У мінулы чацвер па ўсёй краіне традыцыйна прайшоў адзіны дзень інфармавання. У яго рамках міністр адукацыі рэспублікі Міхаіл Жураўкоў наведаў Магілёўскую вобласць.
Міністр пабываў на адным з перадавых сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна — ААТ “Агракамбінат “Прыдняпроўскі”, а таксама наведаў НТЦ “Дыдактыка” і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Міхаіл Анатольевіч азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай названых аб’ектаў, іх дасягненнямі і перспектывамі, пасля чаго пагутарыў з працоўнымі калектывамі. Дыялог прайшоў у адкрытым фармаце.
Тэма дня інфармавання — “Адукацыя і навука — рухаючыя сілы эканамічнага росту”. Таму гутаркі з работнікамі магілёўскіх прадпрыемстваў і ўстаноў Міхаіл Жураўкоў пачынаў з падрабязнага аповеду пра тое, што чакае нацыянальную сістэму адукацыі ў будучыні. Далейшы шлях развіцця адукацыйнай сферы будзе прагрэсіўным. Галоўны ўпор, як і раней, будзе рабіцца на якасць адукацыі.
— Час не стаіць на месцы. Трэба шукаць іншыя падыходы да выкладання, развіваць дыстанцыйнае навучанне. У гэтым плане нашы калегі з іншых еўрапейскіх краін знаходзяцца наперадзе. Нам неабходна вывучаць іх вопыт, але пры гэтым не забываць, што мы рухаемся ўласным шляхам, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч, размаўляючы з прафесарска-выкладчыцкім складам Магілёўскага ўніверсітэта харчавання.
Паводле слоў міністра, шмат у чым наш шлях развіцця адукацыі супадае з агульнаеўрапейскім, але ёсць і адрозненні, якія застануцца нязменнымі. Дарэчы, некаторыя з іх станоўча ацэнены. Канкрэтны прыклад — сістэма абавязковага размеркавання выпускнікоў пасля атрымання спецыяльнасці. У асобных еўрапейскіх краінах гэтаму ўдзяляюць пільную ўвагу, паколькі мясцовыя студэнты прызналі наяўнасць стабільнага першага працоўнага месца вялікім плюсам.
Асаблівае значэнне міністр адукацыі надаў пытанню павышэння прэстыжнасці прафесіі педагога. Моладзь па-ранейшаму не імкнецца атрымліваць педагагічныя спецыяльнасці. Сітуацыю трэба мяняць. У першую чаргу актыўна папулярызуючы прафесію настаўніка. Неабходна адшукваць і магчымасці павелічэння аплаты працы педагогаў. Яна павінна залежаць ад каэфіцыента ўдзелу: колькі зрабіў — столькі і зарабіў. Адпаведны эксперымент, праведзены ў асобных школах краіны, даказаў эфектыўнасць такога падыходу.
Прафесары, выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта харчавання слухалі міністра з цікавасцю. У іх была магчымасць звярнуцца да кіраўніка адукацыйнага ведамства з надзённымі пытаннямі. Самай хвалюючай тэмай аказалася будучыня ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Як расказаў Міхаіл Жураўкоў, УВА чакае актыўнае развіццё дыстанцыйнага навучання, аднак традыцыйныя заняткі ў аўдыторыях не знікнуць, бо жывыя зносіны студэнтаў з выкладчыкам наўрад ці што зможа замяніць. Аптымізацыі колькасці УВА таксама не прадбачыцца. Але новаўвядзенні ў вышэйшай школе будуць. Плануецца размежаваць універсітэты на тыя, дзе будуць рыхтаваць бакалаўрыят, і тыя, дзе будзе весціся падрыхтоўка магістрантаў і аспірантаў. Акрамя таго, зараз разглядаецца магчымасць стварэння сеткавай арганізацыі ўніверсітэтаў унутры краіны.
— Падобная сістэма эфектыўна функцыянуе ў многіх дзяржавах. Яна дае студэнтам і выкладчыкам дадатковыя магчымасці для паляпшэння сваёй падрыхтоўкі, бо яны могуць свабодна перамяшчацца з адной установы ў іншую. Мы спадзяёмся, што стварэнне такой сістэмы стане стымулам для развіцця беларускіх УВА, — падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч.
У ходзе дня інфармавання да міністра адукацыі паступіла нямала пытанняў, на кожнае з якіх быў дадзены змястоўны і кампетэнтны адказ.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.