Што такое стратэгічны маркетынг і для чаго ім варта валодаць кіраўнікам прадпрыемстваў, расказала Лізавета Зацэпіна 

- 11:04Образование

Што такое стратэгічны маркетынг і для чаго ім варта валодаць кіраўнікам прадпрыемстваў? Чым адметная фарсайт­-сесія і якія высновы можна зрабіць у час яе правядзення? На гэтыя пытанні адкажа выкладчыца БрДТУ Лізавета Зацэпіна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Многія адзінаццацікласнікі задаюцца пытаннем, які ўніверсітэт і спецыяльнасць выбраць. Наша сённяшняя гераіня Лізавета Уладзіміраўна з дзяцінства дакладна ведала, што хоча вучыцца менавіта ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Бо там выкладала яе матуля, якая і дапамагла вызначыцца са спецыяльнасцю.

У цэнтры Лізавета Зацэпіна

— БрДТУ — установа, дзе я часта бывала з самага дзяцінства і марыла стаць яе студэнткай, бо мая мама Надзея Рыгораўна Надзеіна — кандыдат тэхнічных навук універсітэта. У 2007 годзе я скончыла сярэднюю школу № 10 Брэста з залатым медалём і задумалася, якую спецыяльнасць выбраць. Мама параіла звярнуць увагу на спецыяльнасць “Маркетынг”, бо яна сумяшчае і творчасць, і навуку, і распрацоўкі, і вельмі актыўны вобраз мыслення. У выніку я паступіла на эканамічны факультэт, чым вельмі ганаруся. Зараз, ужо стаўшы выкладчыцай кафедры сусветнай эканомікі, маркетынгу, інвестыцый і працуючы са студэнтамі, ні разу не пашкадавала аб зробленым прафесійным выбары, — расказала дацэнт і кандыдат эканамічных навук БрДТУ Л.У.Зацэпіна.

Пасля заканчэння ўніверсітэта яна вырашыла прадоўжыць навуковы шлях і ў 2014 годзе скончыла магістратуру, затым аспірантуру і ў 2023-м абараніла дысертацыю. Такім чынам Лізавета Уладзіміраўна прайшла шлях ад асістэнта, старшага выкладчыка да дацэнта кафедры.

— У магістратуры я пазнаёмілася са сваім навуковым кіраўніком, доктарам эканамічных навук, прафесарам Алегам Арсенцьевічам Высоцкім. Ён натхніў мяне сваім прыкладам, выхаваў і накіраваў на шлях творчасці і навукі. Дзякуючы яго актыўнай пазіцыі, мне ўдалося дасягнуць вынікаў, якімі я зараз магу ганарыцца. Нізкі яму паклон і як чалавеку, і як вучонаму, і як кіраўніку, — дадала Л.У.Зацэпіна.

З дапамогай А.А.Высоцкага Лізавета Уладзіміраўна напісала дысертацыю “Фарміраванне сістэм кіравання стратэгічным маркетынгам вытворчых арганізацый”. Большасць звычайных людзей лічыць, што маркетынг звязаны з рэкламай і актыўным прасоўваннем. Аднак стратэгічны маркетынг цесна пераплецены з аналітычнай работай і прыняццем адказных рашэнняў кіраўніком арганізацыі.

— Кіраўнік павінен разумець, у якім напрамку далей развіваць сваё прадпрыемства, дзеля гэтага яму трэба ўмець распрацоўваць план яго будучага развіцця. Маё даследаванне якраз і накіравана на фарміраванне стратэгічнага мыслення ў кіраўнікоў, якія змогуць самастойна выбі­раць найлепшы шлях развіцця прадпрыемства ў пастаянна і хутказменлівых умовах, эфектыўна размяркоўваць наяўныя рэсурсы і зніжаць рызыкі страты канкурэнтаздольнасці ў будучыні, — патлумачыла вучоны.

Дарэчы, комплекс методык стратэгічнага маркетынгу Л.У.Зацэпінай укаранёны ў вучэбны працэс. Усё пачалося з таго, што ў час “Тыдня навукі — 2024” на эканамічным факультэце кафедрай сусветнай эканомікі, маркетынгу, інвестыцый было праве­дзена ўнікальнае мерапрыемства — фарсайт-сесія на тэму “Маркетынг будучыні”.

— Фарсайт-сесія — гэта сучасная методыка, своеасаблівы інавацыйны мазгавы штурм, які дазваляе максімальна эфектыўна зразумець тэндэнцыі будучыні і ўлічыць іх пры стварэнні новых прадуктаў і тэхналогій. Асабліва дынамічным этапам сесіі стала работа шасці каманд, якія папярэдне збіралі і аналізавалі інфармацыю пра розныя групы трэндаў. Аб’яднаныя вынікі сталі асновай распрацоўкі карт трэндаў з устанаўленнем узаемасувязей паміж імі і вылучэннем новых трэндаў. Затым удзельнікі прадставілі новыя маркетынгавыя ініцыятывы з улікам выяўленых перспектыўных трэндаў. У выніку гэтага мерапрыемства атрымаўся акт укаранення методыкі па пошуку, аналізе і вывучэнні трэндаў і іх прымяненні. Высновы майго дысертацыйнага даследавання былі ўведзены ў адукацыйны працэс для ўдасканалення кампетэнцый будучых маркетолагаў і маркетолагаў-праграмістаў спецыяльнасцей “Маркетынг” і “Электронны маркетынг” БрДТУ, — праінфармавала дацэнт кафедры сусветнай эканомікі, маркетынгу, інвестыцый.

За сваю распрацоўку комплексу методык для развіцця сістэмы кіравання стратэгічным маркетынгам у вытворчых арганізацыях яна атрымала стыпендыю Прэзідэнта.

— Будучы студэнткай, я тройчы станавілася стыпендыятам за добрыя поспехі ў вучобе, грамадскую і навуковую дзей­насць. Ужо, напэўна, тады ў мяне было сфарміравана імкненне да самаўдасканалення і бесперапыннага развіцця. Чарговая стыпендыя — нагода ганарыцца мной і майму навуковаму кіраўніку, і ўніверсітэту, і маёй сям’і, — падкрэсліла Лізавета Уладзіміраўна. — Мне важна быць прыкладам для пад­растаючага пакалення маладых вучоных і паказваць ім, што ўсё залежыць выключна ад іх жадання і ініцыятыўнасці, што, як бы цяжка ні было, ніколі нельга здавацца, трэба верыць у сябе і рухацца наперад. Бо хоць праца навукоўца няпростая, але, калі ты бачыш, што можаш нешта адкрыць і некаму дапамагчы, гэта надае сілы.

Безумоўна, усімі сваімі ведамі Лізавета Уладзіміраўна дзеліцца са студэнтамі, выкладаючы шэраг вучэбных дысцыплін, звязаных з маркетынгам:

— Для мяне выкладанне — працэс раскрыцця ў студэнтах якасцей, пра якія, магчыма, яны і самі не падазраюць. Таму галоўнае — раскрыць патэнцыял навучэнца, паказаць яму, што ён можа значна больш, чым думае, каб ён паверыў, што ў будучыні зможа дасягнуць поспеху.

Л.У.Зацэпіна адданая альма-матар, таму сваёй будучыні не ўяўляе без яе:

— Хочацца і далей выкладаць, натхняць маладых вучоных, напісаць доктарскую і атрымаць званне дацэнта. А яшчэ я часта прыгадваю словы Алега Арсенцьевіча, які гаварыў, што жыццё — гэта сістэма, у якой усе сферы павінны быць у балансе: і сям’я, і кар’ера, і любоў да сябе. Вось я і стараюся балансаваць і быць як добрай маці, так і выкладчыкам, і прыкладам для студэнтаў.

Амаль 20 гадоў таленавітыя маладыя вучоныя Беларусі атрымліваюць стыпендыі Прэзідэнта краіны.
Сёлета яе ўладальнікамі сталі 66 вучоных.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлена БрДТУ