Што самае складанае ў рабоце дырэктара школы, абмеркавалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі ў Барысаве

- 11:06Образование

У сярэдняй школе № 25 Барысава адбылася дыялогавая пляцоўка для маладых кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Міншчыны “Адукацыйны компас: майстар, лідар, будучыня”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Перш чым пачаць мера­прыемства, да яго ўдзельнікаў звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

— Наша сённяшняя сустрэча — гэта новы фармат узаемадзеяння з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — На дыялогавую пляцоўку запрасілі тых кіраўнікоў, якія на працягу двух апошніх гадоў занялі пасаду дырэктара школы. Для нас вельмі важна, як прахо­дзіць іх станаўленне.

У сярэдняй школе № 25 Барысава сабраліся як кіраўнікі базавых школ з невялікай напаўняльнасцю, так і вялікіх, дзе займаюцца амаль 2000 дзяцей. Нягледзячы на гэта, задача ва ўсіх адна: будаваць сваю кіраўніцкую траекторыю.

— Праз некалькі тыдняў споўніцца 30 гадоў, як мяне калісьці назначылі на пасаду дырэктара Баравікоўскай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна, — падзяліўся ўспамінамі начальнік галоўнага ўпраўлення. — Колькі працую на кіруючых пасадах, стаўлю перад сабой задачу вучыцца. Гэта не толькі пра самаадукацыю, але і пра магчымасць вучыцца ў калег. Без самаадукацыі руху наперад быць не можа. Незалежна ад узросту, калі вас назначылі на пасаду дырэктара, вы лічыцеся маладым кіраўніком. Сёння патрабаванні да дырэктараў больш высокія, чым раней. Многія ка­жуць, што самае складанае — будаваць работу і ўзаемадзейнічаць з бацькамі, але гэта ваша місія, важная і вельмі адказная. У нас многа метадычных напрацовак, многа вопыту, і, думаю, кожны з вас знайшоў, на каго з кіраўнікоў у сваім раёне ці мікрараёне можна арыентавацца, у каго можна вучыцца. Думаю, што ваш шлях як кіраўнікоў будзе доўгім. У вобласці ёсць педагогі, якія кіруюць школамі па 40 гадоў. Хочацца, каб наша сустрэча была для вас павучальнай і паказальнай, каб вы пакінулі яе з думкамі пра тое, як мала яшчэ зрабілі і колькі яшчэ хочацца зрабіць для развіцця сваёй установы адукацыі.

Па змесце дыялогавая пляцоўка атрымалася цікавай і прадметна арыентаванай. Пра тэхналогіі поспеху кіраўніцкай дзейнасці, тактыку і стратэгіі вырашэння задач маладым калегам расказала дырэктар Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Юлія Саматыга.

Адметнасць гімназіі — у бездакорна створанай адукацыйнай прасторы. Пад кіраўніцтвам Юліі Уладзіміраўны ў гімназіі спраектавана шматузроўневая сістэма, якая дазваляе дайсці да кожнага педагога, маладога спецыяліста. Акрамя гэтага, кіраўнік прадугледзела сеткавую форму арганізацыі, што дае магчы­масць выбудаваць індывідуальную траек­торыю для кожнага педагога. Сабраць настаўнікаў усіх ра­зам, каб навучыць іх, складана, а вось стварыць прадукт і даць час на навучанне — гэта магчыма. Менавіта таму ў гімназіі дзейнічае вочна-дыстанцыйная форма бесперапыннай адукацыі па прынцыпе “вызнач праблему — азнаём­ся з методыкай — атрымай практычныя навыкі — паспрабуй сам — абагульні свой вопыт”. Калі гаварыць пра апошнія навацыі, то ў Лошніцкай гімназіі з’явілася навучанне праз чат-бот. Так настаўнікі вывучылі сінгапурскую методыку выкладання. Гэта сучасны падыход, ён зразумелы і, галоўнае, даступны. Адметнасцю метадычнай работы ў гімназіі з’яўляецца дакладнае планаванне праз дыягностыку цяжкасцей, прадстаўленых педагогамі па выніках года.

Пасля выступлення дырэктара Лошніцкай гімназіі работа дыялогавай пляцоўкі працягнулася экскурсіяй па сярэдняй школе № 25 Барысава. Педагогі наведалі абласны цэнтр беларуска-кітайскай дружбы, кабінет англійскай мовы, інжынерна-тэхнічны цэнтр, навукова-адукацыйны цэнтр “Унікум” і абласны цэнтр дапрызыўнай пад­рыхтоўкі. Акрамя гэтага, для маладых кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці была арганізавана серыя майстар-класаў. Так, фарсайт-сесію “Кіраванне якасцю правядзення адкрытых вучэбных заняткаў: эфектыўны і эфектны ўрок” для калег правёў дырэктар Маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіль Маліноўскі.

Майстар-клас “10 лайфхакаў правядзення педагагічнага савета” арганізавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Лілія Дзерваед. А майстар-клас “Эфектыўныя формы работы з матываванымі навучэнцамі ў межах дзейнасці рэсурснага цэнтра” правяла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Людміла Альгомец.

Завяршылася мерапрыемства адкрытым дыялогам “Лепшае ад лепшых”. Яго спікерамі сталі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Башко, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Фёдар Драбеня, начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская, дырэктар сярэдняй школы № 25 Барысава Вольга Шаляпіна.

Наталля САХНО
Фота з архіва ўстановы адукацыі