Вядомы эпідэміёлаг і мікрабіёлаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Рымжа і яго студэнты клапоцяцца не толькі пра санітарную бяспеку. Яны змагаюцца за тое, каб шкодныя вірусы, інфекцыі не пранікалі і на поле нашай гістарычнай памяці.
У Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце прайшла метадычная канферэнцыя студэнтаў 1 курса медыка-прафілактычнага факультэта пад назвай “Эстафета памяці. Ад мінулага да сучаснасці”, расказаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» адзін з яе ўдзельнікаў, нястомны даследчык гісторыі роднай вёскі Семежава, прафесар Міхаіл Рымжа.
— Кожны ўрач ведае: поспех у змаганні з хваробай, як і поспех на рэальным полі бою, у многім залежыць ад унутранага стану, сілы духу тых, хто трымае абарону, змагаецца з небяспекай, — разважае Міхаіл Іванавіч. — Таму мы, выкладчыкі, лічым важным, каб нашы студэнты самі глыбей пранікалі ў “гісторыю хвароб”, з якімі сутыкаўся наш народ на гістарычным шляху, і пры гэтым рабілі высновы, былі гатовы да любых выпрабаванняў у сваёй будучай практыцы. Так і ўзнікла ва ўніверсітэце ідэя правядзення канферэнцыі, якая зацікавіла нашу моладзь.
З вынікамі даследаванняў на канферэнцыі выступілі студэнты, якія пад кіраўніцтвам загадчыка музея гісторыі ўніверсітэта Мікалая Шуміна падрыхтавалі змястоўныя прэзентацыі. “Сёстры Хатыні. Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх паслугачоў на тэрыторыі Брэста і Баранавіч” — над такой тэмай працавалі Станіслаў Рацук і Даша Славуціч. А Яна Бандарэнка зрабіла цікавае паведамленне пра медработнікаў Беларусі — праведнікаў народаў свету. Карына Шыбко і Вольга Баліндава даследавалі тэму “Санітарныя вынікі вайны і акупацыі і шляхі, метады іх ліквідацыі”. Андрэй Кашуба расказаў пра злачынствы калабарацыянісцкіх і нацфарміраванняў на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1945 гадах, а Карына Гелерт і Элеанора Жукоўская — пра тое, як ушанавана памяць ахвяр генацыду на тэрыторыі Мінска ў помніках, мемарыялах, абелісках.
Сам жа прафесар кафедры агульнай гігіены БДМУ Міхаіл Рымжа прадставіў малодшым калегам — у зале было больш за сто будучых урачоў — прэзентацыю па матэрыялах сваёй кнігі “Семежево помнит тебя, солдат!”. У кнізе, над якой аўтар працаваў больш за 10 гадоў і якую выдаў за асабістыя сродкі, Міхаіл Іванавіч аддае даніну вялікай павагі воінам-вызваліцелям яго роднай вёскі Семежава, што ў Капыльскім раёне Міншчыны. Вёску акупіравалі фашысты 23 чэрвеня 1941 года, і па 2 ліпеня 1944-га, больш за тры гады, жылі там людзі, пакутавалі, гінулі ва ўладзе ворага. Пры вызваленні Семежава Чырвонай Арміяй завязаліся кровапралітныя баі, у якіх загінула больш за 80 савецкіх воінаў.
Слухаючы маіх калег, я з радасцю ўсведамляў: пры такім жаданні ведаць праўду, нават самую жорсткую, пра злачынствы нацыстаў, пра сапраўдны генацыд у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны вірусы бяспамяцтва ў нашым народзе не пройдуць!
Міхаіл Іванавіч прадэманстраваў унікальныя матэрыялы з гістарычна-дакументальных хронік, фрагменты архіўных дакументаў, фотаматэрыялы, прывёў яскравыя факты. Пазней, кажа, пачуў ад калег: гаварыў з такой удзячнасцю, з такой любоўю расказваў пра салдат, што здавалася, быццам ведае асабіста кожнага з 2585 воінаў-вызваліцеляў роднай вёскі. А былі яны, звернем увагу, рознай веры і нацыянальнасці, прытым большасць з іх так і засталіся назаўсёды 25-гадовымі сынамі, братамі, унукамі. Руплівая праца з архіўнымі матэрыяламі дала магчымасць уважліваму да найменшых дэталей прафесару, доктару навук, вядомаму ў краіне спецыялісту — ён у свой час быў і намеснікам міністра аховы здароўя — Галоўным дзяржаўным санітарным урачом Беларусі — дапоўніць спіс герояў, якія загінулі: у яго было ўнесена яшчэ 31 прозвішча. Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле Міхаіла Рымжы ўдалося за кошт сродкаў мясцовай улады абнавіць мемарыяльныя пліты на брацкай магіле ў Семежаве, зберагчы для будучых пакаленняў памяць пра герояў.
Канферэнцыя, па словах Міхаіла Іванавіча, мае жывы водгук сярод студэнтаў. І, як відаць, справа, пачатая маладымі даследчыкамі, будзе мець добры працяг. Ды і самаахвярны прыклад старэйшага сябра іх на тое натхняе.
— Прыемна мне, што палова з выступоўцаў на канферэнцыі — студэнты з маіх груп, — заўважыў Міхаіл Іванавіч. — Я бачу жаданне гэтых юнакоў і дзяўчат, маладых патрыётаў, прадоўжыць свае пошукі. Падказаў ім, дзе можна паглядзець дакументы па ўзнагароджаных воінах, пашукаць сярод іх тыя, што маюць дачыненне да іх дзядоў-прадзедаў, родзічаў, аднавяскоўцаў, землякоў і знаёмых сем’яў. Асабістая зацікаўленасць, чалавечнасць, у нейкай ступені нават самаахвярнасць — гэта ж вельмі важна ў такой працы! Слухаючы маіх калег, я з радасцю ўсведамляў: пры такім жаданні ведаць праўду, нават самую жорсткую, пра злачынствы нацыстаў, пра сапраўдны генацыд у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны вірусы гістарычнага бяспамяцтва ў нашым народзе не пройдуць! Яны будуць пад надзейным “санітарным кантролем” з боку ў тым ліку і нашых маладых урачоў.
Дарэчы, на 18 красавіка запланавана прэзентацыя дакументальна-краязнаўчай кнігі Міхаіла Рымжы “Семежево помнит тебя, солдат!” і для студэнтаў лячэбнага факультэта БДМУ.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота Тамары Хаміцэвіч, агенцтва “Минск-Новости”