Шмат цікавых работ было прадстаўлена на краязнаўчай канферэнцыі вучняў «Непаўторны Столінскі край»

- 17:04Образование

Шмат цікавых работ было прадстаўлена на раённай краязнаўчай канферэнцыі вучняў “Непаўторны Столінскі край”, прысвечанай памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, выдатніка адукацыі СССР, ганаровага грамадзяніна Давыд-­Гарадка і Столінскага раёна М.У.Шэлехава, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У мерапрыемстве, якое праходзіла ў рамках Года міру і стварэння, удзельнічалі 8 работ з 8 устаноў адукацыі. Канферэнцыя праводзілася на базе сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка ў трох намінацыях: “Сучаснікі нашага раёна — дзеля міру і стварэння”, “След у гісторыі раёна, вёскі, горада сваёй стваральнай працай” і “Культурная спадчына раёна”.

Васьмікласнік Павел Літвінка з сярэдняй школы № 2 рабочага пасёлка Рэчыца даследаваў “справу ўсяго жыцця” свайго дзядулі Міхаіла Міхайлавіча, які разам з калегамі і вучнямі стварыў у 1985 годзе мясцовы музей баявой славы.

Юныя даследчыкі з вялікай цікавасцю вывучалі жыццёвы і творчы шлях землякоў, якія сваёй стваральнай працай унеслі важкі ўклад у развіццё розных галін раёна і краіны.

Так, дзевяцікласніца Наталля Клімовіч з Кароціцкай сярэдняй школы даследавала дзейнасць кіраўніка прыродаахоўных аб’ектаў “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты” Аляксея Марыніча, а дзевяцікласніца Настасся Крым з сярэдняй школы № 1 Давыд-Гарадка — творчасць скульп­тара Аляксандра Дранца, чые работы адыгрываюць важную ролю ў павышэнні культурнай і турыстычнай прыцягальнасці Беларусі.

Дзевяцікласнік Вадзім Лысюк з Беражноўскай сярэдняй школы расказаў пра земляка, з якога варта браць прыклад. Гэта былы старшыня мясцовага калгаса Яфім Сагановіч — легендарны кіраўнік сельскай гаспадаркі не толькі Століншчыны.    

Даследаваўшы працоўны шлях былога рэктара БДАТУ, доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Івана Шылы, дзесяцікласнікі Максім Агейчук і Ігнат Гарулькоў з сярэдняй школы № 3 Століна пераканаліся ў тым, што ён адыграў далёка не апошнюю ролю ў развіцці механізацыі сельскай гаспадаркі краіны, стварыў інавацыйную сістэму адукацыйнага працэсу.

Васьмікласніца Настасся Місюра з сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка расказала, як падчас навядзення парадку на мясцовых могілках яе зацікавіла пахаванне з чырвонай зоркай. Вучаніца правяла даследаванне і даведалася, што там знайшоў апошні спачын Мікалай Трафіменка, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, а пасля яе працаваў у органах унутраных спраў.

Культурнай спадчынай Століншчыны з’яўляюцца промыслы. На жаль, некаторыя з іх паступова адыходзяць у нябыт. Пра адзін з такіх промыслаў — калоднае пчалярства — паведаміў васьмікласнік Уладзіслаў Сямейка з Аздаміцкай сярэдняй школы.

Сямікласніца Ангеліна Пяшко са Столінскай дзяржаўнай гімназіі даследавала асаблівасці стылявых адрозненняў у афармленні інтэр’ера сядзібы Радзівілаў, які вылучаецца высокімі мастацкімі вартасцямі часоў эклектыкі.

— Падводзячы вынікі канферэнцыі, мы яшчэ раз пераканаліся, наколькі Століншчына багатая на таленавітых і працавітых людзей, патрыётаў і прафесіяналаў сваёй справы, якія прынеслі шмат карысці не толькі малой ра­дзіме, але і краіне. Гэтыя людзі праз усё жыццё пранеслі любоў і адда­насць выбранай прафесіі і з’яўляюцца прыкладам для сучаснай мола­дзі. Наперадзе ў школьнікаў новыя захапляльныя даследаванні, якія дазволяць дакрануцца да пакуль яшчэ не разгаданых старонак гісторыі роднага краю, — адзначыла метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ала Велясніцкая. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ