Што значыць быць псіхолагам у дзіцячым садзе? Пра сваю работу расказала Алёна Слонава з Давыд-Гарадка

- 17:14Образование

Педагог­-псіхолаг дзіцячага сада № 2 Давыд­-Гарадка Алёна Слонава перамагла ў заключным этапе абласнога конкурсу “Педагог­-псіхолаг года” (у сваёй намінацыі ўдастоена дыплома ІІІ ступені). Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэтая яркая дзяўчына працуе па спецыяльнасці амаль 5 гадоў. Пра яе калегі гавораць як пра сапраўднага прафесіянала.

— Мой шлях да работы педагогам-псіхолагам не быў класічным. Пасля заканчэння ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Псіхалогія” я акунулася з галавой у акадэмічную сферу, — гаворыць Алёна Ігараўна. — Адвучылася ў магістратуры БДПУ, пасля ў аспірантуры, дзе даследавала псіхалагічныя асаблівасці і праблемы студэнцкай моладзі. Пісала артыкулы ў міжнародныя часопісы, удзель­нічала ў НПК і конкурсах. Працавала ў калектыве па гранце для маладых навукоўцаў ад Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, дзе вывучала магчымасці кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі ў псіхалагічнай карэкцыі асоб, якія пакутуюць ад розных відаў залежнасці. Паралельна з вучобай выкладала ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ, вяла ў студэнтаў агульную і эксперыментальную псіхалогію, статыстыку, гісторыю псіхалогіі.

Падчас навучання ў магістратуры БДПУ па спецыяльнасці “Псіхалогія” ў 2017 годзе Алёна Слонава атрымала прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за перамогу ў XXIII Рэспуб­ліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па псіхалагічных навуках. У даследаванні, з якім яна выступала на канферэнцыі, Алёна Ігараўна параўноўвала эфектыў­насць сістэмна-дзейнаснага і кагнітыўнага падыходаў у развіцці ўвагі і памяці ў асоб у перыяд ранняй даросласці (20—30 гадоў).

У Столінскі раён дзяўчына прыехала ўслед за мужам. Працавала пэўны час у школе, але хутка зразумела, што дашкольнікі ёй бліжэй псіхалагічна, з маленькімі дзецьмі ёй больш цікава займацца. 

— Што значыць быць псіхолагам у дзіцячым садзе? Гэта значыць шмат гу­ляць, вучыцца спантаннасці і разняволенню, праяўляць жвавасць і свабоду. А яшчэ атрымліваць асалоду ад працэсу, а часам парушаць парадак і дысцыпліну на ка­рысць псіхалагічнага здароўя дзяцей. І, вядома ж, гэта шмат творчасці, — адзначае дзяўчына. — Памятаю свой першы працоўны дзень у дзіцячым садзе. Мне здавалася, што, маючы за плячыма выкладчыцкі і навуковы вопыт, мне трэба спасцігаць з нуля абсалютна новую грань прафесіі. Спачатку думала, што буду працаваць у цішыні, але зараз мне цяжка ўявіць свой кабінет без дзяцей. Нават праходзячы міма, малыя заўсёды з цікаўнасцю зазіраюць унутр, гучна і радасна мяне вітаюць. Яны веда­юць, што могуць прыйсці да мяне з любым пытаннем, праблемай ці проста пагуляць.

Кожны дзень Алёне Ігараўне даво­дзіцца вырашаць шмат спецыфічных задач, часта звязаных з адаптацыяй малышоў да ўмоў установы і падрыхтоўкай да школы. Таму спецыяліст падбірае адпаведныя метадычныя матэрыялы па развіцці кагнітыўных працэсаў да­школьнікаў, псіхакарэкцыйныя праграмы. Сярод яе любімых метадаў — элементы кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі, нейрапсіхалагічныя тэхнікі, элементы пясочнай і цялеснай тэрапіі, арт-тэрапіі, камунікатыўныя і сенсорныя гульні. Педагог даследуе іх эфектыўнасць, адаптуе вопыт калег для работы з норматыповымі дзецьмі і дзецьмі з АПФР. Алёна Слонава мае ўласныя метадычныя напрацоўкі па рэлаксацыйных практыках усвядомленасці Mindfulness (https://psy-journal.hse.ru/2022-19-3/782570230.html).

— На першы погляд здаецца, што дзіцячы сад — гэта самастойны арганізм, які можа функцыянаваць і без псіхолага. Але разам з псіхолагам існаванне ўстановы адукацыі становіцца больш бяспечным і дружалюбным, — разважае педагог. — Псіхолагу неабходна акуратна, часам непрыметна суправаджаць усе вядучыя працэсы ў дзіцячым садзе. Для мяне важна фарміраваць у малышоў такія ўменні, якія дазволяць ім быць самім сабе крыху псіхолагамі. 

Мой галоўны прынцып у прафесіі — выконваць сваю работу так, быццам яе пастаянна ацэньвае строгае, кампетэнтнае журы. На занятках з кожным дзіцем я ўяўляю, што на нас глядзяць яго бацькі. Гэта трымае ў тонусе.

Асаблівую ўвагу Алёна Ігараўна ўдзя­ляе супрацоўніцтву з бацькамі выхаванцаў, у тым ліку з тымі, хто выхоўвае дзяцей з АПФР. Для таго каб далучыць іх да карэкцыйнага працэсу, спецыяліст рэалізавала адукацыйны праект у анлайн-фармаце “Цудоўная пяцёрка”. У аднайменным Telegram-канале пачала размяшчаць карысныя матэрыялы па развіцці дзяцей. Назва “Цудоўная пяцёрка” адлюстроўвае пэўную канцэпцыю: выбраны 5 мішэней для работы (мысленне, памяць, увага, маўленне, уяўленне) і 5 асноўных спецыялістаў — удзельнікаў праекта: 2 выхавальнікі, 2 настаўнікі-дэфектолагі, педагог-псіхолаг, кожны з якіх прапанаваў па 5 ідэй/тэхнік/практыкаванняў і фарматаў работы (буклет/памятка, анлайн-анкетаванне, зборнік гульняў, заняткі, відэаролікі і г.д.). У Telegram-канале “Цудоўная пяцёрка” размяшчаюцца матэрыялы аб усвядомленым бацькоўстве, гульні і практыкаванні для пазнавальнага развіцця і сацыялізацыі дзяцей, сакрэты навучання малышоў літарам і лічбам і многае іншае. Змест карэкціруецца ў залежнасці ад запытаў бацькоў. У планах Алёны Ігараўны пашырэнне тэматыкі канала за кошт інфармавання аб аб’яднаннях і гуртках па інтарэсах, размяшчэння літаратуры і відэаматэрыялаў па развіцці дашкольнікаў, падборак мультфільмаў і казак.

Алёна Слонава дзеліцца ўласным вопытам на метадычных аб’яднаннях і педсаветах, праводзіць майстар-класы і трэнінгі. За 5 гадоў, што працуе па спецыяльнасці, яна перамагла ў раённых этапах абласнога конкурсу прафмайстэрства сярод педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі і рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, а ў складзе калектыву аўтараў — у раённым конкурсе праектаў “Псіхолага-педагагічная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з АПФР”. Алёна Ігараўна падрыхтавала кандыдацкую дысертацыю. Пад навуковым кіраўніцтвам доктара псіхалагічных навук прафесара БДУ Дзмітрыя Дзьякава яна вывучала асаблівасці самасвядомасці ў студэнтаў (будучых педагогаў) з розным узроўнем трывожнасці.

 Надзея ЦЕРАХАВА