Сістэма прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый удасканальваецца

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі прапануецца пашырыць спіс атрымальнікаў безнаяўных жыллёвых субсідый, паведамляе БелТА са спасылкай на газету “Рэспубліка”.

Як растлумачыў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, пашырэнне сістэмы прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый па выяўным прынцыпе мэтазгодна за кошт уключэння сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян, звесткі аб даходах якіх ёсць у інфармацыйных рэсурсах Мінпрацы і сацабароны. Гэта тыя, хто выхоўвае дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, даглядае дзіця-інваліда да 18 гадоў і атрымлівае дапамогу ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Таксама ў спіс атрымальнікаў субсідый магчыма ўключэнне тых, хто атрымлівае дапамогу па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Акрамя таго, у Мінжылкамгасе дапамогу дзяржавы ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг прапануюць зрабіць больш адраснай, гэта значыць, доля абавязковага плацяжу будзе змяняцца і залежаць ад сярэднедушавога даходу сям’і. Працэнт стане плаваючым: чым меншы даход сям’і, тым ніжэйшая для яе доля расходаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Субсідыю прапануюць разлічваць на падставе сярэднедушавога даходу.

Першыя сумы безнаяўных жыллёвых субсідый з’явіліся ў жыроўках у кастрычніку 2016 года. За апошні квартал мінулага года імі скарысталіся 2385 домаўладальнікаў на агульную суму Br35 тысяч. У першым паўгоддзі 2017 года дапамога ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг склала ўжо больш як Br426 тысяч.