У межах ІІІ Рэспубліканскага фестывалю педагагічнага майстэрства “Педагог-майстар — маладому настаўніку” прайшоў круглы стол па праблемах маладых педагогаў. У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.П.Манастырны, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА Г.І.Нікалаенка, першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Андарала, намеснік старшыні ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Р.В.Дапіра, а таксама прадстаўнікі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, НІА, маладыя педагогі, выпускнікі педагагічных УВА і інш.
Хто сёння ідзе ў педагагічную прафесію? Як зрабіць так, каб малады спецыяліст прыйшоў у школу і застаўся там працаваць? Якія цяжкасці ўзнікаюць у пачынаючых настаўнікаў у працэсе сацыяльна-псіхалагічнай і прафесійнай адаптацыі? Хто павінен дапамагчы ім у пераадоленні гэтых цяжкасцей? Якія ўмовы павінны быць створаны для маладых спецыялістаў ва ўстанове адукацыі для ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці з мэтай рэалізацыі перспектыў уласнага кар’ернага росту? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў круглага стала.
Пра прафарыентацыйную работу
Аляксандр Іванавіч АНДАРАЛА, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка:
— Настаўнік пачынаецца не з педуніверсітэта, а менавіта са школы. Калі б кожная школа падумала аб тым, каб выгадаваць сабе дастойную змену, а кожны настаўнік хварэў за гэтую справу душой, то ў нашых педагагічных УВА быў бы конкурс. А сёння ў нас назіраецца зусім іншая карціна: напрыклад, па плане прыёму на фізіку сёлета неабходна было набраць 75 чалавек, а жадаючых было ўсяго 27. Са свайго боку мы робім усё магчымае, каб прапагандаваць настаўніцкую прафесію: выступаем на тэлебачанні, у друкаваных сродках масавай інфармацыі. У БДПУ днямі адбыўся “Зорны паход”. На працягу 4 дзён больш за 150 лепшых студэнтаў і выкладчыкаў у складзе 6 атрадаў прайшлі па тэрыторыі Ашмянскага, Лідскага, Іўеўскага, Салігорскага, Вілейскага і Клічаўскага раёнаў. На месцах яны праводзілі прафарыентацыйную работу, выступалі перад школьнікамі, расказвалі аб жыцці педуніверсітэта, факультэтаў. Аднак адзін педуніверсітэт прафарыентацыйную работу не ў сілах праводзіць ва ўсіх школах, хацелася б мець дапамогу на месцах. Так, сёння, на жаль, да нас прыходзяць не самыя лепшыя і самыя падрыхтаваныя абітурыенты. У мінулым годзе мы прынялі 84 чалавекі на спецыяльнасць “Фізіка”, а на працягу года па розных прычынах было адлічана 40 студэнтаў. Чаму так адбываецца? Проста людзі пайшлі на гэтую спецыяльнасць, таму што на яе не было конкурсу. Праблема, якая сёння стаіць, вельмі важная. Давайце яе вырашаць разам. І сродкам масавай інфармацыі трэба павярнуцца да настаўніка, паказваць станоўчыя бакі яго жыцця.
Васіль Антонавіч БУДКЕВІЧ, намеснік міністра адукацыі:
— У кожнага чалавека ў жыцці ёсць людзі, якіх ён называе сваімі настаўнікамі. Менавіта мае настаўнікі падштурхнулі мяне да прафесіі. І я матывавана выбіраў педагагічную прафесію і прайшоў шлях ад настаўніка да кіраўніка ў сістэме адукацыі. Лічу, што сваімі адносінамі да работы, да жыцця ў цэлым настаўнік павінен паказваць прыклад маладому падрастаючаму пакаленню. Бо настаўнік — гэта не столькі прафесія, колькі стан душы чалавека, гэта работа 24 гадзіны ў суткі і 365 дзён у год…
Прывяду некаторыя лічбы. У 2011 годзе на педагагічныя спецыяльнасці было прынята 6300 абітурыентаў, у 2012 — 9400, а ў 2013 — 9600. Выпуск у гэтыя ж гады склаў 9900 чалавек, 11300 і 9200 адпаведна. У савецкі час усе нашы педагагічныя УВА выпускалі крыху больш за 4000 маладых спецыялістаў. У 2011 годзе ва ўстановы адукацыі было накіравана 6200 маладых выпускнікоў, і амаль усе прыступілі да работы, у 2013 годзе — 6283 маладыя спецыялісты (прыступілі да работы 5950). Можа быць мы рыхтуем зашмат педагогаў? Магчыма, іх нам ужо дастаткова, і выпускаць трэба менш, але лепш падрыхтаваных?
Аляксандр Іванавіч АНДАРАЛА:
— Усё залежыць ад таго, як лічыць. У савецкі час планы прыёму былі большымі. Тады мы выпускалі толькі настаўнікаў-прадметнікаў, а зараз мы рыхтуем і псіхолагаў, і сацыяльных педагогаў, і інш. І ўсё гэта абагульняем і атрымліваем пэўны вынік. Калі ж браць асобны выпуск настаўнікаў-прадметнікаў, то атрымліваецца, што план прыёму на бюджэтнае аддзяленне паменшыўся на 2000 чалавек. Трэба разумець і тое, што чалавек у савецкі час паступаў для таго, каб атрымаць прафесію і працаваць па ёй, адлічыць яго было вельмі складана. Пазабюджэтнікі ў большасці сваёй — гэта людзі, якія прыходзяць не па прафесію, а па вышэйшую адукацыю. І атрымліваецца, што адзінкі выяўляюць жаданне працаваць па педагагічнай спецыяльнасці.
Васіль Антонавіч БУДКЕВІЧ:
— А мне падаецца, што тыя спецыялісты, якія вучацца на бюджэце, праз два гады могуць хутчэй знайсці сабе добрую фірму, бо яны сапраўды матываваныя і веды ў іх былі вышэйшымі, чым у тых абітурыентаў, якія ішлі на пазабюджэт. А нам у школу часам можа дастацца той, хто вучыўся за грошы. Праблема ў тым, што за апошнія дваццаць гадоў у нас з’явілася вялікая колькасць людзей з дыпломам аб вышэйшай адукацыі, але без вышэйшай адукацыі. Гэта спецыялісты нізкай якасці, і не толькі педагогі. На жаль, мне падаецца, што сёння сам па сабе арыенцір на высокую якасць адукацыі крыху нівеліраваўся. А гэта ж усё перадаецца па ланцужку: мы падрыхтавалі нізкай якасці педагога, ён падрыхтаваў такога ж нізкай якасці выпускніка і г.д. І тут вельмі важная роля вышэйшай школы. Ад яе залежыць многае. Таму ўпор неабходна рабіць не на колькасць, а на якасць. Трэба толькі ўзняць планку, якую неабходна пераскочыць абітурыенту пры паступленні, на некалькі балаў, — і вышэйшая школа баіцца, што будзе недабор. Магчыма, гэта і добра, што ён будзе. Год не набераце, два не набераце — усё ж мы павінны адбіраць якасны прадукт.
Ала Васільеўна РАЛЬКЕВІЧ, дырэктар Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці:
— Школы, гімназіі не менш занепакоены праблемай станаўлення якаснага маладога настаўніка. Лічу, што ўсё залежыць ад асяроддзя, у якім дзіця — будучы настаўнік выхоўвалася і атрымлівала асноўныя веды па прадметах і ўвогуле аб жыцці. Бо настаўнік — гэта не толькі той, хто вучыць прадмету, а гэта чалавек, які вучыць жыццю, які з’яўляецца ўзорам. Я аптыміст па жыцці і лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам, бо нарадзілася ў сям’і настаўнікаў і для мяне гэтае асяроддзе стала лёсавырашальным у выбары прафесіі. Перада мной ніколі не стаяла пытанне “Кім быць?”, а стаяла пытанне “Як стаць добрым настаўнікам?”. Памятаю словы свайго бацькі, які гаварыў: “Калі ты так хвалюешся па кожным пытанні: і па паводзінах, і па ведах вучняў, то станеш добрым настаўнікам”.
Мы сабраліся для таго, каб дапамагчы маладым спецыялістам у адаптацыйным перыядзе, у станаўленні, каб падтрымаць іх пэўным чынам. У дырэктараў устаноў адукацыі сёння значна больш паўнамоцтваў — мы самі вырошчваем будучага настаўніка. Лічу, што калі са сцен установы адукацыі штогод выходзяць добрыя выпускнікі, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з педагогікай, то гэта плюс гэтай установе. Я не скажу, што ў Мар’інагорскай гімназіі вельмі шмат такіх вучняў, але кожны год 3-4 чалавекі вяртаюцца да нас у якасці маладых настаўнікаў. І проста так нашы педагогі не пакідаюць сцены ўстановы. Я з гонарам магу сказаць, што ў нас 10 маладых спецыялістаў знаходзяцца ў дэкрэце. У гэты момант у нас інтэнсіўна працуе старэйшае пакаленне. Мне падаецца, што калі некалькі гадоў назад было імгненне нейкай разгубленасці і заклапочанасці наконт будучыні школьнай адукацыі, то сёння ўжо сітуацыя выроўніваецца. Мяркую, дасць свой плён і працэс аптымізацыі. А маладым калегам хачу сказаць, каб ні на хвіліну не сумняваліся, настаўнік — самая лепшая прафесія на зямлі, самая крэатыўная.
Пра праблемы маладых настаўнікаў
Вераніка Генадзьеўна РЭУТ, начальнік аддзела сацыялогіі адукацыі і павышэння кваліфікацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:
— У АПА на працягу васьмі гадоў вядзецца пралангаванае даследаванне па вывучэнні цяжкасцей, якія ўзнікаюць у працэсе работы пачынаючых настаўнікаў. У ім удзельнічаюць не толькі маладыя педагогі, якія прыступілі да работы, але і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, у якіх ажыццяўляюць дзейнасць пачынаючыя настаўнікі. У многім меркаванні маладых педагогаў і кіраўнікоў супадаюць. З невялікай разбежкай у 5-6% кіраўнікі ніжэй ацэньваюць педагогаў. І гэта добра, бо амбіцыі ў маладых настаўнікаў ёсць і самаацэнка крыху вышэйшая. Устойлівым з’яўляецца паказчык прадметнай падрыхтоўкі. І моладзь, і кіраўнікі дастаткова высока ацэньваюць сваю кампетэнтнасць у прадметнай галіне — ад 60 да 80% у розныя гады. Прадметнае лідарства захоўваецца за Белдзяржуніверсітэтам. Прадметныя кампетэнцыі дапаўняюць і валоданне ІТ-тэхналогіямі, актыўнымі формамі і метадамі навучання, і дыферэнцыяцыя навучэнцаў і ўменне працаваць з імі, і гатоўнасць выкарыстоўваць псіхалагічныя методыкі. Гэтыя кампетэнцыі сфарміраваны крыху ніжэй, чым прадметныя, але таксама на высокім узроўні (50 — 70%). У чым сёння малады педагог, па яго меркаванні, недастаткова сфарміраваны? Недастаткова сфарміраваны ўменні ў галіне выхаваўчай работы ў цэлым — уменні працаваць з бацькамі, з дзецьмі з дэвіянтнымі паводзінамі, праводзіць інавацыйную дзейнасць.
У 2006 — 2007 гадах самымі праблемнымі для маладога настаўніка былі недастатковая метадычная падрыхтоўка, недасканаласць нарматыўна-прававой базы, у якой ён дрэнна арыентуецца, аднастайныя формы і метады работы з маладымі педагогамі. У 2008 — 2009 гадах акцэнты змясціліся ў іншы бок: арганізацыя настаўніцтва ва ўстанове адукацыі, валоданне інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Сёння маладыя педагогі адчуваюць патрэбу ў развіцці дыстанцыйнай сістэмы падтрымкі педагога, у арганізацыі цьютарства (кансультавання). Пераважная большасць педагогаў выступае з прапановай правядзення анкетавання ці тэсціравання на прафпрыгоднасць пры прыёме ва УВА з мэтай дапамагчы абітурыентам сарыентавацца, адбіраць па пэўных якасцях і накіроўваць, магчыма, у іншую педагагічную галіну.
Сяргей Мікалаевіч ФАДЗІН, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 26 Гродна:
— Калі малады спецыяліст прыходзіць у школу, на яго адразу ж звальваецца вялікая колькасць нарматыўных дакументаў, якія трэба дасканала вывучыць і прымяніць на практыцы. А калі маладому спецыялісту яшчэ адразу даюць класнае кіраўніцтва, то паўстае праблема наладзіць работу не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Псіхалагічная падрыхтоўка да гэтага ва ўніверсітэце вядзецца, але яна павярхоўная і самой работы з людзьмі не прадугледжвае. А таму і ўзнікаюць шматлікія пытанні.
Васіль Антонавіч БУДКЕВІЧ:
— Я згодны з вамі. Для маладога спецыяліста павінен быць нейкі адаптацыйны перыяд. Год-два трэба даць пачынаючым педагогам на тое, каб яны ўвайшлі ў прафесію чыста практычна, каб адчулі сябе не проста студэнтамі, а педагогамі. Таму што УВА дае ўсё ж больш тэорыі. Лічу, што варта паступова ўводзіць маладога спецыяліста ў прафесію. Я памятаю сябе, калі прыйшоў у школу. Мне не далі адразу класнае кіраўніцтва, аднак мне паказалі клас і сказалі, што ў наступным годзе я буду ў ім класным кіраўніком. Дырэктар школы разам з настаўніцай пачатковых класаў правялі ў гэтым напрамку вялікую прапедэўтычную работу. Я пазнаёміўся з дзецьмі, мяне бачылі бацькі, мы з імі ўзаемадзейнічалі. І ў другі год работы ў школе я з радасцю чакаў першага верасня, каб быць класным кіраўніком. Шчыра скажу, ад класнага кіраўніцтва атрымліваў вялікае задавальненне. Акрамя таго, лічу важным, каб студэнты праходзілі практыку ў розных навучальных установах: спярша ў лепшых настаўнікаў, а затым у сельскіх школах.
Аляксандр Іванавіч АНДАРАЛА:
— Мы толькі вітаем, каб спачатку практыка была арганізавана ў лепшых настаўнікаў, а потым у сельскай школе. Але тут замінка ў тым, што калі мы навучэнца накіроўваем у сельскую школу на практыку, то павінны выдаць яму камандзіровачныя, забяспечыць жыллём і г.д. Калі дырэктар навучальнай установы можа прыняць маладых спецыялістаў, то тады іншая справа. Дарэчы, 80% выпускнікоў пятага курса факультэта пачатковай адукацыі і столькі ж выпускнікоў факультэта дашкольнай адукацыі працуюць у школах і дзіцячых садках Мінска.
Аляксандр Юр’евіч ПРОХАРАЎ, настаўнік гісторыі Бабініцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна Віцебскай вобласці:
— Мне хочацца акцэнтаваць увагу на некалькіх момантах. Па-першае, гэта шматлікая папяровая работа, якую даводзіцца весці настаўніку. Ну вось, напрыклад, назаву толькі некаторыя з дакументаў, якія неабходна нам запаўняць. Мне далі класнае кіраўніцтва ў 7 класе адразу ў першы год работы ў школе. Мы прыходзім на работу 15 жніўня, а першыя паперы — акты абследавання сем’яў навучэнцаў — павінны зда ць ужо да 10 верасня. І вялікая праблема — у сціслыя тэрміны пазнаёміцца з дзецьмі. А ў сельскай мясцовасці часам, каб наведаць некаторых вучняў, трэба пераадолець адлегласць у дзесяць-пятнаццаць кіламетраў. Акрамя таго, мы павінны штотыднёва складаць дакументы, якія рэгулююць работу з сем’ямі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і якія абавязкова патрабуюцца адміністрацыяй. У свой асабісты час мы павінны наведваць такіх дзяцей. У мяне такіх навучэнцаў у класе двое.
Што тычыцца прадмета, які я выкладаю, то скажу, што вельмі складана спачатку паўгода выкладаць пэўны перыяд курса сусветнай гісторыі, а потым паўгода, забыўшыся пра сусветную гісторыю, праводзіць заняткі па гісторыі Беларусі. Невялікая колькасць гадзін прывядзе да таго, што гісторыю роднай краіны мы забудзем. У нас замежная мова выкладаецца ў разы больш, чым родная. І яшчэ адна праблема — выкладанне гісторыі Беларусі на рускай мове. Гэта няправільна.
Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, вялікую падтрымку я адчуваю ад адміністрацыі школы, калег-педагогаў. На метадычных аб’яднаннях вырашаюцца ўсе праблемы, якія ўзнікаюць. У нас існуе пазагалоснае правіла ў школе: калі малады спецыяліст звярнуўся, то ніхто не мае права яму адмовіць.
Васіль Антонавіч БУДКЕВІЧ:
— Выкладанне гісторыі Беларусі на рускай мове — штучна створаная праблема. Я, як і вы, лічу, што было б правільна выкладаць гісторыю на беларускай мове. Калі ў навучэнца ёсць жаданне вывучаць, а ў настаўніка выкладаць прадмет на беларускай мове, то гэтаму ніхто не перашкодзіць. Мы ставім задачу, каб у рускамоўных школах падручнікі па гісторыі і геаграфіі былі ў двух варыянтах — на рускай і беларускай мовах.
А што тычыцца запаўнення педагогамі дакументаў па дэкрэце № 18, які рэгулюе работу з сем’ямі, то за паперамі стая ць рэальныя жыцці дзяцей. Дэкрэт № 18 даў магчымасць нашай краіне не мець масавай безнагляднасці, як у іншых краінах постсавецкай прасторы.
Бажэна Юр’еўна ГАНУШКІНА, студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта БДУ:
— Нягледзячы на тое, што я яшчэ студэнтка, з гэтага навучальнага года працую ва ўстанове адукацыі Фрунзенскага раёна. Магчыма, для прадстаўнікоў моцнай паловы работа з паперамі — гэта цяжка, складана, аднак я як дзяўчына разумею, як гэта важна. Я прыйшла працаваць у школу, запоўніла ўсе патрэбныя паперы, і калі раптам пайду ў дэкрэтны адпачынак, то перадам гэтыя паперы настаўніку, які возьме мой клас. Тым самым дапамагу гэтаму чалавеку.
У БДУ мы праходзім педагагічную практыку, але, калі выходзім з гэтай установы, нас не пакідаюць адзін на адзін з праблемамі: мы можам звярнуцца да сваіх выкладчыкаў методыкі, педагогікі і задаць ім тыя пытанні, якія, магчыма, баімся задаць сваім калегам. Мне здаецца, што за тое, якім будзе наш малады настаўнік, адказныя не толькі педагогі, але і гэты малады настаўнік, які павінен знайсці таго, хто сапраўды яму дапаможа.
Вольга Мікалаеўна ЛАЗІЦКАЯ, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 9 Мазыра Гомельскай вобласці:
— Калі я праходзіла педагагічную практыку, то была вельмі задаволена, а калі прыйшла ў школу, то сутыкнулася з праблемай недахопу часу. Мне адразу далі нагрузку 27 гадзін — выкладала ў 5-х, 8-х, 9 — 11 класах. Па сутнасці, увесь час адыходзіў на падрыхтоўку. А рыхтавацца, згадзіцеся, трэба сур’ёзна. Бо няпроста правесці ўрок па грамадазнаўстве ў старшых класах нават вопытнаму педагогу, а тут — малады спецыяліст. І калі ідзеш на ўрок, то хочацца, каб дзецям было цікава: стварыць прэзентацыю, выкарыстаць ЭСН і інш. Аднак пры такой нагрузцы кожны ўрок такім быць не можа. Лічу, што гадзін маладому спецыялісту павінна выдзяляцца значна менш. Ды і класнае кіраўніцтва аднімае шмат часу. Акрамя дакументацыі, мы рыхтуемся з дзецьмі да шостага школьнага дня, да пазакласных мерапрыемстваў і інш.
Ала Васільеўна РАЛЬКЕВІЧ:
— Я вельмі здзіўлена, што маладым спецыялістам адразу прапаноўваюць класнае кіраўніцтва. У сябе ў навучальнай установе мы такога не робім. Таму што першыя два гады мы вырошчваем маладых настаўнікаў: прыглядаемся, дапамагаем, суправаджаем, каб малады спецыяліст зразумеў, што ён настаўнік. Варта асэнсаваць і зразумець гэты стан. І тут усё залежыць ад адносін вас як настаўніка да таго, што з вамі адбываецца, як з вамі працуюць, ад стаўлення адміністрацыі, усяго педагагічнага калектыву. Калі калектыў сустракае вас з усмешкай і імкнецца дапамагчы, то ўсё будзе добра. І тыя дакументы, якія здаюцца на першы погляд вельмі складанымі, варта навучыцца чытаць. А дапамагчы іх асвоіць неабходна больш вопытнаму педагогу, які павінен абавязкова замацоўвацца за маладым спецыялістам. І яшчэ, адаптацыйны перыяд у сельскай школе праходзіць значна хутчэй і лягчэй, чым у вялікай школе. І калі вы пачынаеце працоўную дзейнасць у сельскай школе, то вам дзесьці пашанцавала — можна хутчэй прайсці гэты шлях станаўлення.
Пра матывацыю і кар’еру
Раман Восіпавіч ДАПІРА, намеснік старшыні ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі:
— Па вялікім рахунку педуніверсітэт даў мне ўсё: і адукацыю, і тое, што ўмею і што магу. Сёння вельмі балюча чуць, што туды ідуць не тыя абітурыенты, як хацелася б. Улічваючы, што мы працуем з усімі УВА сістэмы Міністэрства адукацыі і прыватнымі УВА, магу сказаць, што нізкаматываваныя студэнты ёсць усюды. Трэба гаварыць аб добрых высокаматываваных у прафесіі студэнтах. Калі мы будзем рэкламаваць тыя дасягненні, якія ёсць ва УВА, тых выпускнікоў, якія адтуль выходзяць, усё будзе крыху інакш. Мне падаецца, што тое, як будуць вырашацца праблемы маладых спецыялістаў, залежыць ад усіх. У іх павінны быць зацікаўлены ўсе. Каб дзіця пайшло ў педагагічны каледж ці УВА, важна, каб яму пашанцавала на ўзроўні школы апынуцца ў асяроддзі высакакласных педагогаў. І калі ў дзіцяці адзін настаўнік правядзе свой прадмет з 5 па 11 клас — гэта вялікая ўдача. Калі навучэнец закончыць такую школу, то ў педагогі хтосьці з яе выпускнікоў абавязкова патрапіць. Каб у школе ўсё добра склалася, важна, каб у тым рэгіёне, дзе яна размешчана, была створана такая абстаноўка, у якой настаўнік не адчуваў бы сябе аўтсайдарам. На гэта павінен працаваць увесь рэгіён. Калі дзіця бачыць, што настаўнік адчувае бы сябе непаўнацэнным, то ён, безумоўна, у гэтую прафесію не пойдзе. Многае залежыць і ад таго, куды студэнт трапляе на практыку. У мяне асабіста быў і станоўчы вопыт, і адмоўны. Але любы вопыт — гэта заўсёды вопыт. Важна, каб малады спецыяліст, прыходзячы працаваць у школу, адчуў падтрымку усяго калектыву.
З праблемамі, якія былі агучаны за круглым сталом, даводзіцца сутыкацца часта. Мы як прафсаюз марым пра тое, каб быў створаны інстытут, як ардынатура ў медыцыне, г.зн. каб наш малады спецыяліст меў паўгода або тры месяцы адаптацыі, каб ён проста мог папрысутнічаць на ўроках і прыгледзецца, як працуюць больш вопытныя настаўнікі. Калі педагог працуе 27 гадзін, то ён, безумоўна, не будзе бачыць, як працуюць іншыя. І гэта не вельмі добра. Бо настаўніцтва пачынаецца там, дзе не проста замацавалі педагога за маладым спецыялістам, а дзе малады спецыяліст мае магчымасць паглядзець, як гэты настаўнік працуе. Сёння наймальніку ў сістэме адукацыі вельмі складана падвесці матывацыйную базу пад тое, каб малады спецыяліст застаўся ў яго, працягваў рабіць тое, што распачаў. Мы адсочваем з Міністэрствам адукацыі, як у рэгіёнах плануюцца сродкі на павышэнне заработнай платы педагагічным работнікам, і сёння наш погляд прыкаваны да пытання большай дыферэнцыяцыі аплаты працы паміж педагагічнымі работнікамі, якія маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Для нас гэта асноўная задача. Магчыма, яе вырашэнне прымусіць маладых спецыялістаў паглядзець на школу, на сістэму адукацыі ў цэлым як на сістэму свайго доўгатэрміновага развіцця, сваёй доўгатэрміновай кар’еры. І калі гэта ўдасца зрабіць у найбліжэйшыя гады, то гэта будзе тое, дзеля чаго маладыя спецыялісты будуць заставацца ў школе, а ва УВА пацягнуцца абітурыенты. І, магчыма, вернецца той час, калі будзе сур’ёзная канкурэнцыя пры паступленні. Гэтая сістэма зараз працуе на ўзроўні асобных устаноў. Важна, каб яна запрацавала ўшыр і на ўсіх узроўнях. І тады жыць у сістэме адукацыі будзе весялей. Дзіця, прыходзячы ў школу, часцей будзе бачыць настаўніка з усмешкай. І гэта будзе садзейнічаць таму, што навучэнец калі-небудзь выбера прафесію педагога. Яна сапраўды вельмі цікавая, патрабуе крэатыву кожны дзень. Гэтым яна садзейнічае хуткаму выгаранню людзей асаблівага псіхалагічнага складу. Але ў той жа час гэта спрыяе таму, каб у гэтай прафесіі заставаліся неардынарныя, крэатыўныя педагогі. І такіх людзей у сістэме адукацыі вельмі многа. Важна іх убачыць, паказаць вопыт і зрабіць героямі дня.