Сінхроннасць дзеянняў

- 16:10Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У аўторак у Беларусь для ўдзелу ў пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы прыбыла дэлегацыя Расійскай Федэрацыі, якую ўзначаліў старшыня Урада гэтай краіны Д.А.Мядзведзеў. У праграму візіту было ўключана абмеркаванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і далейшае развіццё агульнай адукацыйнай прасторы паміж Расіяй і Беларуссю. З гэтай нагоды міністр адукацыі Беларусі С.А.Маскевіч сустрэўся з міністрам адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Д.В.Ліванавым. Сустрэча прайшла ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі з удзелам яго рэктара А.Х.Шкляра.

Супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю ў вучэбна-метадычным забеспячэнні прафесійнай адукацыі мае трывалыя карані. У інстытуце забяспечваецца навукова-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі, і тым самым ствараюцца адзіныя падыходы да падрыхтоўкі кадраў. Сёння ў РІПА вядзецца актыўная работа па распрацоўцы тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі, сродкаў навучання, непасрэдна вучэбна-метадычных комплексаў, якія з задавальненнем выкарыстоўваюць і нашы калегі з Расіі. У бліжэйшы час мяркуецца наладзіць такую ўзаемасувязь з расійскімі калегамі і ў выдавецкай дзейнасці вучэбна-дапаможнай літаратуры. У інстытуце зацікаўлены ў тым, каб падручнікі і дапаможнікі, якія выдаюцца сёння ў Беларусі і тычацца прафесійнай адукацыі, атрымалі грыф Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Адной з задач РІПА з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў сістэмы прафесійнай адукацыі. Сёння гэты кірунак ажыццяўляецца не толькі для ўстаноў прафесійнай адукацыі Беларусі, але і іншых краін, у тым ліку Расійскай Федэрацыі. Так, напрыклад, толькі за гэты год у РІПА прайшлі павышэнне кваліфікацыі прыкладна 200 чалавек з ліку выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання з устаноў прафесійнай адукацыі розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. На базе РІПА было праведзена пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб’яднання Прыволжскай акругі, савета дырэктараў устаноў сістэмы сярэдняй прафесійнай адукацыі Расіі.
— Як паказваюць маркетынгавыя даследаванні, з году ў год расце цікавасць расійскіх калег сістэмы прафесійнай адукацыі да нашых вучэбна-метадычных комплексаў, падручнікаў, тэхнічных і электронных сродкаў навучання, — паведаміў А.Х.Шкляр. — Сёння мы перадалі Казахстану 13 нашых падручнікаў для прафесійнай адукацыі і мяркуем у хуткім часе зрабіць гэта і для расійскіх калег. Акрамя таго, у час правядзення ІІІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін Садружнасці прайшло пасяджэнне Выканкама СНД, дзе было зацверджана палажэнне аб сеткавым каледжы. Базавай арганізацыяй для яго стварэння быў прызнаны РІПА. Таму мы вельмі зацікаўлены ў пашырэнні каардынацыйных функцый нашага інстытута па рабоце з іншымі ўстановамі прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі для стварэння такой установы.
Сеткавы каледж будзе працаваць для краін — удзельніц СНД і будзе трансліраваць адукацыйныя паслугі па інавацыйных тэхналогіях. Прынцып функцыянавання будзе наступным. Напрыклад, у расійскім Краснагорску дзейнічае навучальная ўстанова прафесійнай адукацыі, якая мае багаты вопыт па падрыхтоўцы спецыялістаў па нанатэхналогіях, у іншых навучальных установах ёсць істотныя напрацоўкі па іншых галінах.
Такім чынам сеткавы каледж будзе працаваць з установамі, дзе ёсць рэперныя кампетэнцыі, і перадаваць дыстанцыйна іншым краінам гэтыя перадавыя тэхналогіі.
З расійскім бокам былі разгледжаны пытанні адукацыйных і прафесійных стандартаў у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі да кваліфікацый, якія існуюць у Расійскай Федэрацыі.
— Сёння расіяне эфектыўна працуюць у гэтым кірунку, і нам ёсць што абмеркаваць і ў плане метадычнай падтрымкі прафесійнай адукацыі, — паведаміў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Нашы напрацоўкі вельмі сучасныя, але што тычыцца адпаведнасці іх канкрэтным прафесійным стандартам — неабходна многае ўдасканальваць. Сёння трэба вывесці на ўзровень нашых міністэрстваў некаторыя пытанні дзяржаўнага рэгулявання, каб забяспечыць пастаяннае ўзаемадзеянне двух бакоў у развіцці прафесійнай адукацыі.
С.А.Маскевіч заўважыў, што на парадак дня сустрэчы вынесены пытанні і магчымасці ўніфікацыі ЦТ і АДЭ.
— З нагоды стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза ўзнікае неабходнасць стварэння адзінага рынку, агульнай адукацыйнай прасторы, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Таму, безумоўна, паўстае пытанне якасці адукацыі, павышэння патрабаванняў да паступлення ў ВНУ, прычым гэтыя патрабаванні павінны быць адзінымі для абедзвюх краін, калі нашы грамадзяне хочуць вучыцца ў ВНУ Расійскай Федэрацыі, а расійскія грамадзяне — у беларускіх ВНУ. Таму нам вельмі важна выпрацаваць гэтыя адзіныя падыходы і механізм іх рэалізацыі.
Сёння ў Расіі выніковая ацэнка ведаў ажыццяўляецца праз адзіны дзяржаўны экзамен. Ён з’яўляецца адным і тым жа іспытам як для выпуску са школы, так і для паступлення ў ВНУ. У Беларусі выпускныя экзамены раздзелены, і выпускнікам школ трэба здаваць экзамены за курс агульнай сярэдняй адукацыі і потым праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне для паступлення ў ВНУ.
— Мы будзем абмяркоўваць змест і ўзровень гэтых тэстаў, як аптымізаваць гэтыя працэсы, каб максімальна задаволіць інтарэсы той моладзі, якая вырашыла вучыцца ў беларускіх або расійскіх навучальных установах, — паведаміў С.А.Маскевіч. — Сёння важная і тэма рынку працы, як працаўладкаваць моладзь дзвюх краін пасля заканчэння ВНУ. Наша дзяржава гарантуе першае рабочае месца для выпускнікоў ВНУ Беларусі, а калі наш грамадзянін скончыў ВНУ Расіі, то каб і ён быў забяспечаны працай па атрыманай спецыяльнасці.
Сістэмы вымярэння ведаў у абедзвюх краін розныя, і тэарэтычна яны не могуць быць прыраўнаваны, але на нейкіх этапах у асаблівых выпадках можна іх прыраўноўваць толькі ўмоўна, калі ёсць у гэтым неабходнасць. Спецыялісты сёння аналізуюць нашы сістэмы вымярэння ведаў, каб у выніку выбраць прымальны варыянт.
Д.В.Ліванаў высока ацаніў распрацаваныя ў РІПА сучасныя методыкі навучання прафесіям, скіраваныя на апярэджанне, каб рыхтаваць спецыялістаў для вытворчасці заўтрашняга дня.
— Нам цікавы вопыт беларускіх калег у гэтым кірунку, і мы спадзяёмся, што абмен перадавымі практыкамі паміж нашымі краінамі ў галіне прафесійнай адукацыі будзе адбывацца пастаянна, — адзначыў Д.В.Ліванаў.
У адрозненне ад метадычных службаў Беларусі, метадычная сістэма Расійскай Федэрацыі дэцэнтралізавана, бо прафесійная адукацыя развіваецца самастойна ў кожным рэгіёне краіны. Як адзначыў Д.В.Ліванаў, з аднаго боку, гэта добра, таму што Расія — вельмі вялікая і разнастайная краіна, мае шмат эканамічных укладаў і галін, і вельмі важна ўлічваць гэтую спецыфіку пры падрыхтоўцы кадраў. З другога боку, такая разрозненая сістэма не дазваляе стварыць адзінае метадычнае забеспячэнне, як у Беларусі. Таму вельмі важна пазнаёміцца са здабыткамі ў метадычнай сферы беларускіх калег, даведацца аб інавацыях і гэты вопыт максімальна выкарыстаць у сябе. Расійскі міністр пацвердзіў жаданне стварыць спрыяльныя ўмовы для паступлення абітурыентаў з Беларусі ва ўстановы Расійскай Федэрацыі і расійскай моладзі ў беларускія ВНУ. Для гэтага неабходна сінхранізаваць падыходы ва ўступных іспытах, зблізіць методыкі ацэньвання ведаў выпускнікоў школ Беларусі і Расіі.
Д.В.Ліванаву ў РІПА быў прадэманстраваны цікавы вопыт у падрыхтоўцы кадраў для машынабудавання, аўтасэрвісу, будаўніцтва. Расійскаму госцю было прадстаўлена вучэбнае і тэхнічнае аснашчэнне майстэрань і лабараторый па гэтых галінах, а таксама тыя інавацыйныя падыходы, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе прафесійнай падрыхтоўкі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.