Шосты дзень на Гомельшчыне: “Прафесійныя суботы”

- 10:34Дадатковая адукацыя

Што мы кладзём у аснову, калі гаворка ідзе пра шосты школьны дзень? Каб дзеці самі хацелі праводзіць гэты дзень з карысцю, са сваімі аднакласнікамі і настаўнікамі. Зразумела, што прымусовы метад ніякай эфектыўнасці не прыносіць. Тут трэба шукаць новыя, цікавыя формы работы. Менавіта так узніклі ў Гомельскай вобласці “Універсітэцкія суботы” — сапраўднае дзецішча дырэктара рэгіянальнага цэнтра тэсціравання Уладзіміра Глазунова.

Праект, які стартаваў у канцы мінулага года, вельмі хутка паказаў станоўчыя вынікі. Толькі за два месяцы ў “суботах” прынялі ўдзел амаль 2 тысячы дзяцей і педагогаў са школ і гімназій не толькі абласнога цэнтра, але і розных раёнаў вобласці. Так, справа не ў лічбах. Непадробленая зацікаўленасць школьнікаў у наведванні ўніверсітэтаў, у магчымасці паслухаць лекцыі вядомых навукоўцаў, пазаймацца ў лабараторыях, прыняць удзел у майстар-класах і семінарах — вось што дае падставу разумець, наколькі добры і эфектыўны праект пачаўся ў вобласці. Калі ёсць вынік — самы час падумаць над новым фарматам. Доўга чакаць не прыйшлося. Было зацверджана Палажэнне аб новым праекце “Прафесійныя суботы” на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Чаканні апраўданы. У мінулы шосты дзень “Прафесійныя суботы” прайшлі ў незвычайным фармаце. Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама разам з абласным вучэбна-метадычным цэнтрам прафесійнай адукацыі арганізавалі мерапрыемства, у якім прафарыентацыйны кірунак аб’яднаўся са спартыўна-масавымі спаборніцтвамі. Працавалі тры пляцоўкі ў розных каледжах: кулінарыі, бытавога абслугоўвання і электратэхнікі. Сярод удзельнікаў — навучэнцы каледжаў і вучні школ, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання і настаўнікі, а таксама бацькі.
Свята спорту і здароўя аб’яднала будучых кулінараў, цырульнікаў, электратэхнікаў і навучэнцаў школ, якія сабраліся ў спартыўнай зале Гомельскага каледжа кулінарыі, — каля 130 падлеткаў. У праграму спаборніцтваў уваходзілі эстафеты “Пінгвіны”, “Скачкі ў мяшках”, “Тунэль” і многія іншыя. Здаровае спаборніцтва, смех і добры настрой панавалі ў зале на працягу некалькіх гадзін. У пераможцах аказалася каманда прымаючага каледжа, другое месца заняла каманда каледжа бытавога абслугоўвання, а на трэцім — дзяўчаты з каманды “Электралэдзі” каледжа электратэхнікі. Дыпломы і прызы спартсменам уручыў старшыня журы начальнік аддзела сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Вячаслаў Пільшчыкаў.
Не забыліся кулінары паказаць і сваё прафесійнае майстэрства. Выставы тэматычных сталоў “Кветкавая фантазія” і “Успаміны пра Шанхай” дэманстравалі творчыя магчымасці прафесіі кулінара, кухара і кандытара. А на майстар-класах можна было навучыцца святочнай сервіроўцы стала і майстэрству карвінгу.
У каледжы бытавога абслугоўвання для навучэнцаў гомельскіх школ арганізавалі экскурсію па навучальнай установе, дзе юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з дасягненнямі ўстановы адукацыі, даведаліся пра знакамітых выпускнікоў. Майстры вытворчага навучання расказалі навучэнцам і бацькам пра спецыяльнасці, правялі іх па добра абсталяваных навучальных майстэрнях і эстэтычна аформленых вучэбных класах.
У дэманстрацыйнай зале каледжа школьнікі сталі гледачамі дэманстрацыі калекцый тэатра мод “Чатыры стыхіі”, які даўно і паспяхова працуе ва ўстанове. Асаблівае ўражанне будучыя абітурыенты атрымалі ад майстар-класаў “Цырульніцкае мастацтва” і “Швейнае майстэрства”. А кульмінацыяй карыснага шостага дня ў каледжы бытавога абслугоўвання стала наведванне рэсурснага цэнтра ўстановы, дзе ў падлеткаў была магчымасць убачыць найноўшае абсталяванне, на якім навучэнцы ствараюць дзівосныя калекцыі адзення, з якімі, дарэчы, паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах.
Каледж электратэхнікі сустрэў гасцей выставамі тэхнічнай і мастацкай творчасці. Тут цесна сябруюць з тэхнікай, а таму школьнікаў не павялі па калідорах і аўдыторыях, а прадставілі ім віртуальную экскурсію па каледжы з прэзентацыяй спецыяльнасцей. Потым падлеткаў чакалі спаборніцтвы робатаў. Жалезныя людзі-машыны, зробленыя рукамі навучэнцаў каледжа, вельмі зацікавілі школьнікаў. Яшчэ большы азарт надавала магчымасць узяць робата ў рукі, уключыць яго. Асабліва кранула тое, што падлеткі шмат гутарылі, задавалі адно аднаму пытанні, выказвалі думкі. У майстэрні каледжа электратэхнікі, дзе школьнікаў чакалі майстры вытворчага навучання, юнакі і дзяўчаты ішлі са сваімі думкамі, а ў іх вачах быў сапраўдны інтарэс. Напрыканцы такога насычанага дня падлеткі паглядзелі прэзентацыю “Школа робататэхнікі” і сталі ўдзельнікамі прафарыентацыйнай праграмы “Мая прафесія: учора, сёння, заўтра”.
Вось такія суботнія дні на Гомельшчыне. Арганізатары ўпэўнены, што такая арганізацыя вучнёўскай моладзі не толькі дапамагае падлеткам вызначыцца з будучай прафесіяй, але і вучыць адказнасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.