Што прадставілі каманды навучэнцаў падчас педагагіяды, якая прайшла на Гродзеншчыне

- 15:26Образование

“Дыялог вопыту і маладосці, навукі і практыкі”. Педагагіяда пад такім дэвізам прайшла ў Гродне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі сабраліся больш за 150 чалавек: навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці з усіх раёнаў Гродзеншчыны, выкладчыкі і студэнты БДПУ, ГрДУ імя Янкі Купалы, БарДУ і ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай.

Традыцыйна педагагіяда праводзіцца на Гродзеншчыне з мэтай павышэння матывацыі навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці для ўсвядомленага выбару прафесіі педагога. У рамках мерапрыемства штогод праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі, навуковыя алімпіяды па педагогіцы, працуюць розныя дыскусійныя пляцоўкі. Не стаў выключэннем і гэты год.

Сёлета ў педагагіядзе ўпершыню прынялі ўдзел каманды з іншых краін, што надало ёй статус міжнароднай. У анлайн-рэжыме ў работу ўключыліся прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі акімата Кастанайскай вобласці Казахстана і Ульянаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.М.Улья­нава Расіі. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ­ўдзел расійскія прадстаўнікі Тульскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Л.М.Талстога.

Педагагіяда стала ўнікальнай адукацыйнай пляцоўкай, дзе школьнікам прадастаўляецца магчымасць мець зносіны з педагогамі, вучонымі, аднагодкамі з іншых устаноў адукацыі.

Начальнік галоўнага ўп­раў­лення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, падкрэсліў, што педагагічная прафесія ўнікальная і выбіраюць яе тыя, хто любіць дзяцей, для іх гэта не выпадковы выбар.

— Добры старт для будучай прафесіі можна атрымаць яшчэ на этапе агульнай сярэдняй адукацыі — у педагагічных класах. Калі дапрофільная і профільная падрыхтоўка пачынаецца ў 10—11, а лепш у 8—9 класах, тады ў прафесію сапраўды прыхо­дзяць матываваныя маладыя лю­дзі і застаюцца ў ёй. Дзяржавай прымаюцца шматлікія меры для таго, каб зрабіць больш лёгкім шлях юнакоў і дзяўчат, якія вызначыліся з педагагічнай прафесіяй ужо ў школе. Перад імі адкрываецца велізарная колькасць варыянтаў для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Гэта і субяседаванне ва УВА, і мэтавае накіраванне з адным іспытам, прэферэнцыі атрымліваюць пераможцы рэспубліканскай і ўніверсітэцкіх алімпіяд, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Колькасць траекторый вялікая, кожны знойдзе сваю. Галоўнае, каб было жаданне вучыцца і развівацца, — сказаў Руслан Абрамчык.

Рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка адзначыла, што інстытут выступае аўтарам і арганізатарам абласной педагагіяды, а сёлета ўжо і міжнароднай.

— На нашай пляцоўцы насычаная праграма мерапрыемстваў дазваляе кожнаму будучаму педагогу рэалізаваць сябе. Вы энергічныя, актыўныя, і вам будаваць будучыню нашай краіны, бо ад педагога залежыць шмат. Але ў педагогі павінны ісці толькі тыя, хто любіць дзяцей, — звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства Святлана Сяргейка.

Прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве і адукацыі Тульскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Л.М.Талстога Жанна Фамічова падкрэсліла, што не ведае іншай такой прафесіі, як педагог, бо яна дазваляе ўвесь час развівацца, ба­чыць плён працы. Выхаванне педагогаў — велізарная работа. Ад таго, хто прыйдзе працаваць у дзіцячыя садкі, школы, каледжы, залежыць, як будзе жыць далей краіна, што будзе ў душах лю­дзей, чаму яны будуць радавацца.

Фестываль “Педагог — маё прызванне” стаў адной з яркіх старонак педагагіяды. Школьнікі пабывалі на прафарыентацыйных пляцоўках УВА — удзель­нікаў мерапрыемства, для іх былі арганізаваны майстар-класы, квест-гульні і трэнінгі.

— Асноўнай мэтай фестывалю было арганізаваць узаемадзеянне нашых навучэнцаў з прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі педагагічнай накіраванасці, прычым зрабілі мы гэта на двух узроўнях, — расказала дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі ГрАІРА Галіна Бархерыт. — На першым узроўні падчас прафарыентацыйных творчых пляцовак школьнікі мелі зносіны з выкладчыкамі УВА, праводзіліся майстар-класы. А ўжо другі ўзровень — гэта зносіны навучэнцаў са студэнтамі УВА. Падчас інтэрактыву студэнты праводзілі заняткі са школьнікамі, гэта былі псіхалагічныя трэнінгі, майстар-класы, каворкінг. Як заўважылі прадстаўнікі Тульскага педагагічнага ўніверсітэта, вельмі добра, што ў нас было арганізавана ўзаема­дзеянне на двух узроўнях, гэта дало магчымасць навучэнцам больш глыбока адчуць атмасферу мерапрыемства і атрымаць карысць для сябе.

Арганізатары арыентаваліся больш на дзесяцікласнікаў, бо сёлетнія выпускнікі ўжо выбралі свой шлях, вызначыліся з установай, дзе хацелі б вучыцца. А ў дзесяцікласнікаў яшчэ ўсё наперадзе, таму ім карысна атрымаць інфармацыю, як кажуць, з першых вуснаў. А ў ГрАІРА была магчымасць паслухаць прэзентацыю УВА і сам-насам пагутарыць са студэнтамі.

Каманды ад кожнага раёна Гродзеншчыны, а ў складзе кожнай — 5 навучэнцаў класаў педагагічнай накіраванасці, на другі дзень педагагіяды прадставілі свае класы, расказалі, чаму яны вырашылі выбраць прафесію педагога, паказвалі відэафільмы сваіх педагагічных проб.

Шчучынскі раён прадстаўляла каманда сярэдняй школы № 3 Шчучына — школы педагагічнай культуры. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Вацлаваўна Гіль сем гадоў працуе з педагагічнымі класамі.

— За гады работы ў профільным класе я пераканалася, што найбольш важны складнік факультатыву “Уво­дзіны ў педагагічную прафесію” — педагагічныя пробы, — расказала Ніна Гіль. — Гэта не толькі ўрокі і рухавыя перапынкі, мы наведваем дзіцячы сад і раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Школьнікі самі прапанавалі ўзяць шэфства над наведвальнікамі цэнтра, адчулі, што трэба дзецям, і цяпер нас там чакаюць. Нашы школьнікі растуць як асобы, вучацца адаптавацца да розных жыццёвых умоў. Педагагічныя пробы — гэта таксама магчымасць знайсці сваё месца ў жыцці, а яшчэ спроба праверыць сябе ў якасці педагога, наколькі гэта табе блізка. Адна старшакласніца пасля наведвання цэнтра прыняла рашэнне ў будучыні працаваць з такімі дзецьмі.

У Гродзенскай вобласці за пяць гадоў колькасць педагагічных класаў вырасла з 88 да 120, а навучэнцаў у іх — з 798 да 925 чалавек. Значна павялічыўся працэнт паступлення навучэнцаў гэтых класаў на педагагічныя спецыяльнасці. Яшчэ некалькі гадоў назад ён складаў 27—28%, у цяперашні час — 40,7%.

Штогод навучэнцы школы атрымліваюць перамогі на абласной алімпіядзе па педагогіцы. Літаральна нядаўна пераможцай алімпіяды стала Мілана Цешко, таксама ўдзельніца педагагіяды. Дарэчы, яе мама і цёця таксама педагогі, гэтую прафесію выбрала і старэйшая сястра — студэнтка ГрДУ.

— Я мару стаць настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства, — расказала Мілана. — Вучоба ў профільным педагагічным класе надала мне больш упэўненасці, гэта магчы­масць рэаліза­ваць сябе ў кірунках, звязаных з маёй будучай прафесіяй. Вельмі шмат для мяне і аднакласнікаў робіць Ніна Вацлаваўна. Дзякуючы ёй, мы перакананы ў правільнасці свайго выбару. Ужо сёння мы можам сябе рэалізаваць, аддаючы часцінку сваёй душы дзецям у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Я з задавальненнем наведваю цэнтр, бо бачу, як цягнуцца да нас дзеці, а мы адкрываемся ім, перапаўняемся эмоцыямі, і яны заўсёды станоўчыя. Калі ў адказ дзеці ўсміхаюцца, задаволены і мы.

Як дадала Галіна Бархерыт, Шчучынскі раён з’яўляецца своеасаблівай базай профільных класаў вобласці, там праводзіцца вялікая работа. І поспех іх у тым, што дзейнасцю педагагічных класаў кіруе намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мяцько, вельмі зацікаўлены чалавек, удзельнік міжнародных канферэнцый па гэтым кірунку. На базе Шчучынскага раёна праходзіў метадалагічны семінар для ўстаноў адукацыі Кастанайскай вобласці Казахстана і Ульянаўскай вобласці Расіі.

 У рамках абласной педагагіяды таксама прайшлі навукова-практычная канферэнцыя “Адукацыя і моладзь. Навуковы пошук” і панэльная дыскусія “Я выбіраю прафесію педагога”, дзе экспертамі выступілі настаўнікі і студэнты — выпускнікі педагагічных класаў, а таксама сённяшнія школьнікі. Цікавай была навуковая алімпіяда па педагогіцы, на якой школьнікі адказвалі на пытанні па педагогіцы, разгадвалі крыжаванку педагагічных тэрмінаў, разглядалі псіхолага-педагагічную сітуацыю і прапаноўвалі спосаб вырашэння канфлікту.

Пераможцай абласной педагагіяды стала каманда Канвелішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна. Дыплом II ступені атрымала каманда сярэдняй школы № 1 Смаргоні, III ступені — сярэдняй школы № 5 Слоніма. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты, самыя актыўныя — дыпломы за крэатыўныя выступленні.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара