Сітуацыя ўздоўж лініі сутыкнення застаецца напружанай

- 10:44Інфармацыйная гадзіна

Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Сайдзік на брыфінгу ў Мінску адзначыў цяжкую сітуацыю ўздоўж лініі сутыкнення ў Данбасе.

“Захоўваецца напружаная сітуацыя ўздоўж лініі сутыкнення”, — сказаў Марцін Сайдзік. Ён канстатаваў шматлікія выпадкі парушэння існуючых дамоўленасцей, якія тычацца рэжыму спынення агню і адвядзення цяжкага ўзбраення.

Паводле слоў дыпламата, грамадзянскія і ваенныя страты ў гэтым рэгіёне з’яўляюцца вынікам абстрэлу з прымяненнем цяжкага ўзбраення. “Гэтае ўзбраенне не павінна там знаходзіцца, яно павінна быць адведзена ў адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі”, — падкрэсліў Марцін Сайдзік. Паводле яго слоў, эфектыўнасць рэалізацыі пагаднення па адвядзенні цяжкага ўзбраення вымушае жадаць лепшага ва ўсіх адносінах.

“Асаблівая ўвага была ўдзелена вызначэнню новых участкаў па развядзенні сіл і сродкаў”, — расказаў спецпрадстаўнік АБСЕ. Ён выказаў надзею, што ў найбліжэйшыя дні адбудзецца развядзенне сіл ля Станіцы Луганскай.

Акрамя іншага, Марцін Сайдзік выказаў занепакоенасць наконт нявырашаных пытанняў з вода- і энергазабеспячэннем у Луганскай вобласці. Паводле яго слоў, гэтую сітуацыю разглядала на пасяджэнні гуманітарная падгрупа.