Што галоўнае ў рабоце педагога дадатковай адукацыі? Прафесійнымі сакрэтамі падзялілася Аксана Вайкшнарыс

- 16:03Образование

У кожным дзіцяці жыве мастак. Застацца ім можа дапамагчы толькі настаўнік. Прынамсі, так лічыць кіраўнік узорнай студыі “Арт-­лялька” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна Аксана Вайкшнарыс, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сёння студыю “Арт-лялька” наведваюць 140 дзяцей з усяго Дзяржынскага раёна. Самаму маленькаму мастаку, які прыхо­дзіць вучыцца творчасці да Аксаны Вайкш­нарыс, толькі споўнілася тры гады. З такімі малышамі настаўніца займаецца па асобным кірунку — малюе пяском, а таксама прымяняе нетрадыцыйныя метады: кляксаграфію, манатыпію, царапкі і інш.

— У рабоце педагога дадатковай адукацыі самае галоўнае — заха­ваць у дзіцяці непасрэднасць, адкрытасць і жаданне пазнаваць усё новае і нязведанае, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Аксана Вайкшнарыс. — Калісьці мой выкладчык з мастацкай школы Уладзімір Іванавіч Шчарбін гаварыў, што гэта нам, дарослым, трэба вучыцца ў дзяцей. Ім нельга навязваць сваё меркаванне, лепш прыслухацца да таго, што хвалюе хлопчыкаў і дзяўчынак. Тыя ідэі, што часам прыходзяць ім у галаву, дарослы ніколі не змог бы прыдумаць. Чым меншае дзіця, тым яно больш свабоднае, больш актыўнае. Калі сталеем, мы пачынаем замыкацца ў сабе, фантазія становіцца бяднейшай. Старэйшых навучэнцаў стараюся разварушыць, запаліць, бо ў іх таксама ёсць здольнасці да творчасці.

Тых дзетак, якім спаўняецца пяць гадоў, Аксана Вайкшнарыс пераво­дзіць у аб’яднанне па інтарэсах “Маленькі дызайнер”. Спрабуючы сябе ў маляванні, лепцы, аплікацыі, яны вызначаюцца, у якім кірунку будуць далей развівацца. У шэсць гадоў навучэнцы пераходзяць у “Арт-ляльку”, дзе твораць да таго моманту, пакуль не адчуюць, што ўжо выраслі ў сваёй творчасці.

З дзецьмі 13—16 гадоў, якія хочуць звязаць сваю будучую прафесію з мастацтвам, з бягучага навучальнага года мы пачалі рэалізацыю прафарыентацыйнага праекта, — адзначае Аксана Вайкшнарыс. — Ён накіраваны на падрыхтоўку да паступлення. Заняткі з такімі дзецьмі — гэта высокапрафесійныя ўрокі, падчас якіх займаемся кампазіцыяй, жывапісам. Усе яны хочуць стаць дызайнерамі ці педагогамі па дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Разам з падрыхтоўкай старэйшых вучняў да паступлення Аксана Вайкшнарыс дапамагае дзецям прымаць удзел у шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Педагог ведае, наколькі важнай для вучняў з’яўляецца яе падтрымка і іх перамогі. Як калісьці і яе настаўнікі, яна таксама стараецца заўсёды дапамагаць сваім выхаванцам. Штогод удзель­нікі ўзорнай студыі “Арт-лялька” прывозяць у Дзяржынскі раён больш чым 60 узнагарод з рэспуб­ліканскіх і міжнародных конкурсаў.

— Калі вучылася ў мастацкай школе, пастаянна прывозіла ўзнагароды са шматлікіх конкурсаў. Помню, як прыемна, калі станавілася лепшай, — успамінае педагог. — Хочацца, каб і мае вучні адчувалі тое ж, каб былі задаволены сабой і сваімі работамі.

У міжнародным конкурсе жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” мастакі арт-студыі “Лялька” прымаюць удзел ужо 10 гадоў і заўсёды атрымліва­юць дыпломы пераможцаў. Сёлета з 13 работ, якія трапілі ў фінал прэс­тыжнага мастацкага спаборніцтва, пераможцамі сталі восем. Тым, хто займаецца ў “Арт-ляльцы”, падабаецца конкурсная дзейнасць. Як толькі заканчваецца адзін конкурс, дзеці прыходзяць да настаўніцы і цікавяцца, калі будзе наступны. Аксана Вайк­шнарыс упэўнена, што жаданне тварыць і працаваць вельмі важнае для будучых мастакоў.

На пытанне, што рабіць, калі ў дзяцей няма натхнення маля­ваць, педагог гаворыць, што прапануе ім заплюшчыць вочы і маляваць звычайныя калякі-малякі, усё, што прый­дзе ў галаву, не звяртаючы
ўвагі на тэму ўрока.

— Калі ўсё гатова, мы расплюшч­ваем вочы і спрабуем разгледзець у тых каляках-маляках вобразы, якія атрымаліся, — дзеліцца суразмоўніца. — Часам сярод іх можна знайсці многа цікавага. Пасля такую работу дапрацоўваем і атрымліваем карціну, з якой можна нават у конкурсе паў­дзельнічаць, што мы і робім. У мінулым навучальным годзе ў нас было 114 абласных, 111 рэспубліканскіх і 118 перамог на міжнародных мастацкіх конкурсах. Пачынаючы новы навучальны год, заўсёды імкнуся прыдумаць нешта новае, каб выклікаць у дзяцей энтузіязм і жаданне рабіць гэты свет пры дапамозе фарбаў і пэндзля больш яркім і каляровым.

Наталля САХНО