Шматгалосая гімназія

- 10:46Адукацыйная прастора

“Добры дзень!” — з усіх бакоў школьнага двара да гасцей з Гродна збягаліся дзеці і віталі іх на роднай мове. Госці з Беларусі часта наведваюць гімназію імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе. На гэты раз тут віталі дэлегацыю Гродзенскай гарадской гімназіі. Дзве навучальныя ўстановы аб’ядноўвае дагавор аб супрацоўніцтве і рэалізацыя сумеснага праекта “Адукаванасць — спадчына будучыні”, мэта якога — вывучэнне гісторыі малых гарадоў Беларусі і Літвы.

Беларускім гімназістам было вельмі цікава даведацца аб тым, як вучацца іх равеснікі ў адзінай у Літве гімназіі з беларускай мовай навучання. Аб гэтым ім расказала дырэктар гімназіі Дзіяна Стахновіч.

Гісторыя гімназіі пачыналася амаль сто гадоў назад. Афіцыйным днём нараджэння тут лічаць 4 студзеня 1919 года. Але навучальная ўстанова працавала не ўвесь гэты час. Навейшая яе гісторыя пачалася ў 1994 годзе, калі была адкрыта агульнаадукацыйная школа з беларускай мовай навучання, а 15 лютага 2013 года па рашэнні Вільнюскай мэрыі навучальная ўстанова атрымала статус гімназіі. І статус гэты падтрымлівае канкрэтнымі справамі: у мінулым годзе заняла 44-е месца сярод больш чым 400 літоўскіх школ.

Адукацыйны працэс у гімназіі імя Францыска Скарыны вядзецца па літоўскіх дзяржаўных праграмах. У пачатковых класах заняткі праходзяць на беларускай і літоўскай мовах. У 1 класе — тры гадзіны літоўскай мовы, у 2 і 3 класах — па чатыры, у 4 класе — пяць гадзін. Асноўная замежная мова англійская, на выбар можна вывучаць дадаткова рускую, французскую ці нямецкую мову.

— Нашы вучні шматмоўныя, прынцып двухмоўя праходзіць праз увесь адукацыйны працэс, — расказвае Дзіяна Стахновіч. — На літоўскай мове ў старшых класах выкладаюцца фізіка, гісторыя і геаграфія Літвы, асновы грамадзянскага выхавання, маляванне, этыка, фізічная культура.

Дарэчы, Дзіяна Стахновіч выкладае беларускую мову, а яе намеснік Юраце Нарвайшэне — літоўскую мову. Асаблівасць гімназіі не толькі ў шматмоўі, але і ў тым, што склад вучняў шматнацыянальны — вучацца тут не толькі этнічныя беларусы. І колькасць вучняў штогод павялічваецца. Спачатку іх было 130, зараз амаль 200 чалавек. І калі раней у 1 клас набіралі 15 дзяцей, дык у гэтым годзе, а набор пачынаецца з 1 сакавіка, запісаліся 25 дзяцей. Аб тым, што навучэнцы гімназіі добра валодаюць усімі мовамі, сведчыць і такі факт: сёлета вучаніца 6 класа Эліза Драгун стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу кніжных закладак “Легенды курганоў”. А натхніла яе на ўдзел у конкурсе настаўніца літоўскай мовы Юраце Нарвайшэне.

У гімназіі вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю дзяцей, пачынаючы з пачатковых класаў. Усе пачаткоўцы ўдзельнічаюць у творчых гуртках, старэйшыя дзеці спяваюць у вакальных ансамблях “Жавароначкі” і “Лянок”, ёсць тэатральная студыя. І як у кожнай арганізацыі, якая клапоціцца аб сваім развіцці, існуюць свае традыцыі: 1 лютага адзначаецца дзень гімназіі, на які з’язджаюцца выпускнікі нават з іншых краін, святкуюцца дні беларускага пісьменства і роднай мовы. Сярод самых любімых свят — сто дзён да экзаменаў — стаднюўка. У гэты дзень гімназісты развітваюцца з дзяцінствам і апошні раз ядуць… манную кашу. Сімвалічнае мерапрыемства адбываецца ў сталовай, а малодшыя навучэнцы могуць і варэння да кашы дадаць, каб падсаладзіць развітанне з дзяцінствам і хуткае — з гімназіяй.

Сапраўдны куточак беларушчыны ў гімназіі — музей беларускай літаратуры і этнакультуры. Настаўніца роднай мовы (менавіта так называюць настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі) Алена Базюк працуе тут з 1994 года і кіруе работай музея. Спадарыня Алена правяла экскурсію па музеі і расказала, што знаходзіцца тут амаль 500 экспанатаў.

— Для дзяцей цікавымі і важнымі з’яўляюцца ўрокі ў музеі, праекты, экскурсіі, — расказвае настаўніца. — Найбольш цікава ім памацаць старыя рэчы сваіх прабабак, прадзедаў, адчуць дух даўніны. Часта праводзім экскурсіі да юбілеяў, школьных і міжнародных свят. Ажыццяўляем праекты, у тым ліку і выпуск кніг дзіцячай творчасці (“Вільня вачыма дзяцей”, “У шматгалосай Вільні гучыць мая родная мова”, “Старая беларуская Вільня”). Музей наведваюць госці з Беларусі, увогуле госці школы. Тут пабываў калісьці Васіль Быкаў.

У беларускай гімназіі з 1 верасня 2014 года пачала працаваць дашкольная група, дзе дзеці пачынаюць актыўна вывучаць беларускую мову і карыстацца ёй.

Настаўніца пачатковых класаў Алена Забельская расказвае, што маленькія гімназісты ў асноўным пачынаюць знаёмства з беларускай мовай менавіта ў гімназіі, а калі завяршаюць вучобу — свабодна валодаюць мовай і любяць яе. Нездарма традыцыйна на апошняй лінейцы заўсёды гучаць словы: “І каб ніколі не гасла слова беларускае!” Дарэчы, спадарыня Алена вышэйшую адукацыю атрымала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Сувязі з Беларуссю ў гімназіі даўнія і трывалыя. Як расказала Дзіяна Стахновіч, вільнюская гімназія супрацоўнічае з дзвюма школамі Мінска, Гродзенскай гарадской гімназіяй, школамі Ліды і Ашмян. Традыцыйна вільнюскія гімназісты ўдзельнічаюць у конкурсах і канферэнцыях у Беларусі, аб чым сведчаць шматлікія дыпломы, якія ўпрыгожваюць сцены гімназіі. Штогод дзеці запрашаюцца на калядную ёлку ў Палац Рэспублікі ў Мінску, летам адпачываюць у лагерах “Зубраня” і “Лідар”.

Сярод прэферэнцый для выпускнікоў беларускай гімназіі — магчымасць па-за конкурсам паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі. Актыўна ўдзельнічае гімназія імя Францыска Скарыны і ў міжнародных праектах, што дало магчымасць навучэнцам пабываць у Грэцыі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі, Турцыі, Партугаліі і, канечне, у Беларусі. А ажыццяўленне сумеснага праекта з Гродзенскай гарадской гімназіяй дазволіць убачыць не толькі Мінск, але і шмат іншых гарадоў Беларусі. Так, ад наведвання Гродна ў іх засталіся самыя яркія ўражанні. Намеснік дырэктара гімназіі Юраце Нарвайшэне падкрэсліла, што Гродна вельмі прыгожы горад і сюды хочацца абавязкова вярнуцца, каб даведацца аб ім яшчэ больш. А магчымасць прыехаць у Гродна і іншыя гарады Беларусі, а таксама ў розныя месцы Літвы ў гімназістаў дзвюх гімназій будзе абавязкова. Па выніках сваіх падарожжаў і даследаванняў яны выпусцяць манаграфію аб гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і зробяць гэта з пункту гледжання сучаснага гімназіста.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.