81-ю гадавіну хатынскай трагедыі ўспамінала ўся Беларусь. Асноўныя мерапрыемствы прайшлі ў знакамітым мемарыяльным комплексе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кіраўніцтва і супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, падведамасных устаноў, рэктарат, выкладчыкі і студэнты УВА ўсклалі кветкі і вянкі на тэрыторыі Хатыні, тым самым ушанаваўшы памяць пра 149 забітых карнікамі мірных жыхароў гэтай вёскі, сярод якіх было 75 дзяцей.
— Хатынь з’яўляецца сімвалам больш як 11 тысяч спаленых вёсак, малых населеных пунктаў, пра якія мы памятаем. Гэта не што іншае, як сімвал захавання памяці пра тых людзей, якія аддалі сваё жыццё, каб мы жылі ў незалежнай, суверэннай і квітнеючай Беларусі. Навучэнцы, школьнікі, студэнты павінны не проста памятаць гісторыю, але і разумець каштоўнасць міру і мірнага неба над нашай галавой. Важна, каб кожны з іх уносіў свой уклад у захаванне міру, у развіццё нашай Беларусі, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Па яго словах, у краіне для гэтага праводзіцца вялікая сістэмная работа з моладдзю. Напрыклад, кожная школа і каледж шэфствуюць над абеліскамі, пахаваннямі, помнікамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
— Сёння мы фактычна завяршылі тую работу, якую пачалі ў мінулым годзе па стварэнні музейных пакояў, асобных экспазіцый, прысвечаных перыяду Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа. Гэтая дзейнасць працягваецца сёлета ў частцы прысваення імён Герояў Савецкага Саюза нашым школам. Гэтая работа не хуткая, не імгненная. Яна вельмі вывераная, узважаная, каб пасля прысваення адпаведнага імя той ці іншай школе кожны вучань сапраўды разумеў, шанаваў памяць пра героя, ведаў праўдзівую гісторыю, з’яўляўся яе носьбітам, — паведаміў Андрэй Іванавіч.
У плане грамадзянска-патрыятычнага выхавання актыўна развіваецца і пошукавая дзейнасць. Ва ўстановах адукацыі Беларусі дзейнічаюць больш за 700 пошукавых аб’яднанняў. Разам з раённымі краязнаўчымі музеямі, цэнтрамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, воінскімі часцямі юныя пошукаўцы ўстанаўліваюць імёны загінуўшых салдат, мірных жыхароў. Важнай у гэтай сістэмнай рабоце з’яўляецца і дзейнасць ваенна-патрыятычных клубаў, ваенна-патрыятычных класаў.
Удзел прадстаўнікоў сістэмы адукацыі ў жалобным мітынгу на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Хатынь” ужо стаў добрай традыцыяй. Нязменна сярод тых, хто нясе кветкі да падножжа “Няскоранага чалавека”, выкладчыкі і студэнты галоўнай педагагічнай альма-матар краіны.
— Наш універсітэт, акрамя мерапрыемстваў, звязаных з наведваннем Хатыні, рэалізуе грамадзянска-патрыятычны праект, у рамках якога студэнты гістарычнага факультэта працуюць у мемарыяльным комплексе экскурсаводамі. Мы заключылі адпаведны дагавор з комплексам, і кожны год студэнты сустракаюць дэлегацыі, расказваюць ім гістарычную праўду. Мы ведаем, з якой гордасцю яны выконваюць гэтую пачэсную місію. Акрамя таго, у нас рэалізуецца праект “Зорны паход” па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Апошнія гады ён стаў інтэрнацыянальным: да нас прыязджаюць студэнты з універсітэтаў краін СНД. У наступны год 80-годдзя Вялікай Перамогі мы будзем праводзіць яго вельмі маштабна. Сёння ж мы разам з усёй краінай тут, у Хатыні, ушаноўваем памяць бязвінна забітых, — падзяліўся рэктар БДПУ Аляксандр Жук.
На думку Аляксандра Іванавіча, для сённяшніх студэнтаў, будучых педагогаў, вельмі важна пабываць у такіх месцах, як Хатынь, каб потым яны прыходзілі сюды са сваімі вучнямі і расказвалі ім гістарычную праўду пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод такіх маладых людзей і студэнт 2 курса гістарычнага факультэта БДПУ Арцём Чабоцька.
— Я не першы раз у Хатыні. У мінулым годзе разоў шэсць наведаў гэтае знакамітае месца, а яшчэ два разы, калі вучыўся ў сярэдняй школе № 12 Слуцка. Кожны раз, пад’язджаючы да мемарыяльнага комплексу, адчуваю асаблівую адказнасць. Калі падыходжу да скульптуры “Няскораны чалавек”, да Вечнага агню, бярозак, пасаджаных у памяць пра кожнага чацвёртага беларуса, які загінуў, то сэрца пачынае біцца мацней, апаноўвае пачуццё і страху, і болю. Калі стану педагогам, абавязкова буду прывозіць сюды школьнікаў, расказваць ім пра бязвінна забітых нацыстамі мірных жыхароў, — адзначыў будучы педагог.
Памятныя мерапрыемствы 22 сакавіка праходзілі не толькі ў Хатыні. У кожнай установе адукацыі на адзіным уроку школьнікі даведваліся пра трагічны лёс у тым ліку вёсак сваёй малой радзімы, якія былі знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Правядзенне такіх урокаў таксама стала добрай традыцыяй.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара