Шляхамі Скарыны і не толькі

Шчучынскай гімназіі ўсяго 13 гадоў, але яна лічыць сябе пераемніцай багатых педагагічных традыцый горада, пра што не без гонару гаварыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Уладзімір Дубок. Напрыклад, будынак, у якім размяшчаецца гімназія, быў узведзены ў 1902 годзе. Яго мармуровыя прыступкі лёгка перанясуць вас у мінулае, бо яшчэ памятаюць крокі вучняў і выкладчыкаў настаўніцкай семінарыі і польскай гімназіі.

Найбуйнейшым цэнтрам адукацыі Прынёманскага краю Шчучын стаў пасля адкрыцця ў 1726 годзе школы піяраў (каталіцкі манаскі ордэн). У канцы XVIII стагоддзя тут выкладалі 6 прафесараў, сярод якіх — заснавальнік батанікі на тэрыторыі Заходняга краю Станіслаў Баніфацый Юндзіл. Да яго ў гімназіі асаблівае стаўленне. У школьным двары размяшчаецца памятны знак з ініцыяламі знакамітага батаніка і выявай ружы выведзенага ім гатунку, разбіты выдатны міні-сад.

Сёння Шчучынская гімназія можа даць фору любой сталічнай: стапрацэнтнае паступленне выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, першыя месцы на прадметных алімпіядах, інавацыйныя метады работы і экалагічны сертыфікат адпаведнасці.

Гімназія Шчучына з’яўляецца школай выбару — ва ўстанове няма пачатковай школы. На працягу трох апошніх гадоў конкурс пры паступленні вагаецца ад 1,5 да 1,7 чалавека на месца. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2015 годзе трое гімназістаў атрымалі максімальны бал па англійскай і рускай мовах, матэматыцы, што дазволіла Шчучынскай гімназіі ўвайсці ў дзясятку лепшых устаноў адукацыі Беларусі.

Высокія вынікі дэманструюць гімназісты і на прадметных алімпіядах. За апошнія 5 гадоў пераможцамі і прызёрамі розных этапаў сталі 405 навучэнцаў. Напрыклад, Андрэй Асанаў чатыры разы станавіўся пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, што дазволіла яму прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў 2015 годзе. Там гімназіст быў адзначаны пахвальным водзывам, а ў 2016 годзе стаў сярэбраным прызёрам.

Зразумела, што за перамогамі навучэнцаў Шчучынскай гімназіі стаіць каласальная праца іх настаўнікаў. Ва ўстанове працуюць сапраўдныя прафесіяналы: настаўнікі вышэйшай катэгорыі, лаўрэаты спецыяльнага фонду прэзідэнта, выпускнікі школы пры Брытанскім савеце, фіналісты рэспубліканскага і абласнога этапаў конкурсу “Настаўнік года”, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўладальнік звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.

Адзін з самых важных напрамкаў у рабоце гімназіі Шчучына — даследчая дзейнасць. На працягу 12 гадоў тут паспяхова функцыянуе навуковае таварыства вучняў “Арыён”. Праз навуковую супольнасць педагогі прыцягваюць гімназістаў да актыўнага ўдзелу ў даследаваннях, іх афармленні і годным прадстаўленні на канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. Вялікая роля ў фарміраванні даследчых кампетэнцый вучняў належыць настаўнікам гімназіі, якія вучаць дзяцей працаваць з навуковай літаратурай, спрыяюць фарміраванню культуры навуковага даследавання, праводзяць індывідуальныя кансультацыі.

Штогод практычна ўсе даследчыя праекты гімназістаў адзначаюцца дыпломамі рознай ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Адкрыццё”. Традыцыйным стаў удзел навучэнцаў у абласным конкурсе даследчых праектаў “Хрустальная альфа”. Інавацыйнай формай работы ў навучальнай установе з’яўляецца арганізацыя і правядзенне навуковых літаратурна-музычных вечарын. Так, у 2015 годзе на базе гімназіі прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Шчучынскія чытанні”, прысвечаная Дню пісьменства. У тым жа годзе да Дня праваслаўнай кнігі была праведзена гасцёўня “Напачатку было Слова …”.

Адметнай падзеяй гэтага года для гімназіі сталі навукова-літаратурныя чытанні “Шляхамі Скарыны”, прысвечаныя 500-годдзю Шчучына і 500-гадоваму юбілею з дня выхаду ў свет першай друкаванай кнігі Ф.Скарыны “Псалтыр”, якія адбыліся ў канцы красавіка. Значнай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя друкаванага станка па ўзоры скарынаўскага, зробленага шчучынскімі майстрамі. Ідэя правядзення свята ў такім фармаце належыць настаўніцы гісторыі гімназіі А.Я.Лісоўскай і святару Сергію Сямашку. Мерапрыемства складалася з некалькіх блокаў: навуковага пасяджэння, літаратурна-музычнай гасцёўні, гімназічнай канферэнцыі.

Навучэнцы 7—8 класаў прадставілі 18 работ на розныя тэмы: “ВКЛ часоў Ф.Скарыны”, “Ф.Скарына”: першадрукар ці выдавец”, “Тэхналогія кнігадрукавання Ф.Скарыны”. І кожная з іх дапаўняла вобраз беларускага першадрукара, раскрывала шматбаковасць яго асобы і той эпохі, у якую давялося жыць і працаваць выбітнаму слаўнаму продку.

У канцы сустрэчы педагогі Шчучынскай гаімназіі справядліва адзначылі, што ў сучасным свеце вельмі важна ісці ў нагу з часам, шукаць, знаходзіць і ўкараняць новыя тэхналогіі, метады і формы работы, строіць планы і дасягаць высокіх вынікаў. “Наша ўстанова не выключэнне. У далейшых планах гімназіі — стварэнне ўласнага тэлебачання з мэтай фарміравання медыяпісьменнасці ва ўсіх членаў гімназічнай супольнасці”, — адзначылі яны.

Мне ж на заканчэнне хочацца пажадаць настаўнікам і вучням поспехаў і падзякаваць усім, хто прымаў прадстаўнікоў “Настаўніцкай газеты”. Найперш — за атмасферу, за магчымасць заглянуць у гісторыю (нам, як і ўдзельнікам навукова-літаратурных чытанняў “Шляхамі Скарыны”, пашчасціла ўбачыць работу скарынаўскага станка) і паглядзець на будучыню вачамі гімназістаў. Асобнае прывітанне — рэдакцыйнай калегіі гімназічнай газеты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *