Навучэнцы альшанскай сярэдняй школы № 1 Столінскага раёна з асаблівым нецярпеннем чакаюць суботы, бо для іх гэта магчымасць напоўніцу наталіцца народнымі спевамі ці адправіцца ў фальклорную вандроўку па Палессі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Усё жыццё Кацярыны Кадоліч, кіраўніка аматарскага фальклорнага калектыву “Вяртанне”, звязана з песнямі, і менавіта мясцовымі.
— Я вучылася ў Аздаміцкай сярэдняй школе, і мая першая настаўніца Паўліна Іванаўна Мальцэвіч вельмі прыгожа спявала народныя песні. І якія б дзеці ні траплялі ў яе клас, з якімі б вакальнымі данымі яны ні былі, усіх да аднаго яна навучыла спяваць. Трапіла ў яе клас і я. Усё школьнае жыццё мы са сваім класам спявалі, у тым ліку і ў царкоўным хоры, — успамінае Кацярына Фёдараўна.
І ўжо 3 гады яна, як некалі і яе настаўніца, выхоўвае вакальны талент ужо ў сваіх навучэнцах.
— Наш рэпертуар складаецца з 2 кірункаў. Першы — гэта нашы мясцовыя песні. Мы запісваем іх ад самых старэйшых жыхароў на аўдыя- і відэаносьбіты і да дробязей паўтараем. Гэта песні не толькі альшанскія, а і з іншых вёсак Століншчыны. Я заўсёды дзіву давалася, як бабулі, якія не маюць ніякай вакальнай падрыхтоўкі (не кажучы ўжо пра адукацыю), спяваюць так прыгожа, глыбока. Калі ўслухоўваешся ў іх песні, здаецца, што ты пераносішся туды, у далёкія і забытыя часы. Другі кірунак — духоўныя песні, бо мы з’яўляемся яшчэ і царкоўным хорам храма святой Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы аграгарадка Альшаны. Але традыцыйныя псалмы мы спяваем народным напевам, менавіта так, як тут у нас спрадвеку спявалі.
Дарэчы, якраз гэты кірунак і зацікавіў адзінага ў калектыве хлопца. Івану Андрусевічу ўсяго 11 гадоў, але ён ужо цвёрда вырашыў паступаць у духоўную семінарыю, таму хоча асвоіць царкоўныя спевы. Чатыры дачкі Кацярыны Кадоліч таксама спявалі ў яе калектыве (ужо дзве з іх — выпускніцы).
За 3 гады калектыў “Вяртанне” прыняў удзел у 19 творчых конкурсах і ў іх атрымаў 19 перамог. З іх — 4 дыпломы І ступені на рэспубліканскіх этапах. Літаральна з усіх фальклорных конкурсаў юныя выканаўцы вярталіся пераможцамі.
Ля вытокаў стварэння калектыву стаяў і дырэктар гэтай школы Міхаіл Ільіч Лямеза. Матывы тлумачыць так:
— Я люблю наш край, яго гісторыю, традыцыі, мяне натхняе іх адраджэнне. Гэта такі стрыжань, які дае падпітку чалавеку. І таму я падтрымаў ідэю Кацярыны Фёдараўны стварыць у нашай школе фальклорны калектыў, разам з якім можна было б зазірнуць у мінулае, у нашу мясцовую этнакультуру, зрабіць свайго роду гістарычна-краязнаўчы нарыс, адрадзіць мінулую культуру і падзяліцца ёй з сучасным пакаленнем. Тут галоўная перавага — сама Кацярына Фёдараўна. Яна чалавек незвычайны, цяжка знайсці таго, хто б гэтак жа ашчадна ставіўся да песні, да слова ўвогуле. Дарэчы, яна піша цудоўныя вершы і я ўжо прадумваю, як дапамагчы ёй іх апублікаваць.
Акрамя таго, што навучэнцы папаўняюць сваю вакальную скарбонку, роўна столькі ж яны і папаўняюць сваю калекцыю народных касцюмаў. Іх дораць юным фалькларыстам старэйшыя жыхары і жыхаркі вёсак, якія захавалі іх яшчэ са свайго дзяцінства і маладосці.
Каменціруючы касцюмы сваіх навучэнак, у якіх дзяўчаты спявалі сёння і для нас, Кацярына Фёдараўна адзначае:
— Гэта ўжо больш сучаснае адзенне, каляровае. Вось гэта — альшанскія касцюмы, у іх сарочак не відаць, іх поўнасцю хавае верхняя кашуля. А ў аздаміцкіх сарочкі былі даўжэйшыя за спадніцу (таму ніжні край сарочкі кожная дзяўчына імкнулася вышыць і аздобіць як мага прыгажэй), відаць былі яе рукавы, бо ў касцюме была абавязковай камізэлька. У альшанцаў спадніца была даўжэйшая, чорная і з чорнымі стонжкамі, ці стужкамі, у Аздамічах іх было тры і сіняга колеру. І фартухі былі розныя, іх аздабленне, сімволіка. Ёсць у нас шмат саматканых, ільняных рэчаў, з адметнасцямі, якія ўказваюць на прыналежнасць да пэўнай вёскі.
Акрамя таго, мясцовыя бабулі ў імкненні захаваць не толькі нематэрыяльную культуру хацелі, каб захавалася і матэрыяльная. Таму перадавалі калектыву “Вяртанне” свае верацёны, праслы, самапрадкі, кашалі, чанькі, старадаўнія іконы, ручнікі — літаральна ўсё, чым карысталіся людзі ў побыце. Кацярына Кадоліч усё гэта захоўвала ў сваёй хаце, пакуль месца для гэтых скарбаў не скончылася. Цяпер яны знаходзяцца ў суседняй хатцы, якая пуставала, — педагог даўно марыла стварыць музей, і нядаўна гэта яе мара ажыццявілася. Музей “Каціна сэрца” ўжо адкрыты для наведвальнікаў. Яго напаўненне ў спалучэнні з песнямі юных альшанцаў дапамагае глыбей адчуць каларыт мінулага і дадае новыя фарбы ў наша сучаснае жыццё.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара