Шукаем натхненне, аднадумцаў, новыя веды

- 10:00Дадатковая адукацыя

“Прамысловая робататэхніка” і “Web-дызайн” — два тэхнічныя і тэхналагічныя напрамкі навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Пакуль на іх традыцыйнае размеркаванне школьнікаў: 19 хлопцаў і толькі адна дзяўчына, але з часам, спадзяёмся, яно зменіцца.

Навуковая работа, праграмаванне, мадэляванне

Заняткі па прамысловай робататэхніцы праводзіць асістэнт кафедры “Робататэхнічныя сістэмы” БНТУ Сяргей Прахаровіч. Калі ён быў студэнтам, вёў гурткі дадатковай адукацыі, потым стаў кіраўніком лабараторыі радыёэлектронікі. Пасля заканчэння БНТУ размеркаваўся ў родны ўніверсітэт і зараз кіруе студэнцкай лабараторыяй. Вопыт узаемадзеяння з падлеткамі ў Сяргея Сяргеевіча дастатковы, таму ён стаў ідэальным кандыдатам для дзіцячага тэхнапарка.

Прамысловая робататэхніка адрозніваецца ад звычайнай функцыямі робатаў і базай, з якой іх збіраюць. Пакуль задача прамысловай робататэхнікі — каб робат з цыкла ў цыкл паўтараў сваё пазіцыянаванне і не збіваўся. Для гэтага трэба па-іншаму разлічваць матэматычную частку праграмнага забеспячэння і механічную частку. У прамысловай робататэхніцы дамініруюць універсальныя робаты-маніпулятары. Яны нагадваюць чалавечую руку, могуць перамяш­чаць прадметы і выконваць розныя тэхналагічныя аперацыі. Іх універсальнасць заключаецца ў магчымасці змяніць кіруючае ўстройства, на­прыклад, быў робат-зваршчык, стаў робат-фарбавальшчык.

“За гэтую змену вучні атрымаюць базавыя прафесійныя навыкі па прамысловай робататэхніцы і стварэнні навуковых работ. Спачатку яны выбралі тэму праекта. Адна група робіць робата-сартавальніка, другая — робата-грузчыка, трэцяя — робата-грузчыка, які працуе ў ядзерных рэактарах, вывозіць радыенебяспечны груз, чацвёртая — універсальны робат для перасоўвання цыліндрычных прадметаў. Потым я тлумачыў, як ствараецца навуковая работа. Мы разгле­дзелі метады пошуку інфармацыі, спосабы фарміравання работы, пункты, якія павінны ў ёй быць. Вучні выбралі тэму, абазначылі мэты, паставілі задачы і шукалі гатовыя рашэнні для іх рэалізацыі, каб прааналізаваць інфармацыю, зразумець перавагі і недахопы”, — расказвае Сяргей Прахаровіч.

Далей яны перайшлі да практычнай часткі: вывучылі асновы электронікі, элементную базу, фізічныя працэсы, як яны працуюць, як з імі ўзаемадзейнічаць, якія фізічныя законы пры гэтым улічваць. Пасля — праграмаванне, дзе вучні даследавалі, якія бываюць датчыкі, якія ў іх прынцыпы работы, узаемадзеянне з датчыкамі і мікракантролерамі, ахітэктуру мікракантролера, настройку яго апаратнай часткі, генерацыю шыротна-імпульснай мадуляцыі і г.д. Потым ішоў блок мадэлявання, калі школьнікі ў асяроддзі 3D-мадэлявання стваралі праекты, друкавалі неабходнае на 3D-прынтары, збіралі свае распрацоўкі і ўстройствы, ставілі іх на робаплатформу, пісалі код і атрымлівалі гатовы прататып робата. Перадапошні этап — гэта стварэнне справаздачы і прэзентацыі. Апошні — прадстаўленне работы, калі кожная каманда раскажа, чаго дасягнула, якімі ме­тадамі, якія зра­біла вынікі і г.д.

Ягор Доўгі, навучэнец 11 “А” класа сярэдняй школы № 30 Гомеля. Вучыцца па напрамку “Прамысловая робататэхніка”.

“Я 4 гады займаўся робататэхнікай LEGO EV3, потым быў год прастою, а сёлета перайшоў на Arduino. Сышоў на год, бо думаў, што ў 10 класе будзе мала часу. Мой таварыш па камандзе з’ехаў у іншы горад, ды і я пачаў заўважаць, што EV3 — больш дзіцячы напрамак.

Паехаць у тэхнапарк мне параіў настаўнік. Я вырашыў, што гэта крута: можна атры­маць больш вопыту ў тэме, якая мяне цікавіць. Не памыліўся. Выкладчыкі ў нас кваліфікаваныя, важатыя вясёлыя. На занятках большасць для мяне — новае і пазнавальнае. Напрыклад, веды пра прэзентацыю праекта спатрэбяцца і ў школе, і на конкурсах.

Сарыентавацца мне было лёгка, бо я чалавек, які любіць паразмаўляць, тым больш тут сабраліся падлеткі па цікавасцях, агульныя тэмы заўсёды можна знайсці.

Самае складанае, што падзеі мяняюцца вельмі хутка, столькі ўсяго запланавана на дзень. І сон па раскладзе. Дома кла­дзешся, калі захочаш, а тут трэба прытрымлівацца рэжыму”.

“З сабой яны забя­руць устройства, якое распра­цуюць і змадэлююць, — гаворыць Сяргей Сяргеевіч. — Робаплатформы разнастайныя, і мы стараемся не прывязваць дзяцей да канкрэтнай, а вучым іх працаваць з любой”.
24 дні дастаткова для таго, каб даць базавыя веды і абазначыць напрамак развіцця. Калі дзіцяці гэта цікава, яно будзе самастойна больш паглыблена вывучаць гэтыя тэмы. А педагог у дапамогу прадаставіць спіс літаратуры. Для тых вучняў, хто захоча стварыць большы праект, ёсць варыянт дыстанцыйнага навучання, калі яны на 3 месяцы прывязваюцца да ўніверсітэта і працуюць.

Тэорыя, творчыя задачы, праект

Сяргей Лістападаў таксама мае вопыт работы са старшакласнікамі. Пры БДУІР 5 гадоў дзейнічае Акадэмія інфарматыкі для школьнікаў, дзе ён выкладае.

Курс па вэб-дызайне дзе­ліцца на два этапы: з 1 па 10 лютага заняткі право­дзіць спецыяліст вучэбнага аддзела Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Сяргей Лістападаў, а з 11 па 23 лютага — выкладчык дысцыплін агульнапрафесійнага і спецыяльнага цыклаў філіяла БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж” Дар’я Карповіч.

Аляксандр Жылюк, навучэнец 10 “Б” класа сярэдняй школы № 14 Пінска. Вучыцца па напрамку “Web-дызайн”.

“Цікавасць да ІТ-тэхналогій з’явілася ў 6 класе, тады якраз пачыналася інфарматыка ў школе. Мне падабаўся гэты прадмет, былі поспехі, настаўнік гэта заўважыў і пачаў мяне падтрымліваць. Я вывучаў усё наперад: у 7 класе мае веды па інфарматыцы былі на ўзроўні 10—11 класа. Займаўся дадаткова, глядзеў відэа на YouTube пра вэб-распрацоўку і так вучыўся. Потым набыў курс на паўгода, за гэты час моцна павысіў свае веды, і мяне, у прынцыпе, можна было называць вэб-распрацоўшчыкам. Выкладчыкі разумеюць, які ў мяне ўзровень, і даюць тыя веды, якія будуць новымі і карыснымі.

Усе людзі тут новыя. Ёсць два чалавекі з майго горада, але да гэтага мы не былі знаёмы. Наладжваць сувязі ў такім вялікім калектыве мне няцяжка. Хутка пазнаёміўся з усімі, асвоіўся ў новым асяроддзі, адчуваю сябе добра і спакойна. Калі б гэта было некалькі гадоў назад, мне было б цяжэй. Але за гэты час я прачытаў многа кніг, самаразвіваўся, пачаў па-іншаму ўсё ўспрымаць, ведаю, як рэагаваць на розныя сітуацыі і трымаць сябе ў руках. Тым больш гэта не першыя мае выезды. Я займаўся шахматамі, футболам, часта бываў на спаборніцтвах.

Мне падабаецца наш расклад. Добра, што ў першай палове дня мы засяроджаны на адным прадмеце, і 4 гадзіны — лепшая працягласць. Было б больш часу, прадукцыйнасць упала б, менш — не хапіла б часу для навучання.

Хачу, каб праграмаванне было маім хобі. Не хачу працаваць у гэтай сферы дзеля грошай. Калі ў мяне будзе жаданне нешта зрабіць і я атрымаю ад гэтага задавальненне, то зраблю. Зараз мяне цікавіць бізнес і развіццё медыйнасці. Пакуль глабальных ідэй няма, але ў найбліжэйшы час планую запусціць свой інтэрнэт-магазін, дзе будуць тавары, якія я лічу цікавымі. Напрыклад, наклейкі на банкаўскія карткі і трэкі на шкле”.

“Праграма складзена хутчэй не як адукацыйная, а як праектная. Дзеці паглыбляюць свае веды і развіваюць здольнасці. Выкладчыкі вядуць вучняў і дапамагаюць ім, — расказвае Сяргей Лістападаў. — Школьнікі самі выбіраюць тэму, якая іх цікавіць, і рэалізоў­ваюць праект. Тэмы рознабаковыя: сайт — лінія часу, прысвечаны камп’ютарным гульням, вэб-дадатак для дзіцячага тэхнапарка Teamleaders пра важатых, якія працуюць зараз і будуць потым; дадатак-дапаможнік для графічнага дызайнера; міні-гульня і інш. Часу, канечне, мала, але яго ў любым выпадку не хапіла б, нават калі б мы мелі 100 ці 1000 гадзін. Дзеці плануюць працягнуць праекты пасля заканчэння змены, а мы іх будзем у гэтым падтрымліваць”.

Ёсць у навучанні і невялікая тэарэтычная частка, каб нагадаць вучням некаторыя моманты ці адкрыць нешта новае. Педагогі чакалі старшакласнікаў рознага ўзроўню, таму падрыхтавалі два віды тэорыі: асноўны і паглыблены. Таксама яны ставяць творчыя задачы, каб дзецям было цікава на занятках.

За змену кожны зробіць невялікі дыпломны праект, а ў канцы прэзентуе і абароніць яго перад іншымі.


Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — гэта выдатнае месца для любога школьніка, апантанага прапанаванымі напрамкамі. Калі хтосьці баіцца знахо­дзіцца ў новым асяроддзі, тут можна зрабіць першы крок да пазбаўлення страху. Людзі з агульнымі інтарэсамі заўсёды знойдуць, пра што паразмаў­ляць. Калі хтосьці шукае матывацыю, педагогі і часовыя аднакласнікі паклапоцяцца пра гэта. Многім дапамагае станоўчы прыклад. Можна напі­саць яшчэ пра шмат “калі”, але няхай з імі лепш вызначаюцца самі вучні.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.