Шосты школьны дзень: расказваем пра праект «Падарожжа па краіне СпАрт»

- 16:40Образование, Приложение, Шестой день

Да спартыўна­-крэатыўнага праекта шостага школьнага дня настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Оршы Наталля Гмырак падышла неардынарна — для дасягнення фізічнай і духоўнай дасканаласці вырашыла аб’яднаць спорт, здаровы лад жыцця, мастацтва, эстэтыку і культуру. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Да рэалізацыі далучыўся ўвесь педкалектыў. Старажытнагрэчаскія пастулаты, якія ляглі ў аснову праекта, а таксама нетрадыцыйныя формы арганізацыі вольнага часу ў суботнія дні, на думку педагога, дапамогуць скараціць разрыў паміж фізічным і духоўным развіццём дзяцей і падлеткаў:

Захапленне дзяцей толькі творчасцю, як правіла, не дадае ім здароўя, а празмерныя заняткі спортам часта вядуць да збяднення ўнутранага свету дзіцяці. Такім чынам, не рэалізуецца адзін з асноўных ідэалаў гуманістычнай педагогікі — гарманічнае развіццё асобы, які ўзыходзіць да старажытнагрэчаскага ідэалу калакагатыі і грунтуецца на гармоніі фізічных і духоўных здольнасцей чалавека. Мы ў сваім праекце, які выконвае аздараўленчую, псіхалагічную і выхаваўчую функцыі, паспрабавалі наблізіцца да гэтай гармоніі. А субота — самы плённы час для разрадкі назапашанай за тыдзень напружанасці і папаўнення сіл.

Мерапрыемствы праекта “Падарожжа па краіне СпАрт” разлічаны на 9 субот (адны заняткі ў месяц). Яны праходзяць на працягу навучальнага года і складаюцца з трох перыядаў. Удзельнікам праг­рамы ад 7 да 18 гадоў. Дарэчы, назва “СпАрт” вытворная ад трох англійскіх слоў: spirituality — духоўнасць, sport — спорт, art — мастацтва. Спачатку на працягу першых дзвюх сустрэч у гульнявой форме дзеці знаёмяцца з ідэямі праграмы, старажытнагрэчаскай міфалогіяй, гісторыяй развіцця спорту. Героі гульні трапляюць на зямлю СпАрт, дзе быццам бы багі з гары Алімп і іншыя міфічныя істоты ладзяць ім розныя перашкоды. Пераадолеўшы іх, школьнікі мо­гуць звацца рыцарамі краіны СпАрт. Настае час рабіць мадэль карабля і адпраўляцца ў дарогу, сабраўшы экіпаж, стварыўшы сваю сімволіку: герб, сцяг, гімн.

Падчас другога (асноўнага) перыяду, на працягу пяці субот, актыўна развіваецца спартыанскі рух, які ўключае ў сябе спартыанскую адукацыю і спартыанскія гульні для дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Пры выбары актыўнасцей перавага аддаецца спартыўна-аздараўленчым конкурсам, спартыўна-тэхнічным спаборніцтвам (мадэляванне карабля, паветранага змея), спартыўна-агі­тацыйным мерапрыемствам (выпуск газет, плакатаў, міні-канцэрты, дзейнасць агітбрыгад), спартыўна-гістарычным заняткам (экскурсіі, літаратурныя сустрэчы, тэатралізаваныя паказы), спартыўна-дыягнастычным спаборніц­т­вам (малыя Алімпійскія гульні).

У спартыанскім руху галоўная роля адводзіцца спартыанскім гульням, у якіх цэнтральнае месца займаюць спаборніцтвы, дзе спорт спалучаецца з мастацтвам і іншымі відамі духоўна-творчай дзейнасці, а таксама ствараюцца роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў з улікам іх узросту, падрыхтаванасці, асаблівасцей развіцця. Падабраныя пэўным чынам турніры і конкурсы называюцца спартыанскімі агонамі. Першы агон — “Спартыанская візітоўка”. Другі агон — “Спартыанскія мнагаборствы” (дваябор’е — спорт + мастацтва, трохбор’е — спорт + мастацтва + веды, чатырохбор’е — спорт + мастацтва + веды + турызм). Вялікай папулярнасцю сярод удзель­нікаў спартыанскіх гульняў карыстаецца трэці агон “Архестрыка” (у Старажытнай Грэцыі мастацтва руху выяўлялася ў тэатральных і баявых танцах, акрабатычных практыкаваннях). Галоўныя якасці, якія неабходна паказваць у рухавых гульнях з мячом, колам, клюшкай, палкай ці гульнях на ўтрыманне раўнавагі, — гэта гнуткасць, спрыт, пластыка, каардынацыя, сіла. Чацвёрты агон — “Спартыанская дуэль” (конкурс капітанаў), для якога дзеці рыхтуюць пытанні для сапернікаў і арыгінальныя трукі, якія складана паўтарыць. Пяты агон — “Гармонія” ўключае ў сябе спецыялізаваныя практыкаванні, тэсты і заданні, падчас якіх удзельнікі дэманструюць фізічную форму, эстэтычны і творчы патэнцыял.

Трэці, заключны, перыяд, які надыходзіць з набліжэннем заканчэння навучальнага года, — час падвядзення вынікаў у асабістым і камандным першынстве і час узнагарод. За выдатна выкананыя заданні атрады ўзнагароджваюцца ордэнам Дружбы, ордэнам Творчасці, ордэнам Культуры, ордэнам Фізічнай дасканаласці. Дзеці атрымліваюць памятныя падарункі.

— Вынікі спартыўна-крэатыўных субот радуюць, — заўважае Наталля Уладзіміраўна. — Назіраецца павышэнне ўзроўню фізічнага, псіхалагічнага і сацыяльнага здароўя дзяцей. Школьнікі з цікавасцю спасцігаюць гісторыю і культуру Старажытнай Грэцыі, ахвотна займаюцца спортам і прымаюць удзел у спаборніцтвах, рэалізуюць свае творчыя здольнасці. І, здаецца, як дзеці, так і іх бацькі пачынаюць ставіцца да стану здароўя як да аднаго з асноўных фактараў поспеху ў жыцці.

Марына КУНЯЎСКАЯ