучыні” і “Вучымся з Intel”. Праект рэалізуецца як прыгодніцкі вэб-квест, у якім удзельнікі, выступіўшы ў ролі пачаткоўцаў-дэтэктываў-эколагаў, адказваюць на пытанне “Як абараніць жыццё на Зямлі і выратаваць свой горад дзеля будучыні?”. У кожнай камандзе — дэтэктыўным агенцтве — удзельнікі размяркоўваюць ролі: дырэктар, следчыя, фатограф-крыміналіст, аператыўныя супрацоўнікі, група хуткага рэагавання.

Каманды ствараюць ілюстраваны “Збор правіл жыхара Ашмян”. Праект стаў пераможцам абласнога конкурсу эколага-біялагічных работ, фіналістам рэгіянальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Юлія ВАЙДА, педагог-арганізатар:

— Штогод у нашай школе праводзяцца конкурсы “Вучань года” і “Самы класны клас”. Кандыдатам на званне “Вучань года” можа стаць навучэнец, які мае сярэдні бал па вучэбных прадметах не менш за 7 ці з’яўляецца прызёрам або пераможцам творчых конкурсаў, прадметных алімпіяд, аўтарам даследчых работ. Званне “Вучань года” атрымлівае адзін чалавек, а ўсе астатнія ўдзельнікі таксама становяцца пераможцамі: ім уручаюць граматы і прысуджаюць першынство ў намінацыях “Жывая энцыклапедыя” (самы дасведчаны, эрудзіраваны), “Бурштынавыя россыпы” (самы дасціпны), “Пунсовыя ветразі” (воля да перамогі), “Бліскучыя смарагды” (чароўнасць), “Вучоная сава” (самы мудры), “Залаты яблык” (самы знаходлівы ўдзельнік).

Рэйтынг класаў вядзецца на працягу навучальнага года. Пераможца конкурсу атрымлівае таблічку “Самы класны клас”, якая мацуецца на дзверы класа-пераможцы. Такая таблічка зараз размешчана на дзвярах 7 “А” класа.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.