Сімвалы майго краю

- 14:48Краязнаўства

У Год малой радзімы мы з навучэнцамі вырашылі бліжэй пазнаёміцца з родным краем. Вясной і летам часта выбіраліся на прыроду, фатаграфавалі прадстаўнікоў нашай флоры і фаўны, працавалі з вызначальнікамі, шукалі інфармацыю пра цікавыя віды ў Чырвонай кнізе Беларусі і ў інтэрнэце. Цяпер дзеці ведаюць у твар рэдкія і ахоўныя віды нашай малой радзімы, могуць шмат расказаць пра іх. Мы падвялі вынікі сваёй работы, якімі хочацца падзяліцца з вамі.

Дзецям нашай вёскі вельмі пашанцавала, таму што нарадзіліся яны ў беларускім Палессі, сусветную вядомасць якому прынесла яго першародная прырода: некранутыя поймы рэк, унікальныя заліўныя лясы і дубравы, натуральныя нізінныя балоты, дзе жыве вялікая колькасць рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Так, шматлікія віды занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а некаторыя маюць міжнародную прыродаахоўную значнасць, і многія дзеці нашай краіны, на жаль, больш не сустрэнуць іх у жывой прыродзе.

Наша вёска раскінулася на беразе прыгожага возера Спораўскага, якое знаходзіцца на тэрыторыі Рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”, і мы маем магчымасць не толькі назіраць за рэдкімі, унікальнымі відамі, што жывуць тут пад аховай закона, але і нават сфатаграфавацца з некаторымі. Чаму толькі з некаторымі? А паспрабуйце зрабіць сэлфі з вяртлявай чаротаўкай ці белай чапляй! Гэтыя рэдкія птушкі вельмі асцярожныя і нікога не падпусцяць да сябе. І калі белую чаплю можна зняць здалёк, дзякуючы яе значным памерам, то вяртлявую чаротаўку мы нават ніколі не бачылі, хаця дакладна ведаем, што яна жыве зусім побач, за возерам. Нягледзячы на тое, што нам не ўдалося зрабіць здымак гэтай птушкі, абысці яе ўвагай мы не маглі. Справа ў тым, што гэты від знаходзіцца пад пагрозай татальнага знішчэння. Большая частка гняздоўяў чаротаўкі ў Беларусі сканцэнтравана на трох найбуйнейшых асаковых балотах Палесся — Дзікім, Званцы і Спораўскім. Гэтыя мясціны — найбольш значная тэрыторыя для захавання знікаючага віду, тут гняздуецца 5% сусветнай папуляцыі гэтай маленькай птушкі. Таму чаротаўку можна лічыць адным з галоўных сімвалаў нашага краю.

Некалькі гадоў назад у нашых мясцінах зрэдку сустракалася шэрая чапля. Потым сталі з’яўляцца яе белыя сёстры. З цягам часу іх у нашых мясцінах развялося шмат, нягледзячы на тое, што ў Беларусі гэтая птушка сустракаецца рэдка, занесена ў Чырвоную кнігу і нават мае міжнародны статус аховы. Сустракаюцца ў нас і асобныя экзэмпляры, і нават групоўкі, якімі шэрыя чаплі любяць збірацца на беразе возера Спораўскага ўвечары падчас палявання. Такую птушку цяжка не заўважыць. І не толькі з-за яе буйных памераў: вялікая белая чапля вельмі грацыёзная, мае доўгую, тонкую, крута выгнутую шыю, доўгія танюсенькія ногі і нагадвае фотамадэль. Такой прыгажосцю нельга не любавацца!

На нашым мясцовым балоце сустракаецца балотная чарапаха — адзіны прадстаўнік чарапах у Беларусі. Яна таксама занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі і мае міжнародны статус аховы. Зніжэнне колькасці гэтага віду звязана з радыкальнай трансфармацыяй і скарачэннем плошчы прыродных месцаў пражывання. А ў нашым заказніку чарапахі знаходзяцца пад надзейнай аховай ад гаспадарчай дзейнасці чалавека, ім тут падабаецца, таму што яны вельмі чуллівыя да фактараў трывогі. Толькі бяда падкралася з іншага боку — адкладзеныя ў пясок яйкі выкопваюць і знішчаюць лісы, што размнажаюцца на волі. І тут ужо чалавек, на жаль, нічым не дапаможа чарапахам. Гэтыя непрыметныя, можна сказаць, сціплыя жывёлы па праве мо-гуць называцца сімвалам не толькі нашай малой радзімы, але і ўсёй Беларусі, бо падобны да беларусаў па паводзінах — памяркоўныя, нікому не прыносяць шкоды.

Возера Спораўскае не толькі вельмі прыгожае, яно з’яўляецца родным домам для велізарнай колькасці раслін і жывёл, у тым ліку рыб. Пра апошніх хочацца расказаць асобна, бо з даўніх часоў насельніцтва нашай вёскі кармілася дзякуючы лоўлі і продажу рыбы. Для земляробства ў спораўцаў было вельмі мала ўрадлівай зямлі, бо вёска з трох бакоў была акружана балотамі, а з чацвёртага, паўднёвага, прылягала да возера. Таму ў спораўскага мужыка не хапала свайго хлеба і да Каляд. Яшчэ пры пане ў яго маёнтку былі пабудаваны лядоўні, дзе адлоўленая рыба замарожвалася і дастаўлялася ў такім выглядзе ў вялікія гарады да стала вяльможных асоб. Добра вядома і карыстаецца высокім попытам спораўская рыба і зараз, таму што вырошчваецца ў экалагічна чыстым прыродным вадаёме. Водзяцца тут акунь, плотка, шчупак, лінь, карась, ёрш, язь, лешч. На жаль, знікла цікавая і вельмі смачная рыба мянтуз, але вінавата ў гэтым глабальнае пацяпленне (для нерасту менавіта гэтай рыбы зімой неабходны вельмі нізкія тэмпературы, а спораўскія зімы сталі цёплымі). Ды вось дзіўная справа: з’явіліся ў нашым возеры новыя, не характэрныя для нашых мясцін віды рыб. Усё часцей рыбакам трапляецца судак, а то і зусім непрывычная сцерлядзь. Як высветлілася, трапіла да нас незвычайная госця дзякуючы доследнаму рыбгасу “Сялец”, які ў сваіх гадавальніках займаўся развядзеннем малькоў гэтай рэдкай для Беларусі рыбы. Мы, вядома, адпусцілі чырванакніжніцу на волю.

Пашанцавала нам сустрэцца і з такім прадстаўніком фаўны, як плывунец найшырэйшы. Так, менавіта пашанцавала, таму што гэты жук вельмі рэдка сустракаецца ў Беларусі, таксама мае міжнародны статус аховы. Пра яго распаўсюджванне ў нашым рэгіёне звестак у Чырвонай кнізе няма. Нам вельмі хацелася яго разгледзець. Як толькі мы ўзялі жука ў рукі, ён уключыў такую сірэну, што ад нечаканасці мы спалохаліся і выпусцілі яго з рук. Менавіта гэтага плывунец дабіваўся і адразу паляцеў па сваіх справах.

Мае навучэнцы доўга не маглі паверыць, што прывычная нам чаротавая рапуха таксама занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі і нават мае міжнародны статус аховы. Але пасля таго, як дзеці самастойна знайшлі пра яе ўсю неабходную інфармацыю, пачалі ставіцца да гэтай жывёлы больш паважліва. Цудоўнымі аказаліся і зробленыя імі здымкі — пагадзіцеся, чаротавая рапуха — прыгажуня!

Гэтым летам у нашым заказніку адбылася яшчэ адна цікавая гісторыя. З поўначы Беларусі прыбіўся да нас буры мядзведзь. Вырашыў пахарчавацца салодзенькім і разбурыў некалькі вулляў. За такія паводзіны мясцовыя леснікі “папрасілі” яго пакінуць тэрыторыю. Можа, ён захоча да нас вярнуцца?

Хочацца расказаць і пра экзатычную знаходку з царства грыбоў. Нам трапіўся грыб, назву якога мы спачатку нават не ведалі. Калі звярнуліся да спецыяльнай літаратуры па мікалогіі, высветлілася, што ў Беларусі такія грыбы не сустракаюцца. Звязаліся з навуковымі супрацоўнікамі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі. Яны дапамаглі нам ідэнтыфікаваць дзіўны грыб — гэта аказаўся mutinus ravenelii. Пачалі шукаць інфармацыю пра яго распаўсюджванне на нашым кантыненце. Высветлілася, што да пачатку Другой сусветнай вайны муцінус быў вядомы толькі ў Паўночнай Амерыцы. І ёсць меркаванне, што падчас вайны амерыканскія салдаты занеслі яго споры ў Еўропу на сваіх ботах. Цікава, што муцінус змешчаны ў Чырвоную кнігу, толькі не ў нашу, а ў расійскую, і ахоўваецца ў шэрагу іншых краін.

Пра раслінны свет нашай малой радзімы можна расказваць вельмі многа, але пачнём гутарку з усім вядомага венерынага чаравічка. Праўда, убачыць яго ў прыродзе ёсць магчымасць не ў кожнага. Мы зноў жа шчасліўчыкі! У нашым заказніку знаходзіцца адна з самых паўночных кропак архіднага пояса Палесся. У пачатку мая, падчас цвіцення нашай прыгажуні архідэі, мы адправіліся з фотаапаратамі ў заказнік. Там ёсць некалькі лакальных мясцін з 2—3 экзэмплярамі гэтай расліны. Тыя, хто бачыў такі цуд упершыню, былі ўражаны непрывычнай прыгажосцю. Кветка даволі буйная, асіметрычная, мае ўспухлую, накшталт чаравічка, губу. Але нам здаецца, што яна больш падобна на лапаць. Быццам бы сама прырода рабіла нашым продкам такія сюрпрызы — маленькія лапцікі ў падарункавым афармленні. Разам з вяртлявай чаротаўкай венерын чаравічак з’яўляецца самым вядомым і рэдкім прадстаўніком флоры і фаўны не толькі нашага рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Гэта сапраўдныя сімвалы нашай малой радзімы.

Нельга не расказаць і пра яшчэ адну нашу кветку — белы гарлачык. Распаўсюдзіўся ён па ўсім возеры Спораўскім і нават перайшоў на абводныя каналы. Здзіўляе не толькі прыгажосць кветкі, але і яе здольнасць, быццам у лотаса, кожны дзень падымацца з бруднай вады і глею, распускацца і заставацца чыстай і прыгожай, нягледзячы ні на што. Акрамя таго, белы гарлачык з’яўляецца прыродным гадзіннікам — распускаецца і закрываецца ў адзін і той жа час.

Як мы даведаліся з Чырвонай кнігі, яшчэ адзін прадстаўнік нашай флоры — жоўты гарлачык — у Брэсцкай вобласці сустракаецца на тэрыторыі толькі нашага заказніка. У нас ён таксама шырока распаўсюджаны, разам з белым гарлачыкам перабраўся з прыроднага вадаёма на штучна створаныя людзьмі абводныя каналы. А нам яшчэ і лепш — больш прыгажосці навокал! Зразумела, чаму кветка атрымала такую назву: пасля адцвітання яе песцік з насеннем унутры моцна разрастаецца і нагадвае па форме збанок-гарлачык.

Знайшлі мы ў нашым заказніку рэліктавы від раслін — канюшыну чырванаватую. Яе проста нельга не заўважыць. У параўнанні са звычайнай канюшынай, суквецці ў яе больш буйныя. Але галоўнае — гэта колер: пурпуровы, вельмі яркі, зусім не характэрны для нашых сціплых палявых траў.

Цікавая і багатая на прыродныя дзівосы наша родная старонка. Тут ёсць што паглядзець. Але ж мы любім яе не толькі за гэта. Для нас яна малая радзіма, любая сэрцу, мілая, родная, непаўторная. Іншай у нас не будзе.
Пасля самастойна праведзеных даследаванняў дзеці сапраўды былі здзіўлены і не маглі паверыць, што такія звычайныя, прывычныя іх воку з маленства расліны і жывёлы з’яўляюцца рэдкімі і ахоўнымі не толькі ў нашай краіне, але і маю ць міжнародны статус. І толькі калі навучэнцы самастойна пазнаёміліся з “героямі” роднага краю, адзначылі ўнікальнасць сваіх мясцін. Добра, што з’явілася нагода прыгледзецца да такога багацця. Давайце цаніць тое, што маем!

Валянціна ПАШКЕВІЧ,
настаўніца біялогіі Спораўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна.
Фота юных даследчыкаў.