Сістэмная патрэба ў інфарматызацыі

- 11:01Адукацыйная прастора

“Тыя настаўнікі і кіраўнікі, якія працавалі ў школе 25—30 гадоў назад, добра памятаюць зараджэнне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, з’яўленне такога прадмета, як “Інфарматыка”. Першапачаткова тэхнічная падтрымка гэтага працэсу і ўрока ажыццяўлялася толькі электронна-вылічальнымі сеткавымі калькулятарамі, — пачаў нашу размову Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, дырэктар сярэдняй школы № 1 Ашмян.

Сярэдняя школа № 1 Ашмян была першай у раёне, якая адважылася на адзіны даступны тады варыянт школьнага камп’ютарнага класа “Карвет” беларускай вытворчасці. Але нават такая тэхніка (вельмі простая з пазіцыі сённяшняга дня) патрабавала наяўнасці спецыяліста, якіх тады былі адзінкі. У першай ашмянскай школе такі спецыяліст быў.
Валерый Антонавіч Юкевіч працаваў настаўнікам матэматыкі. А па першай сваёй адукацыі быў лётчыкам грамадзянскай авіяцыі, дзе, як вядома, камп’ютарызацыя была не ў навіну. Дарэчы, сёння Валерый Антонавіч — намеснік дырэктара па інфарматызацыі Інстытута перападрыхтоўкі кіруючых кадраў БНТУ.
“Крыху пазней у школе з’явіўся і клас МК-88 вытворчасці “Інтэграл” з каляровым экранам і вінчэстарам галаўной машыны. Ну а набыты клас “Пентыум 1” у 1996 годзе здаваўся чымсьці фантастычным. З тых часоў наша школа змяніла ні адно пакаленне камп’ютараў і паслядоўна імкнецца ісці ў нагу з патрабаваннямі часу па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій як у вучэбна-выхаваўчым працэсе, так і ў кіраўніцкай дзейнасці.Тэхнічна гэта сёння забяспечваецца трыма сучаснымі камп’ютарнымі класамі з праграмным забеспячэннем, наяўнасцю камп’ютара ў 31 вучэбным кабінеце, 22 персанальных камп’ютараў адміністрацыі і ўсіх службаў, 5 інтэрактыўных дошак. Уся школа ўключана ў адзіную лакальную сетку з доступам кожнага камп’ютара ў хуткасны шырокапалосны інтэрнэт”, — паведаміў Міхаіл Мар’янавіч.
Дынамічнаму руху ў развіцці камп’ютарных тэхналогій спрыяла ўваходжанне школы ў інавацыйны праект па тэме “Укараненне мадэлі сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для развіцця адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. У гэтым праекце школа працавала з 2011 па 2014 год. Цяпер акрэсленая тэма развіваецца ў рамках рэсурснага цэнтра. З 2014 года школа ўключылася ў новы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння сацыялізацыі школьнікаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”.
Тэхнічнае абсталяванне без падрыхтаваных настаўнікаў само па сабе вынікаў не дасць, таму кіраўніцтва школы настойліва стварае ўмовы неабходнасці сістэмнага павышэння камп’ютарнай пісьменнасці педагагічнага калектыву. Апорай адміністрацыі ў ажыццяўленні гэтага працэсу з’яўляюцца настаўнікі інфарматыкі Таццяна Богдан, Сяргей Пашкевіч, інжынер-праграміст Андрэй Машуто.
“Дарэчы, усе яны з’яўляюцца выпускнікамі сярэдняй школы № 1 Ашмян. Калектыў першым у раёне мэтанакіравана рэалізоўваў задачу сертыфікацыі кожнага настаўніка як карыстальніка інфармацыйных тэхналогій. І сёння 93% педкалектыву і ўся адміністрацыя маюць сертыфікаты ў катэгорыях “Адміністрацыйная работа” і “Вучэбна-выхаваўчая работа”, — заўважыў дырэктар.
Для пастаяннага росту інфармацыйнай культуры неабходна пастаянная практыка. А гэта, як адзначыў Міхаіл Мар’янавіч, патрабуе стварэння такой сістэмы, якая падштурхне настаўніка да ўдасканалення, дасць магчымасць зразумець запатрабаванасць усяго тэхнічнага складніка. У школе спрацоўвае комплексны падыход у рэалізацыі гэтага пытання. Калі на пачатку ўкаранення пэўных навацый дамініраваў адміністрацыйны рэсурс, то пасля пачаў спрацоўваць творчы парыў самога настаўніка, запатрабаванасць новага працэсу вучнямі і бацькамі.
“Тры гады назад наша школа, вывучыўшы вопыт барысаўскіх калег, а таксама Ліцэя БДУ, уключылася ў дыстанцыйнае навучанне. Стваралася вучэбная база па курсах і тэмах, распрацоўваліся тэсты, фарміравалася база даных. Сёння ўжо відаць, што такая форма навучання запатрабавана навучэнцамі не толькі ў плане падрыхтоўкі да алімпіяд, пры пропусках урокаў, але і як дадатковая магчымасць для прадметных зносін з настаўнікам, дапрацоўка і замацаванне матэрыялу, аператыўнага ацэньвання, карэкцыі вучэбных праблем. Сёння амаль 500 навучэнцаў (з рознай ступенню актыўнасці) уключыліся ў дыстанцыйнае навучанне”, — працягваў Міхаіл Мар’янавіч.
У гэтым навучальным годзе школай паэтапна ўведзены электронны журнал і дзённік. Улічваючы, што для школы з 893 навучэнцамі гэта вельмі маштабная работа, яна вымагала пэўнага падрыхтоўчага этапу: сфарміраваць базу даных (спісы дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, раскладу, запрашальныя коды), правесці арганізацыйныя сходы з бацькамі. Але самым важным стала пераканаць настаўнікаў, пераадолець іх адмаўленне такога новаўвядзення, тым больш што некаторых дадатковых выдаткаў часу тут не пазбегнуць.
“Тэхнічных варыянтаў рэалізацыі гэтай ідэі было шмат, але рашэнне было прынята на карысць сайта, які, на погляд школьных спецыялістаў, бацькоўскіх камітэтаў, быў найбольш зручным і перспектыўным. Сайт забяспечвае доступ у любы час сутак, ён з бясплатным базавым пакетам і дадатковымі платнымі паслугамі, якія некаторымі бацькамі ўжо таксама запатрабаваны.
Запатрабаванасць электроннага дзённіка відавочная. З моманту рэгістрацыі сайта — 7 верасня 2015 года — на сённяшні дзень у нас каля 2000 карыстальнікаў, у тым ліку дырэктар і пяць чалавек са спіса адміністрацыі, 63 настаўнікі, 893 вучні, 1006 бацькоў, 3 карыстальнікі маюць права мадэратара. За дзень уносіцца больш за 2000 адзнак. Акрамя аператыўнай інфармаванасці, электронны журнал дазваляе рабіць аўтаматызаваны сістэмны аналіз паспяховасці па ўсіх напрамках (вучань, клас, прадмет, чвэрць, год). І класныя кіраўнікі, і настаўнікі-прадметнікі актыўна выкарыстоўваюць сайт электроннага дзённіка для каментарыяў, інфармаванасці бацькоў, рэкламы школьных мерапрыемстваў і іншага”, — расказаў дырэктар.
Школа ўбачыла і пралічыла яшчэ адну вельмі важную дэталь: чым больш інфармацыйная прастора будзе занята карыснай вучэбна-выхаваўчай дзейнасцю, якая абавязвае вучня, бацькоў яго выкарыстоўваць, тым менш вучань будзе блукаць без мэты і сэнсу ў сусветным павуцінні. А сістэмны абавязак, як вядома, мае ўласцівасць пераходзіць у сістэмную патрэбу. Настаўнік, пашыраючы поле актыўнага прымянення інфармацыйных тэхналогій, будзе развіваць сваю практыку, свой вопыт і не будзе адставаць ад вучня, становячыся з ім на адну прыступку як карыстальнік.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.