Калі ў яслі-сад № 1 Дзятлава прыходзяць госці, яны адразу звяртаюць увагу на фотаздымкі, што размешчаны на сценах установы. На адных з іх адлюстраваны дзеці падчас вышывання. Прычым за рукадзеллем не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі. На іншых фотаздымках — выхаванцы падчас тэатральнай дзейнасці, якой у садзе таксама ўдзяляецца шмат увагі: зафіксаваны найбольш цікавыя моманты пастановак, рэпетыцый, развучвання дзецьмі роляў, вырабу імі атрыбутаў для спектакляў. За ўсёй гэтай сур’ёзнай работай — асоба выхавальніка, чалавека творчага і апантанага, Галіны Іванаўны Лішык, якая моц усіх сваіх захапленняў імкнецца перадаць выхаванцам.
Перадаць майстэрства ў спадчыну
“Аднойчы ў размове з дашкольнікамі старшай групы я высветліла, што большасць з іх не можа зрабіць нават просты шоў на тканіне, што ўжо гаварыць пра вышыванне! І прычына гэтага — хібы выхавання ў сям’і: бацькі дзецям нават дакранацца да іголак не дазваляюць. Толькі некаторыя з дзяцей змаглі ўсунуць нітку ў вушка іголкі і завязаць вузельчык на канцы ніткі. Параіўшыся з бацькамі і атрымаўшы іх згоду, вырашыла навучыць выхаванцаў сваёй групы некаторым прамудрасцям рукадзелля. Для гэтага арганізавала ў пакоі групы куток для ручной працы, які ўкамплектавала гатовымі вышыўкамі, альбомамі з узорамі розных гузікаў, швоў, тканін, драўлянымі іголкамі, з дапамогай якіх лягчэй і больш бяспечна вучыцца ўцягваць нітку, кардоннымі палоскамі з дзірачкамі, якія таксама неабходны для навучання шыццю. На адных з першых заняткаў па рукадзеллі расказала дзецям пра іголку, яе носік, вушка, навучыла зацягваць у яго нітачку, завязваць вузельчык. Аднойчы запрасіла на заняткі адну маму, якая працуе ў атэлье, і яна расказала дзецям аб правілах абыходжання з інструментамі для ручной працы. Мы наведалі з выхаванцамі атэлье, дзе яны пазнаёміліся з работай швачкі, закройшчыка, убачылі, як з тканін шыецца адзенне, як яго можна ўпрыгожыць вышыўкай і бісерам”.
Пры правядзенні практычных заняткаў з дзецьмі Галіна Іванаўна дзеліць іх на дзве падгрупы, з адной працуе сама, з другой — памочнік выхавальніка. Дзеці садзяцца па крузе, кожны з іх навідавоку. Першае, з чым знаёміць выхаванцаў Галіна Іванаўна, — шыццё іголкай наперад (дзеці шыюць торбачкі). Каб лінія шва атрымлівалася прамой, на тканіну папярэдне наносяць алоўкам намёткі і тканіну замацоўваюць у пяльцы. Педагог вучыць прышываць і гузікі, як з дзвюма, так і з чатырма дзірачкамі. Дзеці прышываюць іх да лялечных навалочак, кашуль і іншага адзення. Галіна Іванаўна заўсёды садзіцца побач з выхаванцамі, цярпліва тлумачыць ім, што і як трэба рабіць, далікатна параўноўвае работы дзяцей.
Ідэя зрабіць працэс шыцця творчым і захапляльным прыйшла сама сабой: набліжалася 8 Сакавіка, і неабходна было сваімі рукамі змайстраваць падарункі для мам і бабуль. Пачалі з вышывання простых узораў і традыцыйных кветачак, але паступова ўдасканальвалі работы: кветкі сталі рабіць з капронавых стужачак, а лісточкі вышывалі. Майстравалі нават карціны з маленькіх кавалачкаў рознакаляровай тканіны па сюжэтах вядомых казак, напрыклад, калабок на дарожцы каля елачкі прыпыняецца адпачыць. Вочкі калабку і шышачкі на елцы дзеці зрабілі з гузікаў — проста прышылі іх. Дапаўненнем да некаторых карцін служылі каралікі і паеткі. Вось якая кампазіцыя атрымалася “каля сажалкі”: на блакітным фоне прыгожы белы лебедзь з каралікаў, а яго акружае чарот. Дзеці з паетак нават літары выкладвалі і такім чынам лепш запаміналі іх. Выхавальнік папярэдне малявала абрысы літары, намазвала яе клеем, а дзеці потым на гэтую форму наклейвалі паеткі. Паеткамі ўпрыгожвалі і вырабы з пластыліну. Сюжэтныя карцінкі (напрыклад, па творах “Страказа і мурашка” і “Каля лукамор’я дуб зялёны”) выхаванцы Галіны Іванаўны ствараюць яшчэ і з дапамогай каляровага пяску, які фарбуюць харчовым фарбавальнікам.
“Ручная праца фарміруе ўседлівасць, развівае дробную маторыку рук, што непасрэдна ўплывае на развіццё маўлення дзяцей, — лічыць Галіна Іванаўна. — Акрамя таго, удасканальвае іх густ, фантазію і ўяўленне, выхоўвае пачуццё прыгожага. Набыўшы пэўныя навыкі ў рукадзеллі, дзеці нават самі прапаноўваюць тэмы для сваіх работ і выбіраюць матэрыялы для іх ажыццяўлення”.
Тэатр пачынаецца з вырабу лялек
У яслях-садзе № 1 Дзятлава шмат гадоў існуе дзіцячы тэатр “Маскі”. Галіна Іванаўна мае непасрэднае дачыненне да яго ўзнікнення, разам з дзецьмі яна вырабляла цацкі і лялькі, іншыя тэатральныя атрыбуты. Для гэтага выкарыстоўваліся старыя пальчаткі, рукавіцы, другасны матэрыял, нават пластыкавыя бутэлькі. Галіна Іванаўна майструе з дзецьмі лялек-марыянетак, роставых лялек, лялек бі-ба-бо і хусткавых лялек (галава ў іх з пап’е-машэ), лялек на лыжках, на конусах. Яна стварыла своеасаблівы “тэатр на талерках”: з аднаразовых талерак робяцца тварыкі розных персанажаў, да іх прымацоўваюцца палачкі (тулава, рукі) — і казку можна пачынаць. У працэсе такой дзейнасці дзеці знаёмяцца з рознымі відамі тэатраў (пальчыкавым, настольным, на фланелеграфе, з тэатрам бі-ба-бо, на конусах, на лыжках, з тэатрам роставых тэатральных лялек, з тэатрам ценяў і г.д.). Цацкі, зробленыя сваімі рукамі, атрымліваюцца больш душэўнымі, дзеці падбіраюць для іх адзенне, упрыгажэнні і ставяцца да іх як да нечага дарагога і важнага. Касцюмерная тэатра пастаянна папаўняецца яркімі, маляўнічымі касцюмамі для пастановак. У гэтым дапамагаюць бацькі. Яны, напрыклад, забяспечылі ўсім неабходным пальчыкавы тэатр, які паказвае дзействы па матывах розных казках і нават удзельнічаў у выставе “Цацка сваімі рукамі”, што праводзілася ў межах рэспубліканскага семінара “Гульня як сродак развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”.
“Да тэатральнай дзейнасці мы падводзім дзяцей паступова, — гаворыць Галіна Іванаўна. — Самыя маленькія спачатку ўважліва слухаюць творы мастацкай літаратуры з вуснаў выхавальніка, абмяркоўваюць разам з ім дзеянні галоўнага персанажа, вызначаць яго настрой. Таксама параўноўваюць учынкі казачных і рэальных персанажаў, іх маўленне, вучацца адрозніваць вершы ад прозы. Дзеці вельмі ўважліва разглядаюць ілюстрацыі ў кнігах, апісваюць іх, супастаўляюць з тэкстам твораў, дзеляцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным, выказваюць самастойныя пачуцці і думкі. Толькі тыя дзеці, якія ўмеюць уважліва слухаць меркаванне іншых, умею ць правільна яго ацаніць, могуць і самі паспяхова выказвацца. Мне вельмі падабаецца расказваць дзецям казкі, якія яны яшчэ не ведаюць. Дзеці проста не могуць наслухацца, а іх вочкі пры гэтым так цудоўна свецяцца. Дарэчы, уменне прыгожа чытаць у мяне спадчыннае. Выдатным чытальнікам была мая мама, яна стала першым дыпламантам на рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў у 70-х гадах. У мяне яе манера чытання і ўменне адмыслова перадаваць эмацыянальны стан герояў. Але я не проста чытаю ці расказваю дзецям казкі, я паказваю іх — дэманструю лялькі або карцінкі з адлюстраваннем пэўных эпізодаў. Памятаю, аднойчы чытала казку, а выхаванцы сядзелі прыцішаныя і глядзелі на мяне. Калі закончыла, за спінай пачуліся гучныя апладысменты — аказваецца, мае калегі таксама слухалі аповед”.
Перш чым зрабіць тэатральную пастаноўку, Галіна Іванаўна апрабуе сюжэт з дзецьмі падчас рухавых і сюжэтна-ролевых гульняў, ажыццяўляе своеасаблівую драматызацыю па тэкстах казак, у якой ёсць розныя практыкаванні, у тым ліку пантамімічныя, якія дазваляюць узгадняць рухі рук з сюжэтнай лініяй, развіваць кісцевую маторыку, а таксама ўменне ўяўляць па апісанні той ці іншы прадмет або героя, перадаваць характар і настрой. Выхавальнік разыгрывае невялікія вобразна-гульнявыя эцюды, якія вучаць дзяцей зносінам з рэальнымі людзьмі ў самых розных сітуацыях, перадаюць эмацыянальны стан чалавека з дапамогай мімікі і жэстаў, развіваюць логіку правільных паводзін. Некаторыя дзеці самастойна прыдумваюць пэўныя акалічнасці, дзеянні, сітуацыі, у якіх яны могуць аказацца, а потым па гэтых варыянтах разыгрываюцца эцюды.
Згодна з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі Галіна Іванаўна падбірае творы для тэатральных пастановак. Спачатку выбірае тыя казкі, якія дзеці самі вельмі хочуць паставіць, ролі таксама размяркоўвае з улікам іх пажаданняў. Затым пачынаецца работа з тэкстам і над асобнымі эпізодамі. Выхавальнік вучыць дзяцей не толькі перадаваць рухі казачных герояў, але перш за ўсё адчуваць партнёраў, якія знаходзяцца побач на сцэне, прытрымлівацца сюжэту. Для кожнага героя музычны кіраўнік сада Марыя Пятроўна Віннік падбірае музычнае суправаджэнне. Педагог нібы злучае эпізоды казак з адпаведнай музыкай. Галіна Іванаўна аддае перавагу і любіць ставіць павучальныя казкі, такія як “Казка пра непаслухмяную мышку”, “Ліса і казёл”, “Мех з яблыкамі”, “Ліса і журавель”, а таксама тэатралізаваць вершы, напрыклад, “Пра добрую мышку і мудрую котку”, “Калі нікога няма дома”. Героі твораў праяўляюць самыя супярэчлівыя якасці, знаходзяцца ў пастаяннай барацьбе: з дабрынёй і шчырасцю могуць змагацца хітрасць, прагнасць, пахвальба. У тэатральнай скарбонцы сада ёсць таксама пастаноўкі “Царэўна-жабка”, “Церамок” (на новы лад), “Муха-цакатуха”, “Золушка”, мюзікл “Пунсовая кветачка”, “Чараўнік Ізумруднага горада”, “Снежная каралева”, “Спячая прыгажуня”.
“Тэатральную дзейнасць сада ахвотна падтрымліваюць і бацькі. Яны прымаюць удзел у спектаклях, тэматычных вечарах: выконваюць ролі, становяцца аўтарамі тэкстаў, робяць дэкарацыі, — адзначае Галіна Іванаўна. — Праўда, у апошні час іх усё радзей запрашаем у якасці акцёраў, таму што ўсе ролі, нават самыя складаныя, з энтузіязмам выконваюць дзеці. Па чарзе стараюся задзейнічаць усіх выхаванцаў у залежнасці ад іх схільнасцей і інтарэсаў — адзін добра танцуе, другі спявае, трэці дэкламуе, а чацвёрты сёння — самы ўважлівы глядач. Старэйшыя дзеці звычайна самі любяць размяркоўваць ролі і дамаўляцца. З імі ўжо можна ставіць больш складаныя спектаклі, напрыклад, на аснове калажу з некалькіх літаратурных твораў”.
Цудоўны прыклад такой пастаноўкі — “Як лялькі дапамаглі Яначцы знайсці браціка Пакацігарошка”. Гэта казачнае падарожжа, своеасаблівы, вельмі прыцягальны тэатральны марафон па беларускіх народных казках. У аснове яго сюжэта — рух, пастаяннае дзеянне: Яначка доўга блукала па сцяжынках розных казак у пошуках свайго браціка Пакацігарошка, і ў рэшце рэшт лялькі дапамагаюць ёй у гэтым. Дзецям, якія праяўляюць вялікую цікавасць да тэатралізаваных пастановак і хочуць больш ведаць пра гэты від мастацтва, Галіна Іванаўна расказвае пра прызначэнне тэатра, пра дзейнасць людзей, якія ў ім працуюць, знаёміць з жанрамі тэатральнага мастацтва (драматычным, музычным, лялечным і інш), з гісторыяй узнікнення тэатра на Беларусі.
“З дапамогай тэатральнай дзейнасці развіваюцца пачуцці і эмоцыі выхаванцаў. Яны вучацца суперажываць героям, разумець прычыны, па якіх тыя робяць так, а не інакш, — падкрэслівае Галіна Іванаўна. — Любімыя героі становяцца прыкладам для пераймання, хаця здараецца, што некаторыя іх учынкі дзеці могуць і не прымаць. У выхаванцаў падчас ігры на сцэне хутчэй развіваецца маўленне, яно становіцца больш выразным і правільным. Дзякуючы тэатру, нават самыя сарамлівыя дзеці становяцца больш упэўненымі і разняволенымі. Да таго ж са сваімі спектаклямі і пастаноўкамі мы прымаем удзел у розных раённых конкурсах, напрыклад, у конкурсе дзіцячых тэатральных калектываў, а таксама паказваем нашы тэатральныя пастаноўкі ў іншых дашкольных установах.
Надзея ЦЕРАХАВА.