Штанга ў дзявочых руках — фішка Гожскай школы

- 14:08Образование, Шестой день

Выхоўваць здаровых і вынослівых дзяцей настаўніку фізкультуры Аляксею Пілюкову дапамагае цяжкая атлетыка. Дзецям жа яна адкрывае дарогу на спартыўны алімп. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Аляксей Пілюкоў і юныя атлеты

Дастойны прыклад

Аляксей Уладзіміравіч працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Гожскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, трэнерам па цяжкай атлетыцы Скі­дзельскай ДЮСШ і педагогам дадатковай адукацыі па лёгкай атлетыцы Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі. Гэта на руку юным жыхарам Гожы, бо менавіта на базе іх школы педагог сумяшчае ўсё гэта. А для 6-класнікаў Аляксей Уладзіміравіч яшчэ і класны кіраўнік.

Для ўсіх без выключэння педагог — прыклад для паўтарэння. Ён не проста майстар спорту па цяжкай атлетыцы — ён стаў ім, калі быў яшчэ такім жа, як і яны, школьнікам. Ён у 13 гадоў прыйшоў у цяжкую атлетыку. Ёй хлопчыка зацікавіў сусед па лесвічнай пляцоўцы трэнер Мікалай Курловіч — брат вядомага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Курловіча (тады хлопчык яшчэ жыў у Гродне). Аляксей пачаў актыўна займацца ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе № 9 і ўжо праз год завая­ваў серабро на рэспубліканскіх спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы. Пазней, у вучылішчы алімпійскага рэзерву, ён займаўся ў заслужанага трэнера Азербай­джана Уладзіміра Нікіціна, а калі ў 11 класе юнак стаў майстрам спорту, да трэніровак падключыўся і Аляксандр Курловіч. Хоць Аляксей Пілюкоў пасля школы атрымліваў адначасова і трэнерскую спецыяльнасць, і будаўнічую, усё ж з 25 гадоў стаў трэнерам для дзяцей — спачатку ў 9-й СДЮШ у Гродне, а апошнія 10 гадоў — у Гожы. На рахунку яго навучэнцаў з Гожы ўжо каля паўсотні медалёў, заваяваных на рэспуб­ліканскіх спаборніцтвах, і звыш 300 — на турнірах абласнога ўзроўню.

Крокамі майстра

Узнагарод многа не бывае

Секцыя па цяжкай атлетыцы Аляксея Пілюкова стала візітоўкай школы і яе гордасцю. Назіраючы за спартыўнымі поспехамі педагога і яго навучэнцаў, Беларуская федэрацыя цяжкай атлетыкі і кіраўніцтва СВК “Гожа” стварылі ў школе ўсе ўмовы для трэніровак.

— База ў нас выдатная, ёсць увесь неабходны інвентар, шматфункцыянальны трэнажор, прафесійныя штангі. Ёсць нават памост у гульнявой зале, каб не псаваць падлогу штангамі. Цяпер мы можам трэніраваць спартсмена любога ўзроўню, пачынаючы ад малодшых школьнікаў і заканчваючы майстрамі спорту, — дзеліцца трэнер.

Дар’я Кірко

Тут сур’ёзна займаюцца цяжкай атлетыкай не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Прычым менавіта дзяўчынкі аказаліся больш перспектыўнымі. За 10 гадоў педагог падрыхтаваў трох майстроў спорту (усе дзяўчаты) і чатырох кандыдатаў у майстры спорту (з іх толькі адзін — хлопчык). Усе яны станавіліся чэмпіёнамі, увахо­дзілі ў склад нацыянальнай зборнай. Восем школьнікаў былі прынятыя ў Гродзенскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Дзве яго выпускніцы — сёстры Дар’я і Вікторыя Кірко — атрымалі адукацыю і працуюць трэнерамі ў яго роднай школе, якая ўжо стала Гродзенскай СДЮШАР № 9 імя А.М.Курловіча.

— Мне з навучэнкамі заўсёды шанцуе. Яны больш мэтанакіраваныя, больш зацікаўленыя, больш вынослівыя, — гаво­рыць Аляксей Пілюкоў і дадае: — Існуе міф, быццам бы цяжкая атлетыка шкодзіць жаночаму, і тым больш дзявочаму, арганізму, што стаць маці ў будучым ім будзе цяжэй, а іх фігура стане мужападобнай. Насамрэч, наадварот, бо на трэніроўках умацоўваюцца мышцы тазавага дна, мышцы корпуса (прэс), ногі, сцёгны. Не ставім мы і мэты на­браць мышачную масу — бодзібілдзерам ні адна дзяўчынка ў нас не стане, бо спецыфіка нашага спорту іншая. У цяжкай атлетыцы галоўнае — не накачаць аб’ёмныя мышцы, а зрабіць дзіця вынослівым і хуткім. А хуткасць і аб’ём — рэчы супярэчлівыя і несупаставімыя, бо чым большая мышца, тым яна менш хуткасная. У выніку фігура атрымліваецца атлетычная, але без перагібаў.

Не шкодзіць цяжкая атлетыка і маленькім спартсменам. У секцыі трэнера займаецца і яго сын — 10-гадовы Ігар. Хлопчык у пяць гадоў папрасіў у Дзеда Мароза штангу, з якой і сёння не развітваецца. На апошніх спаборніцтвах хлопчык у штуршку падняў 42 кг і 35 кг — у рыўку. Яшчэ трошкі — і да Ігара далучыцца Ілля. Яму ўсяго 4 гады, але ён ужо рады паднесці старшаму брату гантэлі.

— Я ніколі не фарсірую рэзультат. Дзеці павінны развівацца паступова. Нельга весці дзіця да перамог любой цаной, праз яго “не магу”. Так і тэхніка зламаецца, з’явяцца траўмы, — гаво­рыць Аляксей Пілюкоў і дадае, што ў цэлым цяжкая атлетыка — не траўманебяспечны від спорту: — Куды большую небяспеку нясуць кантактныя віды спорту — адзінаборствы, рухомыя гульні (футбол, баскетбол), бо тут ужо не толькі ад цябе ўсё залежыць — цябе можа выпадкова траўміраваць іншы, гэтага ты не пракантралюеш.

Не навешваць ярлыкі

У Аляксея Уладзіміравіча ёсць свая методыка працы з дзецьмі, уласныя падыходы. Але самае галоўнае, што трэнер выбудоўвае даверлівыя адносіны са сваімі навучэнцамі, умее быць для іх сябрам, дарадцам, нават бацькам (асабліва для дзяцей, якіх выхоўваюць толькі мамы), ву­чыць ніколі сваю сілу і навыкі не накіроўваць для агрэсіі.

— Тут нельга зацыклівацца толькі на спартыўным баку іх жыцця. Для мяне важна і тое, хто з кім сябруе, а ў каго, наадварот, няма сяброў, якія ў іх сямейныя праблемы і інш. Ёсць сярод маіх навучэнцаў і падлеткі, якіх называюць цяжкімі. Мой прынцып — ніколі гэтых дзяцей не вылучаць, не прадумваць для іх нейкі асаблівы падыход, не навешваць ярлыкі. Я стараюся паказаць усім, у тым ліку і сваім калегам-прадметнікам, што і гэтае дзіця — такое ж, як і астатнія, і праца­ваць з ім прыемна, бо мэт яно таксама ўмее дасягаць. Яно ж не вінавата, што неяк не так яго лёс складваецца, можа, дзе бацькі не даглядзелі. А вось са шкоднымі звычкамі мы змагаемся. І тут спорт — лепшы памочнік. Як толькі зацікавіцца гэты падлетак спортам, як толькі ўбачыць свае першыя поспехі, то і сам будзе старацца разіваць сілу, каб перамагчы сапернікаў. Таму і курыць ён не будзе, і харчавацца будзе правільна, і паўнацэнна высыпацца па начах, — гаворыць Аляксей Пілюкоў.

Спартыўныя планы

Акрамя цяжкай атлетыкі, педагог кіруе і суботняй секцыяй па лёгкай атлетыцы. Два гады назад у школе, дзе была толькі спартыўная пляцоўка, з’явіўся новенькі стадыён — з сучасным пакрыццём. Думаецца, што і тут гож­скія школьнікі дасягнуць поспехаў. Пачатак ужо ёсць — у мінулым годзе другакласнік ­Арсеній Сідараў на рэспубліканскім конкурсе “300 талентаў для Каралевы” стаў абсалютным лідарам, сабраўшы ўсе магчымыя ўзнагароды.

На занятках настаўнік фізкультуры і двое яго калег развіваюць дзяцей у фізічным кірунку ў цэлым. У школе і на стадыёне ёсць магчымасці для многіх гульнявых відаў спорту, у тым ліку і хакея (спецыяльную пляцоўку для заняткаў на каньках яны заліваюць кожную зіму). Па суботах праводзяць агульна­школьныя мерапрыемствы, спартландыі, фестывалі, спартыўныя святы. Частыя госці па суботах — бацькі навучэнцаў. Яны ўжо самі, гледзячы на сваіх дзяцей, прызвычайваюцца да спорту. Многія з іх таксама некалі займаліся ў секцыях, а цяпер забыліся. Напомніць пра гэта хоча ў бліжэйшым будучым і Аляксей Ула­дзіміравіч — ён ужо сабраў групу баць­коў навучэнцаў для заняткаў фітнесам.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва школы