Сітуацыйныя задачы па біялогіі: ці дапамогуць ствалавыя клеткі пры каранавірусе?

- 16:11Образование, Портфолио

Выкарыстанне сітуацыйных задач павышае цікавасць навучэнцаў да вывучэння прадмета, пашырае біялагічныя веды школьнікаў.

З дапамогай сітуацыйных задач прапаноўваю навучэнцам асэнсаваць рэальную жыццёвую сітуацыю, апісанне якой не толькі адлюстроўвае пэўную практычную праблему, але і актуалізуе комп­лекс ведаў, якія неабходна засвоіць пры вырашэнні гэтай праблемы.

Важна, каб у задачы была прадстаўлена рэальная сітуацыя, якая стымулюе праяўленне разнастайных эмоцый (спачуванне, здзіўленне, радасць, гнеў і г.д.). Ствараючы сітуацыйныя задачы, неабходна ўлічваць узроставыя асаблівас­ці навучэнцаў. Праблема, якая ляжыць у яе аснове, павінна быць зразумелая вучню. Найбольш эфектыўна выкарыстоўваць сістэму ўзаемазвязаных сітуацыйных задач.

Да кожнай тэмы заняткаў па вучэбным прадмеце “Біялогія” мной распрацаваны сітуацыйныя задачы, якія абапіраюцца на цікавыя факты пра Беларусь. Разгледзім прыклады такіх задач.

6 клас. Палавое размнажэнне арганізмаў

Самы масавы від сярод каштоўных рыб, якія вырошч­ваюцца ў Беларусі, — радужная фарэль. Радужная фарэль адкладвае 2000 ікрынак на 1 кг масы цела (маса цела радужнай фарэлі дасягае прыблізна 8—16 кг). Палавой спеласці радужная фарэль дасягае да 4 гадоў жыцця. У сажалкавай гаспадарцы смеццевая рыба ратан наносіць шкоду рыбаводству, ядучы малькоў радужнай фарэлі. Да моманту палавой спеласці (узрост асобіны — 2 гады) ратан дасягае масы цела 300 г, адкладвае каля 1000 ікрынак на водную расліннасць, пасля чаго самец ахоўвае іх.

Ацаніце тэрміны палавога паспявання, пладаві­тасць, інстынкт самазахавання ў каштоўнай прамысловай рыбы — радужнай фарэлі і смеццевай рыбы — ратана, якія жывуць у беларускіх рэках.

У гэтым прыкладзе закранаецца тэма “Смеццевыя рыбы”, якіх у рэках Беларусі ў сувязі з пацяпленнем клімату стала шмат. Ратан — гэта смеццевая рыба. Яе відавая разнастайнасць стала вышэйшай, але новыя віды рыбы якасна саступаюць абарыгенным відам. Акрамя таго, яны знішчаюць ікру рыбы мясцовай фаўны (фарэлі радужнай), якую вырошчваюць у рыбных гаспадарках.

Другое пытанне, якое можна ўзняць, — чаму ў гаспадарках вырошчваюць фа­рэль радужную, а не фарэль ручаё­вую. Фарэль ручаёвая занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Фарэль радужная не патрабавальная да колькасці кіслароду ў ва­дзе, а беларускія рэкі і вадаё­мы змяшчаюць мала кіслароду.

7 клас. Уводзіны. Разнастайнасць жывых арганізмаў.
Роля біялагічных ведаў у жыцці чалавека

  1. Беларускія вучоныя вывелі новыя сарты ўнікальных раслін. Дзякуючы інтрадукцыі, некаторыя прыправы ў нацыянальных стравах ужо не прывазныя, а свае. Вучоныя Цэнт­ральнага батанічнага саду НАН Беларусі і яго лабараторыі інтрадукцыі драўнінных раслін і біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў працуюць над вывучэннем раслін, якія ўвезлі з іншых рэгіёнаў. Зялёных гасцей (потым ужо і пастаяльцаў) у Беларусь прывозяць з розных куткоў свету: Далёкага Усходу, Паўночнай Амерыкі, Кітая, Каўказа. Адтуль прывезлі прывычныя воку беларуса таполю, каштан, чырвоны дуб. Апошні від аказаўся інвазійным: ён вельмі лёгка і хутка распаўсюджваецца, а значыць, можа выцесніць беларускія дубы — дуб чарэшчаты і дуб скальны. Назавіце станоўчыя і адмоў­ныя характарыстыкі інтрадукцыі раслін у Беларусь.
  2. Якая з пералічаных раслін не з’яўляецца “карэнным жыхаром” Беларусі:

а) ясень, б) асіна, у) бэз, г) рабіна, д) чаромха?

З якой мэтай была ўвезена гэтая расліна з Далёкага Усходу? Ці ёсць закон, які абараняе расліну ад масавага знішчэння?

(Адказ: абломліваць бэз, як і іншыя кусты, якія растуць у горадзе, забаронена законам “Аб раслінным свеце”. За такую правіннасць прадугледжаны штраф ад 5 да 50 базавых велічынь — ад 185 да 1850 рублёў.)

8 клас. Агульная характарыстыка класа Ракападобныя.
Знешняя будова і лад жыцця рачнога рака

У нашай краіне жывуць 3 віды ракаў: рак рачны шыракапальцы, рак рачны вузкапальцы, рак рачны амерыканскі. Апошні від з’яўляецца інтрадуцэнтам, завезеным з Канады, які паспяхова стаў выцясняць мясцовы від — рака рачнога вузкапальцага. З 2015 года ў спісах Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца рак рачны шыракапальцы. Якія прычыны паслужылі скарачэнню колькасці гэтага віду? Што вы зробіце, калі выпадкова ў вашы сеткі трапіць рак рачны шыракапальцы? Па якіх прыметах вы адрозніце рака рачнога шыракапальцага ад іншых відаў рака? Што вы зробіце, калі ў вашым улове апынецца рак рачны шыракапальцы?

9 клас. Імунная сістэма

Біятэхналогіі ўваходзяць у лік навуковых прыярытэтаў Беларусі, паспяхова развіваюцца дзякуючы падтрымцы дзяржавы. Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Ганчароў расказаў аб даследаваннях беларускіх вучоных у галіне барацьбы з COVID-19.

На базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска ў супрацоўніцтве з БДМУ ў пратаколе лячэння цяжкіх пацыентаў з каранавіруснай інфек­цыяй выкарыстоўвалі наступную методыку: уводзілі пацыентам унутрывенна ствалавыя клеткі. Ці змогуць ствалавыя клеткі дапамагчы пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй? (Адказ: ствалавыя клеткі могуць садзейні­чаць аднаўленню пашкоджаных тканак, у тым ліку лёгачнай.)

10 клас. Ядавітыя жывёлы

Колькасць беларускай папуляцыі звычайнай гадзюкі складае прыкладна 500—550 тысяч асобін, а без шкоды для прыроды штогод можна здабываць 12—15 тысяч дарослых змей. Калі ад дзвюх соцень змей можна атрымаць 1,5 г змяінага сухога яду, то колькі за адзін надой можна атрымаць змяінага яду ад цэлай папуляцыі змей? (Адказ: 75 грамаў.) Колькі грошай можна зарабіць краіне, калі адзін грам змяінага яду каштуе 800 долараў? (Адказ: 60 тысяч долараў.) Колькі грошай можна зарабіць краіне, калі даіць змей 1 раз на два тыдні? (Адказ: 1 440 000 долараў у год ад аднаго серпентарыя.) Дзе сканцэнтраваны асноўныя рэсурсы змяінага яду? (Адказ: асноўныя рэсурсы сканцэнтраваны ў раёнах з буйнымі лесабалотнымі масівамі на Палессі і ў Віцебскай вобласці.)

11 клас. Арганічныя рэчывы. Амінакіслоты. Бялкі

Сучасны беларускі навучэнец павінен мець уяўленне аб навуковым падыходзе да здаровага харчавання. Здаровае харчаванне — гэта асноўнае прафілактычнае мерапрыемства ад усіх хвароб.

Запасы амінакіслаты аланіну арганізм папаўняе пераважна з мясных і рыбных прадуктаў. Харчаванне з’яўляецца не адзінай крыніцай гэтага рэчыва, арганізм самастойна здольны яго сінтэзаваць. Аптэчны аналаг аланіну, як правіла, лічыцца бяспечным для людзей, але можа выклікаць пабочны эфект — паколванне скуры. Аланін — амінакіс­лата, якая з’яўляецца адным з манамераў карназіну, які можа ўзмацніць вынослівасць і прадухі­ліць хуткае старэнне арганізма. Колькасць аланіну (колькасць грамаў на 100 грамаў прадукту харчавання) у некаторых прадуктах харчавання наступная: ялавічына — 3,9; рыба — 2,6; дрожджы — 2,3; кураня — 2,2; сушаныя белыя грыбы — 1,9; сланечнік — 1,8; соя — 1,7; пятрушка — 1,5.

Прааналізаваўшы даныя па колькасці аланіну ў некаторых прадуктах харчавання, зрабіце выснову, якія прадукты харчавання больш карысныя для нармальнага росту і развіцця падлетка. Калі ў вас будзе выбар, то якое мяса вы купіце: мяса кураняці, свініну ці ялавічыну?

Ірына НОВІК,
настаўніца біялогіі
і медыцынскай падрыхтоўкі
сярэдняй школы № 126 Мінска
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ