Шлях да сэрца дзіцяці

- 12:16Адукацыйная прастора

Наша сярэдняя школа № 2 Навагрудка ўжо шмат гадоў працуе ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. Кажучы аб духоўна-маральным выхаванні школьнікаў, галоўнае, што варта адзначыць: нельга даць тое, чаго не маеш сам.

Бацькоў нашых дзевяцікласнікаў вельмі хвалюе праблема залежнасці сучасных дзяцей ад новых гаджэтаў. Мабільны тэлефон цалкам увайшоў у штодзённае жыццё. Вядома ж, прасцей за ўсё, загрузіўшы новую гульню ў тэлефон, пасадзіць дзіця ў яе гуляць. Але нашы бацькі так выхоўваць не хочуць. І з іх згоды падчас урокаў і перапынкаў свае мабільныя тэлефоны дзеці пакідаюць на захоўванне ў мяне. А нядаўна мы правялі агульнашкольную акцыю “Дзень без мабільнага тэлефона”. Першапачаткова на тварах дзяцей можна было прачытаць расчараванне, крыўду, адмаўленне. Але ў канцы вучэбнага дня многія дзеці казалі: “Без мабільнага тэлефона можна жыць”, “Было вельмі добра, мне спадабалася, больш бы такіх акцый”, “Мне здаецца, што гэта цікава і карысна, таму што мабільны тэлефон выклікае залежнасць”, “Дзень без мабільнага тэлефона зблізіў нас”.

Мы будуем сваю работу ў пастаянным узаемадзеянні з Навагрудскім праваслаўным сястрыцтвам, з настаўніцай асноў праваслаўнай культуры Нінай Аляксандраўнай Пашкевіч і звяртаем увагу на адукацыйна-асветніцкую дзейнасць з дзецьмі, бацькамі праз выпуск брашур, памятак, выказванняў, размяшчэнне матэрыялаў на школьным сайце, правядзенне сумесных класных гадзін.

Школьныя сустрэчы з бацюшкам і сёстрамі праваслаўнага сястрыцтва дапамагаюць нам глыбей усвядоміць праўдзівасць выразу: “Не хлебам адзіным жыве чалавек”. Мы здзяйсняем акцыі “Клопат”, “Падары радасць бліжняму”, “Цуды на Каляды”. Збор рэчаў і цацак для дзяцей з прытулку, дапамога ветэранам — частка нашай работы. Не прымусова, а добраахвотна наведвалі хворага аднакласніка дома, віншавалі яго са святамі, проста прыходзілі ў госці, а таксама дапамагалі прыбіраць тэрыторыю вакол дома. З задавальненнем гутарылі з яго бабуляй ветэранам вайны Вольгай Аляксееўнай Сямёнушкінай. Акрамя таго, каманда “Вясёлка” нашага класа ўдзельнічала ў раённым конкурсе агітацыйных брыгад, дзе заняла 1-е месца. Дзеці выступалі супраць насілля і жорсткасці ў адносінах да жывёл, дапамагалі бяздомным жывёлам.

Турыстычная дзейнасць для нас — неад’емная частка работы. Мы ўжо наведалі Брэст, комплекс “Лінія Сталіна”, партызанскі лагер у вёсцы Станькава. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў водным і велапаходзе, якія арганізоўвалі настаўнікі фізічнай культуры. Падчас паходаў дзеці пабывалі ў Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры. Атрыманы вопыт узаемападтрымкі, узаемавыручкі выхоўвае лепш за ўсялякія словы.

Нам цікава працаваць у праекце “РОЎНЫЯ”, які дапамагае развіваць у дзяцей уменне ўступаць у дыялог, прымаць правільнае рашэнне ў любой жыццёвай сітуацыі. На нашых занятках няма няправільнай думкі, кожны мае права выказаць свой пункт погляду, а ў ходзе абмеркавання разам знаходзім ісціну. Мы ўжо абмяркоўвалі тэмы “Курыць ці не курыць?”, “Мабільны тэлефон: звычка ці залежнасць?”, “Хто я ў гэтым свеце?”, “Дзяўчынкі і хлопчыкі: сакрэты адносін”, “Умей зрабіць правільны выбар” і інш. Мы спрабуем праводзіць падобныя заняткі з навучэнцамі іншых класаў, прычым гэтыя мерапрыемствы праводзяць самі дзеці. Мэта праекта — укараненне падыходу “роўны навучае роўнага” ў адукацыйны працэс для фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця ў падлеткаў.

Выказаць свае думкі дзеці могуць з карысцю, прымяніўшы свае веды з інтэрнэту. Яны не проста “завісаюць” у сетцы, а ствараюць добрыя, цікавыя ролікі, відэапаштоўкі ў самых простых праграмах, прэзентацыі на духоўна-маральныя тэмы. Напрыклад, Мікіта Іваноў, які займаецца ў гуртку “Камп’ютарны фота- і відэамантаж”, ужо ўсім членам сям’і на дзень нараджэння падарыў свае відэаролікі. Відэаролік Вольгі Баброўскай паказалі на агульнашкольным бацькоўскім сходзе як віншаванне ўсіх матуль. А Ксенія Навагран з цікавасцю складала гісторыю сваёй сям’і ў выглядзе прэзентацыі.

Хочацца адзначыць, што нават такую звычайную форму работы — бацькоўскі сход — мы выкарыстоўваем як самы актыўны інструмент. Агульнашкольны бацькоўскі сход не абыходзіцца без слова святара і міні-канцэрта для бацькоў. У гэтых выступленнях мы пастаянна ўдзельнічаем усім класам. У нас няма тых, хто не ўмее танцаваць, не ўмее гаварыць, усе вучацца рабіць усё разам, дапамагаючы і падтрымліваючы адно аднаго. У рамках класных бацькоўскіх сходаў мы часта выкарыстоўваем прытчы “37 цвікоў”, “Сляды на пяску”, “Яма”, відэакліпы на песні С.Капыловай, урыўкі з мастацкіх ці дакументальных фільмаў пра сям’ю.

Асноўны ўпор робім на станоўчыя моманты ў рабоце з дзецьмі. Дыялог, асабісты прыклад — гэта самыя дзейсныя інструменты выхавання. Так, бацькоўскі сход “Сустрэча пакаленняў” прайшоў у незвычайнай форме “бацькі і дзеці”. Многіх навучэнцаў насцярожыла тое, што на сход трэба прыйсці разам з бацькамі. Але ў адкрытым дыялогу абмеркаванне такіх тэм, як паводзіны, вучоба, было прадукцыйным. Бацькі дзяліліся з дзецьмі сваімі ўспамінамі аб вучобе, бабулі расказвалі аб неабходнасці не толькі ведаў, але і чалавечых якасцей.

Рэаліі сённяшняга часу такія, што духоўна-маральная аснова, якая так ці іначай прысутнічае ў кожнай сталеючай асобе, павінна выйсці на першы план у адукацыйным працэсе і стаць штодзённым клопатам настаўніка, класнага кіраўніка.

Наталля КЛОК,
настаўніца інфарматыкі, класны кіраўнік  9 “А” класа
сярэдняй школы № 2 Навагрудка.