Цяперашняя сітуацыя характарызуецца наладжваннем добрых адносін паміж еўрапейскімі дзяржавамі, Беларуссю і Чэхіяй перш за ўсё. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Чэхіі Любамірам Зааралекам.
“Мне прыемна з вамі сёння сустракацца. Ніколі не лічыў ні Чэхаславакію, ні Чэхію, ні Славакію чужымі для нас дзяржавамі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што раней паміж Беларуссю і Чэхіяй шмат было агульнага. “Не скажу, што ўсё было бязвоблачна, але больш, я лічу, было добрага, чым дрэннага ў нашых адносінах, хоць і азмрочвальных фактараў было даволі шмат”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
“У гісторыі шмат было станоўчага і адмоўнага, — прадоўжыў прэзідэнт. — Мы павінны рабіць з гэтага адпаведныя высновы. Я гэта сказаў для таго, каб падвесці вас да думкі, што ўсё ж такі мы знайшлі ў сабе сілы змяніць сітуацыю і цяперашняя сітуацыя характарызуецца наладжваннем добрых адносін паміж еўрапейскімі дзяржавамі, Беларуссю і Чэхіяй перш за ўсё”.
Прэзідэнт Беларусі асабліва адзначыў важную ролю Чэхіі ў вызначэнні еўрапейскай палітыкі.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Чэхіі выказаў меркаванне, што настаў час пачаць новую главу ў адносінах Беларусі і Чэхіі.