Беларусь і Іркуцкая вобласць Расіі павінны знайсці рэзервы для нарошчвання аб’ёмаў узаемнага гандлю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Іркуцкай вобласці Сяргеем Леўчанкам.
“У 2015 годзе нам удалося дасягнуць максімальных за апошнюю пяцігодку паказчыкаў тавараабароту, якія склалі $115 млн. Аднак у гэтым годзе адбылося значнае зніжэнне, як і паміж Расіяй і Беларуссю. Каб выправіць сітуацыю, нам, вядома, неабходна шукаць рэзервы для нарошчвання аб’ёмаў узаемнага гандлю. Эканоміка — гэта аснова любых адносін, таму, хочаш — не хочаш, давядзецца знайсці гэтыя рэзервы. А яны ёсць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Для паспяховай рэалізацыі пастаўленых перад Іркуцкай вобласцю задач прапаноўваецца больш актыўна выкарыстоўваць беларускія тавары і тэхналогіі.
“Лічу, што ёсць добрыя перспектывы для супрацоўніцтва па пастаўках вам кар’ернай, грузавой і іншай спецыяльнай тэхнікі, а таксама пагрузчыкаў для радовішчаў вугалю і іншых радовішчаў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Акрамя таго, мы гатовы пастаўляць вам сельскагаспадарчую, пасажырскую, дарожна-будаўнічую тэхніку, развіваць вытворчую кааперацыю, у тым ліку з прадпрыемствамі абаронна-прамысловага комплексу. Мы гатовы ствараць сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі вобласці і ісці тым шляхам, які пракладзены намі ўжо ў іншых рэгіёнах Расіі”.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь і Іркуцкая вобласць таксама павінны папрацаваць над пошукам узаемавыгадных сумесных праектаў у сельскай гаспадарцы.
Нягледзячы на значную аддаленасць Іркуцкай вобласці, заўважыў кіраўнік дзяржавы, ёсць перспектывы супрацоўніцтва і ў будаўніцтве. “У вас вельмі амбіцыйныя задачы: вы плануеце будаваць жылля да 1,5 млн кв.м у год. Вопыт у Беларусі ёсць. У свой час мы былі паказальным будаўнічым комплексам. Мы гэта не разгубілі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Перавага наша ў тым, што мы гатовы будаваць аб’екты пад ключ: ад праектавання да ўстаноўкі ўваходных дзвярэй”.
У сваю чаргу губернатар Іркуцкай вобласці Сяргей Леўчанка адзначыў, што Іркуцкая вобласць Расіі зацікаўлена супрацоўнічаць з Беларуссю ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і лесаперапрацоўцы.
“Паглядзеўшы на вашы прадпрыемствы і вынікі, мы хацелі б з вашым урадам, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання завесці больш канкрэтныя адносіны для таго, каб разам зрабіць некалькі праграм па тых відах прадукцыі, якіх нам пакуль не хапае ў рэгіёне”, — сказаў Сяргей Леўчанка.
Яшчэ адным напрамкам супрацоўніцтва можа стаць партнёрства ў прамысловай сферы. “Мы ў гэтым годзе паспелі ўжо дастаткова сур’ёзна пераарыентавацца на вашу тэхніку, якая канкурэнтаздольная не толькі з пункту гледжання якасці і прадукцыйнасці, але і цэн. У гэтым годзе больш як на 200% павялічваем пастаўкі з МАЗа ў Іркуцкую вобласць”, — звярнуў увагу губернатар.
У Іркуцкай вобласці размешчана самая вялікая ў Расіі лесасека. “Таму разам з міністрам ляснога комплексу мы да вас прыбылі, каб паглядзець сумесныя праекты па перапрацоўцы і здабычы лесу”, — сказаў Сяргей Леўчанка.
Іркуцкая вобласць плануе наладзіць супрацоўніцтва з Беларуссю і ў сферы здабычы прэснай вады. “У нас знаходзіцца возера Байкал — гэта 80% усёй прэснай вады ў Расіі. Мы сур’ёзна займаемся і інфраструктурай, і пытаннямі ачысткі, водаадвядзення і водазабеспячэння. У вас нядрэнны вопыт, добрыя азёры і тэхніка”, — дадаў губернатар.