Намеснік загадчыка дзіцячага сада № 566 Мінска Юлія Красоўская і яе муж Дзмітрый ужо сем гадоў з’яўляюцца донарамі крыві. Педагог расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, што падштурхнула іх да гэтага кроку і каго яшчэ яны натхнілі сваім прыкладам.
На сваім месцы
Юлія Віктараўна прызнаецца, што, хаця ў іх сям’і не было педагогаў, яна з дзяцінства хацела стаць настаўніцай пачатковых класаў. Да сённяшняга дня захоўвае школьны сшытак з сачыненнем “Мая будучая прафесія”, дзе напісала аб гэтым. У многім на яе выбар паўплывала любімая першая настаўніца Ала Пятроўна Васькіна, якая, дарэчы, да гэтага часу працуе ў сталічнай сярэдняй школе № 72 імя У.І.Арцёмава. Яны падтрымліваюць самыя цёплыя адносіны.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка Юлія Віктараўна скончыла з дыпломам з адзнакай. Пачынала прафесійны шлях настаўніцай пачатковых класаў у школе, а потым звязала свой лёс са сталічным дзіцячым садам № 566, дзе працуе ўжо больш за 15 гадоў. Амаль 5 з іх — намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці.
Трэба адзначыць, што гэта адзін з самых вялікіх дзіцячых садоў у Мінску. У ім працуюць 14 груп, у тым ліку чатыры беларускамоўныя і тры — для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Пры гэтым усе групы ўкамплектаваны, цяжкасцей з наборам выхаванцаў няма. Калектыў тут дружны, стабільны, праблема цякучкі кадраў практычна адсутнічае. На сёння заняты ўсе вакансіі. Як адзначае загадчыца дзіцячага сада № 566 Мінска Вераніка Каралькова, у гэтым вялікая заслуга ў тым ліку Юліі Красоўскай, якая выдатна працуе з кадрамі, стварае ў калектыве спрыяльны мікраклімат.
Станоўчы імідж установы дашкольнай адукацыі падтрымліваецца канкрэтнымі справамі ў інтарэсах дзяцей. Шмат увагі ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчаму кірунку. Спартыўная зала дзіцячага сада ў 2024 годзе была прызнана лепшай сярод устаноў дашкольнай адукацыі Партызанскага раёна сталіцы. Выдатныя ўмовы для заняткаў створаны і на прысадаўскай тэрыторыі, дзе ёсць дзіцячыя футбольная, баскетбольная і варкаўт-пляцоўкі. Нядаўна скончылі рамонт і пераабсталяванне басейна, з дня на дзень чакаюць дазволу на яго запуск.
Важнае значэнне надаецца патрыятычнаму выхаванню, а таксама пытанням бяспечных паводзін дзяцей. У пачатку гэтага года тут адкрылі крэатыўны квест-пакой па бяспецы. Выхаванцы могуць забрацца ўнутр макета вялікай пажарнай машыны, прымераць экіпіроўку ратавальнікаў, якую спецыяльна пашылі для дзяцей, і шмат чаго яшчэ. Дзеці адпрацоўваюць тут навыкі правільных паводзін дома, у дзіцячым садзе, на прыродзе, асвойваюць асновы кібербяспекі. Таксама іх знаёмяць з азамі першай медыцынскай дапамогі. На гарадскім этапе рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства — 2025” установа дашкольнай адукацыі заняла 2-е месца.
У 2024 годзе дзіцячы сад № 566 быў занесены на Дошку гонару Партызанскага раёна Мінска, а па выніках работы за 2023 год заняў 2-е месца сярод устаноў дашкольнай адукацыі Мінска.
З любоўю да людзей
Акрамя плённай працоўнай дзейнасці, Юлія Красоўская ўжо сем гадоў займаецца такой карыснай для грамадства справай, як донарства.
— У 2018 годзе цяжка захварэў мой бацька, яму спатрэбіліся шматразовыя, амаль кожны дзень, пераліванні крыві. Вядома ж, я і раней ведала аб важнасці донарства, але пасля таго, як наша сям’я сутыкнулася з бядой, па-іншаму паглядзела на гэтае пытанне. Вырашыла, што калі хтосьці дапамог майму бацьку, то няхай мая кроў таксама некага выратуе. Муж падзяляў мае пачуцці, і мы разам прынялі рашэнне стаць донарамі, — расказвае яна.
Першую сямейную здачу крыві мая суразмоўніца выдатна памятае да гэтага часу. Працэдуру ажыццявілі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Адбылося гэта 14 чэрвеня, у Сусветны дзень донара крыві, і цэнтр з нагоды свята быў упрыгожаны шарамі, дзіцячымі малюнкамі. Крыху хваляваліся, аднак добразычлівасць і ўважлівасць медыкаў надалі ўпэўненасці. Муж пайшоў на працэдуру першым, яна — следам за ім. Калі выйшлі, здзівіліся, што ў арганізме стала на 450 мл крыві менш, але адчувалі яны сябе як звычайна. Да таго ж быў выдатны настрой ад таго, што зрабілі добрую справу.
З таго часу кожны з іх здаў кроў ужо каля 30 разоў. У донарскіх цэнтрах сталіцы іх ведаюць як сям’ю Красоўскіх, бо яны амаль заўсёды прыходзяць на працэдуру разам. Рэгулярна ўдзельнічаюць і ў акцыях па бязвыплатнай здачы крыві.
— У донарскіх цэнтрах заўсёды пануе добразычлівая атмасфера, усе праяўляюць клопат і ўвагу да твайго самаадчування. Мне вельмі падабаецца, што да нас звяртаюцца са словамі “паважаны донар”. У такія моманты адчуваеш сябе дастойным чалавекам, які ўносіць уклад у дабрабыт іншых людзей, — адзначае суразмоўніца.
Згодна з правіламі, донары не ведаюць, каму ў далейшым пераліваюць іх кроў. Аднак муж і жонка Красоўскія шчыра спадзяюцца, што за гады донарства яна прынесла карысць многім.
— Невыпадкова папулярнай рыфмай да слова “кроў” з’яўляецца любоў. Донарам нельга стаць, калі ў сэрцы няма любові да людзей, жадання дапамагчы, а магчыма, і выратаваць жыццё, — дзеліцца думкамі педагог. — Донарства для мяне не проста працэдура здачы крыві, а важная, неад’емная частка жыцця. Планую працягваць гэтую справу і з цягам часу атрымаць званне “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”. Засталося ўжо няшмат.
Юлія Віктараўна адзначае, што донарства натхніла іх з мужам весці больш здаровы лад жыцця, як след сачыць за сваім здароўем. Як вядома, перад кожнай данацыяй донары праходзяць медыцынскі кантроль, здаюць аналізы, і калі нешта не так, да працэдуры іх не дапускаюць. Яны з мужам не кураць, не злоўжываюць алкаголем, любяць пешыя і веласіпедныя прагулкі. Сам за сябе гаворыць той факт, што на бальнічным педагог не была ўжо некалькі гадоў.
Кіраўнік дзіцячага сада і калегі высакародную місію Юліі Красоўскай падтрымліваюць. Зразумела, плануючы працэдуры па здачы крыві, пад якія донару даецца выхадны дзень, яна заўсёды ўлічвае працоўныя інтарэсы і ўзгадняе дату данацый з загадчыцай.
Трэба адзначыць, дастойны прыклад педагога натхняе і іншых членаў калектыву. Гэтым летам у акцыі па бязвыплатнай здачы крыві паўдзельнічала ўжо некалькі чалавек. Акрамя таго, жаданне здаваць кроў выказаў і сын Данііл, якому нядаўна споўнілася 18 гадоў (менавіта з гэтага ўзросту ў нашай краіне дазволена стаць донарам). І гэта выдатны ўзор таго, як добрая справа знаходзіць свой працяг у тых, хто з намі побач.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара





