Шлях у ліцэісты

- 10:43Адукацыйная прастора

У краіне завяршылася ўступная кампанія ў ліцэі. Мы наведалі ліцэй Барысава, дзе ў другі дзень уступных выпрабаванняў, 17 чэрвеня, дзевяцікласнікі здавалі экзамены па фізіцы, хіміі, грамадазнаўстве і замежных мовах (англійскай, нямецкай і іспанскай).

Іспыты былі прызначаны на 10 гадзін раніцы, але ўжо ў пачатку 10-й патэнцыяльныя ліцэісты нецярпліва штурмавалі кабінеты. Фізіку ў гэты дзень здавалі 23 навучэнцы, англійскую, нямецкую і іспанскую мовы — 49, 29 і 2 абітурыенты адпаведна, хімію — 46, а грамадазнаўства — 29 навучэнцаў. За плячыма ўжо засталіся ўступныя выпрабаванні па матэматыцы, біялогіі, рускай і беларускай мовах, якія дзевяцікласнікі пісалі за два дні да гэтага. Іспыты па ўсіх прадметах пісьмовыя: па рускай і роднай мовах юнакі і дзяўчаты пісалі дыктоўку, заданні па астатніх прадметах падрыхтаваны ў выглядзе тэстаў або кантрольных работ.

На ўступным экзамене па матэматыцы паступаючым была прапанавана трохгадзінная кантрольная работа, якая складалася з 10 заданняў рознага ўзроўню складанасці, у кантрольную па фізіцы ўвайшло 5 задач. Як адзначаюць абітурыенты, трапляліся даволі складаныя заданні, разлічаныя на тых, хто паглыблена займаўся прадметам, наведваў факультатыў.

Выбраўшы момант, цікавімся ў дзевяцікласнікаў іх поспехамі:

— Некалькі гадоў назад брат паспяхова скончыў ліцэй. Кіруючыся яго парадамі, паступаю на профіль, на якім грамадазнаўства і руская мова вывучаюцца паглыблена, — расказвае Андрэй Капытаў, які паступае ў ліцэй з сярэдняй школы № 2 Барысава. — Два дні назад вытрымаў выпрабаванне па рускай мове, сёння мяне чакае тэсціраванне па грамадазнаўстве. Бал па мове ўжо ведаю — “сямёрка”. Спадзяюся, і па другім прадмеце атрымаць не ніжэйшую адзнаку.

Хлопец прызнаецца, што да сённяшняга іспыту рыхтаваўся нядоўга, пашанцавала з тым, што прадмет “Грамадазнаўства” пачынаецца з 9 класа, таму паўтарыць трэба было толькі сёлетні матэрыял.

З году ў год самым папулярным профілем у абітурыентаў з’яўляецца хіміка-біялагічны. Выпускніца сярэдняй школы № 3 Паліна Кірылюк, якая паспела атрымаць высокі бал па біялогіі, у ліцэй прыйшла па высокі ўзровень ведаў па абраных прадметах. “Ліцэйскіх настаўнікаў хіміі і біялогіі мае школьныя настаўнікі рэкамендавалі як лепшых у горадзе”, — прызнаецца дзяўчына.

Забягаючы наперад, адзначым, што ўступная кампанія скончылася для нашых суразмоўцаў удала — праз некалькі дзён яны знайшлі свае прозвішчы ў спісе залічаных у 10-я класы ліцэя.

Пакуль абітурыенты змагаліся з уступнымі заданнямі, якія доўжыліся ад гадзіны (замежныя мовы) да трох (матэматыка), дырэктар ліцэя Мікалай Данілавіч Зелянкевіч у лічбах даказаў, што абітурыенты падначаленай яму навучальнай установы маюць якасную падрыхтоўку.

— У гэтым годзе мы плануем набраць 110 ліцэістаў і адкрыць пяць 10-х класаў. Многія абітурыенты наведвалі падрыхтоўчыя курсы па фізіцы, матэматыцы, хіміі і біялогіі, якія штогод праходзяць на базе ліцэя. Як паказвае практыка, вынікі на ўступных экзаменах гэтыя дзеці паказваюць трывалыя. На самы запатрабаваны профіль — хіміка-біялагічны — паступаюць дзеці з высокім сярэднім балам пасведчання аб заканчэнні базавай школы — 7,9. Па профільных прадметах лічба такая ж. Два апошнія гады мы набіралі паўтара класа па напрамку “Хімія, біялогія”. Сёлета на гэты профіль паступае 46 чалавек, таму плануем набраць ужо два поўныя класы, — расказвае дырэктар ліцэя. — Асаблівасць уступнай кампаніі ў ліцэі ў тым, што ў адрозненне ад профільных класаў школ і гімназій ліцэі прымаюць дзевяцікласнікаў і з адзнакамі па профільных прадметах, ніжэйшымі за 7. Дастаткова ўдала здаць уступныя экзамены. Нярэдкія выпадкі, калі школьнікі з невысокімі баламі ў пасведчанні аб базавай адукацыі паступалі і раскрывалі свае таленты ў нашай навучальнай установе.

Барысаўскі ліцэй ужо доўгія гады мае добрыя паказчыкі ва ўсіх магчымых рэйтынгах — ліцэісты атрымліваюць дыпломы на рэспубліканскіх турах шэрага прадметных алімпіяд, выпускнікі дэманструюць высокія вынікі на ЦТ, як вынік — працэнт паступлення ў ВНУ даходзіць да 93%. На базе ліцэя працуюць чатыры міжшкольныя факультатывы: па грамадазнаўстве, біялогіі, іспанскай мове і інфарматыцы.

Сакрэтаў поспеху гэтай навучальнай установы некалькі. Па-першае, дзякуючы якаснаму адбору, у ліцэй паступаюць не проста лепшыя вучні, а тыя, для якіх вучоба — гэта задавальненне. Па-другое, педагогі неабыякавыя, ініцыятыўныя і выніковыя, кожны з асабістым падыходам. Некаторыя з іх у свой час таксама скончылі ліцэй, таму дакладна ведаюць, чаго чакаюць ад іх дапытлівыя вучні. 69% настаўнікаў ліцэя — спецыялісты вышэйшай катэгорыі.

— Ні для каго не сакрэт, што ў навучальныя ўстановы новага тыпу — гімназіі і ліцэі — вучні ідуць да канкрэтнага настаўніка, добра вядомага сваімі педагагічнымі вынікамі, — дадае М.Д.Зелянкевіч. — У нашай навучальнай установе такіх шмат: настаўнік хіміі А.П.Нарышкін, настаўніца англійскай мовы Ф.Л.Радывонава, настаўніца іспанскай мовы Н.К.Шайнова і інш. Настаўнікі ўдзельнічаюць у міжнародных адукацыйных праграмах, у дыстанцыйных алімпіядах для педагогаў: у мінулым годзе настаўніца хіміі Н.М.Кандраценка атрымала дыплом І ступені, настаўніца інфарматыкі В.С.Астахава стала абсалютнай пераможцай.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, у ліцэі падвялі вынікі сёлетняй уступнай кампаніі ў 10-я класы. Адкрыта 6 кірункаў: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны, кірункі з вывучэннем на павышаным узроўні рускай мовы і грамадазнаўства, беларускай і замежнай мовы, матэматыкі і замежнай мовы. Самы высокі конкурс аказаўся на філалагічным кірунку (2,4 чалавека на месца) і на кірунку з вывучэннем на паглыбленым узроўні рускай мовы і грамадазнаўства (1,8 чалавека на месца). Дарэчы, на гэтым уступная кампанія ў ліцэі не спыняецца. У жніўні будзе праведзены дадатковы прыём на свабодныя месцы ў 11-я класы ліцэя.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.