Школы і гімназіі чакаюць першакласнікаў

- 11:03Адукацыйная прастора

З 12 чэрвеня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны пачаўся прыём дакументаў у 1 класы. У першы ж дзень прыёму ў гімназію № 1 Дзяржынска Мінскай вобласці было пададзена 100 заяў, прытым што плануецца набраць 140 дзяцей. Гэта сведчыць аб прэстыжы ўстановы, якую адрозніваюць эфектыўная і якасная адукацыя ў сістэме ўрочнай, пазаўрочнай і пазакласнай дзейнасці, усвядомленыя трывалыя веды навучэнцаў, развіццё іх інтэлектуальнай сферы і творчых здольнасцей.

Падаць дакументы ў 1 класы бацькам, чые дзеці пражываюць у замацаваным за ўстановай адукацыі мікрараёне, неабходна па 15 жніўня. Калі ў гімназію хочуць трапіць дзеці з іншых мікрараёнаў, то пры наяўнасці свабодных месцаў дакументы будуць прымацца ў парадку чарговасці падачы заяў з 16 да 28 жніўня. Прычым у 1 клас прымаюцца дзеці, якім на 1 верасня спаўняецца 6 і больш гадоў. Па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў дапускаецца прыём у 1 клас дзіцяці, якому 6 гадоў споўніцца з 1 па 30 верасня. Для прыёму дзяцей бацькі (законныя прадстаўнікі) падаюць наступныя дакументы: заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі, медыцынскую даведку аб стане здароўя дзіцяці, яго пасведчанне аб нараджэнні, пашпарт законнага прадстаўніка.

— Першы клас — гэта новы этап у жыцці дзіцяці і яго бацькоў. На гэтым этапе вельмі важна сустрэць кампетэнтнага педагога, які любіць дзяцей, умее акру­жыць іх увагай і клопатам, раскрыць здольнасці кожнага, — адзначае дырэктар гімназіі Валерый Леанідавіч Скуратовіч. — Сёлета мы набіраем пяць 1 класаў. У новым навучальным годзе разам з першакласнікамі адправяцца ў дзівосную краіну ведаў педагогі нашай гімназіі, прафесіяналы сваёй справы: Святлана Іванаўна Капылова , Алена Уладзіміраўна Гурына, Таццяна Генадзьеўна Баравая, Ірына Казіміраўна Варабей і малады таленавіты спецыяліст — Настасся Паўлаўна Асташэвіч. Педагогі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце традыцыйныя метады і прыёмы работы з інавацыйнымі тэхналогіямі. Яны дапамогуць выбудаваць для кожнага дзіцяці лесвічку, па якой яно паднімецца да вяршыні ведаў.

Для таго каб дапамагчы дзецям падрыхтавацца да навучання ў школе, забяспечыць бязбольную адаптацыю, зняць стан трывожнасці ў дзяцей і іх бацькоў, у дзяржынскай гімназіі № 1 склалася пэўная сістэма работы. Ужо некалькі гадоў паспяхова дзейнічае школа па падрыхтоўцы будучых першакласнікаў “Азбука школьнага жыцця”. У гэтым навучальным годзе заняткі праходзілі па суботах пачынаючы са снежня. Іх праводзілі педагогі, якія сёлета набіраюць 1 класы, дэфектолаг і псіхолаг. Дашкольнікі знаёміліся з гімназіяй, авалодвалі асноўнымі нормамі і правіламі школьнага жыцця, набывалі пачатковыя ўменні супрацоўніцтва з настаўнікам і адно з адным. Усе заняткі былі накіраваны на развіццё лагічнага мыслення, матэматычных уяўленняў, увагі і памяці, маўлення і дробнай маторыкі. Бацькі цесна супрацоўнічалі з педагогамі, атрымлівалі канкрэтныя рэкамендацыі па аказанні дапамогі і падтрымкі дзецям у працэсе іх навучання. Раз на месяц для бацькоў праходзілі лекцыі, трэнінгі з псіхолагам, праводзіліся індывідуальныя кансультацыі з дэфектолагам. Як заўважыў дырэктар, нягле­дзячы на тое, што заняткі прый­шлося спыніць у сувязі з эпідэмічным становішчам у краіне, бацькі і дзеці былі ўдзячныя за такую сі­стэму падрыхтоўкі і засталіся задаволены заняткамі.

Чым жа прыцягвае дзяцей і іх бацькоў гімназія? Па-першае, дружным, творчым калектывам педагогаў, якія кожны год даказваюць свой высокі ўзровень прафесіяналізму, удзельнічаючы ў розных конкурсах, даследаваннях, форумах, канферэнцыях. Па-другое, добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Установа адукацыі аснашчана сучасным абсталяваннем, ва ўсіх кабінетах устаноўлены камп’ютары з выхадам у інтэрнэт, тэлевізары. Таксама ёсць 2 камп’ютарныя класы, класы з інтэрактыўнымі дошкамі, лінгафонны кабінет, раённы цэнтр бяспекі. Паспяхова дзейнічае рэсурсны цэнтр са шматлікай базай даных па розных прадметах.

Па меркаванні выпускнікоў і цяперашніх вучняў установы, гімназія — гэта месца, дзе збываюцца мары і надзеі, дзе штогод запальваюцца новыя зорачкі. Тут можна навучыцца спяваць або танцаваць, вывучыць англійскую або нямецкую мову, а па жаданні і польскую. У гімназіі ёсць басейн, які навучэнцы з вялікім задавальненнем наведваюць з 1-га да 11-га класа. Усе, хто любіць кан­струяваць і мадэляваць, таксама раскрыюць свае здольнасці. Ва ўстанове працуюць гурткі па легаканструяванні, 3D-мадэляванні, а таксама гурток па стварэнні керамічнай цацкі. Раскрыць свае акцёрскія здольнасці навучэнцам дапаможа ўзорны тэатр “Ступені”, а танцавальныя — калектыў бальнага танца “Яўгенія”. Ну і як жа без спорту! На базе гімназіі адкрыта шмат спартыўных секцый: баскетбол, валейбол, тэніс, таэквандо, плаванне і інш. Навучэнцы гімназіі больш за трыццаць гадоў выйграюць раённую спартакіяду і штогод маюць перамогі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

— Дэвіз нашай гімназіі — “Інтэлект. Творчасць. Здароўе”. Менавіта грунтуючыся на гэтых пастулатах, будуецца адукацыйная палітыка ўстановы, — расказвае Валерый Леанідавіч. — Я­касць работы гімназіі ацэньваецца ў першую чаргу якасцю ведаў яе навучэнцаў. А яны вынікова выступаюць на рэспубліканскай алімпіядзе, даследчых конкурсах, радуюць вынікамі ЦТ, стабільнасцю паступлення выпускнікоў ва УВА. Гімназія з’яўляецца флагманам алімпіяднага руху ў Дзяржын­скім раёне і Мінскай вобласці. Летась пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі 12 навучэнцаў, штогод гімназія ганарыцца пераможцамі заключнага этапу алімпіяды. Глыбокія веды, якія атрымліваюць навучэнцы пачатковай школы, дазваляюць перамагаць у раённых творчых конкурсах і дыягнастычнай “Алімпіядзе поспеху”. Настаўнікі II і III ступені працягваюць традыцыі, закладзеныя настаўнікамі пачатковага звяна, удзяляючы вялікую ўвагу рабоце з навучэнцамі з высокай вучэбнай матывацыяй, у тым ліку і развіццю іх даследчых кампетэнцый. Штогод самыя юныя даследчыкі пачатковай школы перамагаюць у раённым конкурсе “Я — даследчык”, вынікова ўдзельнічаюць у абласных спаборніцтвах.

Бацькі першакласнікаў могуць быць спакойнымі за сваіх дзяцей, бо ў гімназіі разумеюць неабходнасць раскрыцця і развіцця патэнцыялу кожнага з іх. А каб пераход з дашкольнай установы прайшоў лёгка, асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням пераемнасці. Для навучэнцаў 1 класа прадугледжана ашчадная арганізацыя адукацыйнага працэсу: урокі праводзяцца толькі ў першую змену, вучэбныя заняткі доўжацца 35 мінут з абавязковым правядзеннем дзвюх фізкультхвілінак, падручнікі і дыдактычныя дапаможнікі захоўваюцца ў школе, у сярэдзіне трэцяй, самай працяглай, чвэрці арганізуюцца дадатковыя канікулы на працягу аднаго тыдня, дамашнія заданні вучням не задаюць.

Пакуль жа ідзе прыём заяў, гімназія працягвае падрыхтоўку да новага навучальнага года і з нецярпеннем чакае верасня і сваіх першакласнікаў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.