Штогод усынавіцелі “закрываюць” каля 6 дзіцячых дамоў

- 15:35Апошнія запісы, Рознае, Сацыяльны ракурс

У краіне распрацоўваюцца новыя меры па падтрымцы сем’яў, якія ўсынаўляюць дзяцей, старэй за тры гады. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, што днямі прайшла ў сталіцы, паведаміла Наталля Станіславаўна Паспелава, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.

Неабходнасць дадатковых мер па падтрымцы сем’яў, што ўсынаўляюць дзяцей, прадыктавана тым, што нацыянальнае ўсынаўленне істотна змяняецца.
— Нацыянальнае ўсынаўленне сёння перажывае асаблівы перыяд, — адзначыла Наталля Станіславаўна Паспелава. — Найперш варта адзначыць такія змены, як пераразмеркаванне дзяцей, якія могуць быць усыноўлены, па розных формах уладкавання. Калі раней абсалютная большасць дзяцей да ўсынаўлення пражывала ў інтэрнатных установах, то сёння ўсё часцей усынаўленне адбываецца з замяшчальнай прафесійнай сям’і. Так, напрыклад, у мінулым годзе з агульнай колькасці больш чым 500 усыноўленых дзяцей 172 былі выхадцамі з прыёмных сем’яў. І я ўпэўнена, што з гадамі гэтая лічба будзе толькі павялічвацца, а з часам мы наогул прыйдзем да таго, што ўсё ўсынаўленне будзе з замяшчальных прыёмных сем’яў, бо інтэрнатныя ўстановы як спосаб уладкавання дзіцяці з асаблівым лёсам проста перастануць існаваць. У такой сітуацыі асаблівыя патрабаванні мы прад’яўляем і да прыёмных бацькоў, якія часова выхоўваюць дзяцей, і да асобы ўсынавіцеля: ці змогуць яны забяспечыць пераемнасць прыхільнасцей дзіцяці, якое перадаецца з адных клапатлівых рук у другія — такія ж. Мы вучым іх актыўнаму ўзаемадзеянню з прыёмнымі сем’ямі, павазе да тых, хто змог на час замяніць дзіцяці сям’ю.

Другая істотная змена сённяшняга працэсу ўсынаўлення — павелічэнне ўзросту дзяцей, якія могуць быць усыноўлены.
— Час, калі кожнаму, хто жадае ўсынавіць, маглі прапанаваць немаўля, прайшоў. Колькасць адмоў ад нованароджаных дзяцей вельмі моцна скарацілася, — падкрэсліла спецыяліст. — Мяркуйце самі: у 2003 годзе такіх дзяцей было 452, а выпадкаў нацыянальнага ўсынаўлення — усяго 404. Іншымі словамі, тэарэтычна на кожнага ўсынавіцеля можна было знайсці немаўля. Сёння колькасць дзяцей-адказнікаў кардынальна скарацілася: за 2013 год мамы адмовіліся ад 107 дзяцей. На гэта паўплывала сістэмная работа па павышэнні прэстыжу мацярынства, бацькоўства, тыя ці іншыя віды дапамогі, якія можа атрымаць жанчына, што апынулася перад пэўнай складанай сітуацыяй і думае, пакінуць дзіця ці адмовіцца.

А вось колькасць выпадкаў усынаўлення, наадварот, вырасла. У выніку на сёння амаль 40% дзяцей, якія ідуць на ўсынаўленне, — старэй за тры гады.
— Гэта таксама пэўны выклік. Дзіця ва ўзросце больш за тры гады — гэта дзіця, якое мае пэўны, не зусім спрыяльны, сацыяльны вопыт. Гэта дзіця са сваёй псіхалагічнай траўмай, сваімі патрэбамі — вельмі вострымі, — адзначыла спецыяліст. — Таму сёння галоўная задача ўстаноў і спецыялістаў, якія ўцягнуты ў працэс усынаўлення, — гэта падрыхтоўка і пераарыентацыя беларускіх усынавіцеляў на ўсынаўленне дзяцей больш старэйшага ўзросту. Але без дзяржаўнай падтрымкі гэты працэс не можа ажыццяўляцца. Бо як прыняць у сям’ю дзіця ва ўзросце трох, чатырох і больш гадоў, дзе знайсці час, каб прызвычаіць яго да сям’і, наладзіць адносіны адно з адным? Тым, хто ўсынаўляе немаўлят, прасцей — яны маюць права на водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. Усынавіцелі больш старэйшых дзяцей такой прывілеі не маюць. Таму сёння і распрацоўваецца нарматыўны акт (спадзяюся, ён у хуткім часе ўбачыць свет), які будзе ўтрымліваць у сабе меры падтрымкі ўсынавіцеляў, якія прынялі ў сям’ю дзяцей, старэй за тры гады. У прыватнасці, гаворка ідзе пра прадастаўленне ім сацыяльнага адпачынку. Гэта будзе рэальная падтрымка ўсынаўлення дзяцей больш старэйшага ўзросту.

Калі гаварыць пра іншыя паказчыкі, то з 2007 года ў краіне назіраецца даволі стабільная сітуацыя па ўсынаўленні дзяцей — штогод больш за 500 выпадкаў. А гэта каля 6 дзіцячых дамоў. Усяго ж на сёння яшчэ каля 13 тысяч дзяцей у краіне могуць быць усыноўлены.

 

Алена МАРКЕВІЧ.